Дата публикации

Для чаго праводзяцца вучэнні АДКБ у Беларусі і якую ролю адыгрывае наша краіна ў гэтай арганізацыі

Сумеснае аператыўна-стратэгічнае вучэнне “Баявое братэрства-2023” адбудзецца на тэрыторыі Беларусі з 1 па 6 верасня. У агульнай задуме плануюцца сумесныя і спецыяльныя вучэнні, якія ўключаюць падрыхтоўку розных кампанентаў войск (Калектыўных сіл) АДКБ. У вучэннях будуць прымаць удзел Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання АДКБ, сілы і сродкі разведкі ўзброеных сіл дзяржаў – членаў АДКБ, сілы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння войск АДКБ, а таксама сумеснае фарміраванне радыяцыйнай, хімічнай, біялагічнай абароны і медыцынскага забеспячэння АДКБ. Вучэнні пройдуць на палігонах і ўчастках мясцовасці Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. З 1 па 6 верасня ў Астравецкім раёне Беларусі пройдуць вучэнні па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі насельніцтва ў межах спецыяльных вучэнняў выратавальных падраздзяленняў краін АДКБ “Скала-2023”. Для чаго праводзяцца гэтыя вучэнні і якую ролю сёння іграе Беларусь у АДКБ, у інтэрв’ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў ваенны аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Чарнабай.

- Андрэй Іванавіч, Беларусь як краіна, якая старшынствуе ў бягучым годзе ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, у верасні прымае на сваёй тэрыторыі шэраг вучэнняў АДКБ. Наколькі іх правядзенне важна для Арганізацыі цалкам і для нашай краіны ў прыватнасці?

- Сапраўды, будучая восень будзе напоўнена значнымі для АДКБ мерапрыемствамі. У верасні на беларускіх палігонах праводзяцца сумесныя аператыўна-стратэгічныя вучэнні войск (Калектыўных сіл) АДКБ “Баявое братэрства-2023”. У кастрычніку Мінск прыме міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўню “Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў свеце, які трансфармуецца”.

АДКБ з’яўляецца абарончай структурай, пагэтаму вучэнні, якія праводзяцца, накіраваны выключна на забеспячэнне калектыўнай бяспекі. Падчас канферэнцыі плануецца намеціць перспектыўныя контуры бяспекі на еўразійскай прасторы ў няпростых ваенна-палітычных умовах сучаснасці. Вынікі правядзення гэтых мерапрыемстваў у пэўнай ступені стануць ацэнкай эфектыўнасці старшынства Беларусі ў АДКБ.

Ваенныя вучэнні заўсёды лічыліся вышэйшай формай аператыўнай і баявой падрыхтоўкі войск і органаў кіравання, своеасаблівым экзаменам для іх удзельнікаў. Менавіта на вучэннях правяраецца баявая зладжанасць радраздзяленняў, адпрацоўваюцца розныя формы і спосабы вядзення баявых дзеянняў, праходзяць абкатку новыя ўзоры ўзбраення і тэхнікі. На вучэннях АДКБ, якія павінны адбыцца, усе пералічаныя элементы таксама знойдуць сваё адлюстраванне.

Вядома, што ў межах вучэння “Баявое братэрства-2023” адбудуцца сумесныя вучэнні з КСАР АДКБ “Узаемадзеянне-2023”, а таксама шэраг спецыяльных вучэнняў. На кожным з іх трэба будзе адпрацаваць важныя з пункту гледжання забеспячэння ваеннай бяспекі пытанні. Вынікам стане павышэнне практычных навыкаў ваеннаслужачых, паляпшэнне зладжанасці работы органаў кіравання, сіл і сродкаў у сумеснай аперацыі АДКБ.

- Калі такія вучэнні праводзяцца кожны год, ці значыць гэта, што іх пералік і пытанні, якія на іх адпрацоўваюцца, ужо ўстаяліся і сталі традыцыйнымі? Або дадаюцца нейкія новыя накірункі?

- Вучэнні сіл і сродкаў АДКБ “Узаемадзеянне”, “Пошук”, “Эшалон” адбываюцца рэгулярна, праходзяць на тэрыторыі ўсіх дзяржаў – членаў Арганізацыі і ўжо сталі неад’емным элементам міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва. Беларусь неаднаразова прымала такія вучэнні на сваіх палігонах, іх арганізацыя і правядзенне заўсёды атрымоўвалі высокую ацэнку з боку непасрэдных удзельнікаў і назіральнікаў.

Аднак рэгулярны характар вучэнняў зусім не значыць, што яны заўсёды адбываюцца па адным сцэнарыі, а практычнай адпрацоўцы падлягаюць адны і тыя ж пытанні. Мы бачым, як мяняецца характар сучаснай вайны, формы і спосабы вядзення баявых дзеянняў – усё гэта ўлічваецца пры планаванні вучэнняў. Уключаюцца новыя элементы, адпрацоўваецца прымяненне новых відаў узбраення, абарона ад іх, работа войск і штабоў ва ўмовах, якія змяніліся.

Бяспека ў больш шырокім паняцці таксама падвержана трансфармацыі. Напрыклад, у апошняе дзесяцігоддзе актуалізаваліся эканамічная і інфармацыйная бяспека. У 2020 годзе на першы план выйшла біялагічная бяспека, што нават атрымала адлюстраванне ў праекце абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Сёння для многіх дзяржаў у прыярытэце забеспячэнне ваеннай бяспекі.

Усе гэтыя змены адлюстроўваюцца на характары мерапрыемстваў АДКБ і нават прыводзяць да неабходнасці правядзення новых спецыяльных вучэнняў. У 2022 годзе ўпершыню было задзейнічана сумеснае падраздзяленне радыяцыйнай, хімчнай і біялагічнай абароны і медыцынскага забеспячэння АДКБ. У гэтым годзе, адказваючы на актуальныя выклікі бяспекі, на вучэнні “Скала-2023” адпрацоўваецца ліквідацыя наступстваў аварыі на ядзерным аб’екце.

- Як мы ўжо адзначылі, у верасні адбудуцца вучэнні АДКБ “Скала -2023”. Асноўная задача мерапрыемства – адпрацоўка навыкаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ядзерным аб’екце. Наколькі важна правядзенне дадзенага мерапрыемства? Наколькі ўзрастае пытанне забеспячэння ядзернай бяспекі ў свеце апошніх падзей?

- У адпаведнасці са Статутам АДКБ мэтамі Арганізацыі з’яўляюцца ўмацаванне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-членаў. Гэта дастаткова шырокія паняцці, якія ўключаюць не толькі фарміраванне сістэмы калектыўнай бяспекі ў ваеннай сферы, але і работу па шэрагу іншых накірункаў забеспячэння бяспекі.

Гэта барацьба з міжнародным тэрарызмам і экстрэмізмам, арганізаванай транснацыянальнай злачыннасцю, незаконным абаротам зброі, наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, нелегальнай міграцыяй. Важным накірункам з’яўляецца абарона насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, а таксама ад небяспек, якія ўзнікаюць пры правядзенні або як следства ваенных дзеянняў.

На прыкладзе спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне мы бачым, колькі рызыкаў і пагроз для насельніцтва нясуць ваенныя дзеянні ў індустрыяльна развітых рэгіёнах. Сёння ў кожным горадзе мноства прамысловых прадпрыемстваў, разбурэнне якіх можа прывесці да тэхнагенных катастроф, негатыўныя наступствы якіх людзі і прырода будуць адчуваць дзесяцігоддзямі. Зразумела, найбольшую пагрозу ў гэтым плане нясуць ядзерныя аб’екты.

Пагэтаму пытанні забеспячэння ядзернай бяспекі, падрыхтоўкі выратавальнікаў да правядзеня аварыйна-выратавальных работ высокай складанасці актуальныя для ўсіх дзяржаў. Нездарма адпрацоўка навыкаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ядзерным аб’екце, паляпшэнне ўзаемадзеяння між нацыянальнымі цэнтрамі кіравання ў крызісных сітуацыях і будуць задачамі спецыяльных вучэнняў выратавальных падраздзяленняў краін АДКБ “Скала-2023”.

- У гэтым годзе на вучэннях войск АДКБ у Беларусі адным з асноўных элементаў стане кіраванне БПЛА і барацьба з імі. Чаму ўзнікла такая цікавасць да гэтай тэмы і наколькі гэта сёння актуальна?

- Сапраўды, пытанні кіравання БПЛА і барацьба з імі ў апошнія гады набылі асаблівую актуальнасць. Беспілотнікі прымяняюцца не толькі для нанясення ўдараў па аб’ектах і жывой сіле праціўніка рознымі тыпамі боепрыпасаў, але і ў мэтах разведкі, назірання і рэкагнасцыроўкі, сувязі, карэктыроўкі агню, дастаўкі грузаў, у пошукава-выратавальных аперацыях, а таксама для рашэння іншых задач.

На постсавецкай прасторы найбольш ярка беспілотнікі паказалі сябе ў час узброенага канфлікту ў Нагорным Карабаху ў 2020 годзе. Новая старонка ў баявым прымяненні БПЛА адкрылася з пачаткам спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне. Усё больш папулярнай дзякуючы сваёй эканамічнай эфектыўнасці і высокай агнявой магутнасці становіцца тэхналогія “рою дронаў” – першыя прыклады іх прымянення мы ўжо назіраем у ходзе СВА.

Індустрыя беспілотнікаў увасабляе ў сабе навейшыя тэхналагічныя дасягненні ў галіне штучнага інтэлекту, мае значныя перспектывы для развіцця і практычнага выкарыстання не толькі ў паветры, але і на зямлі, на вадзе і пад вадой. Калі ў 2022 годзе сусветны рынак беспілотнікаў складаў каля $15 млрд., то да 2032 года эксперты прагназуюць яго рост да $29 млрд. г.зн. практычна ў два разы.

Сёння дзясяткі краін вырабляюць сотні тыпаў ваенных дронаў для самых розных мэт. Пры гэтым прадукцыя толькі нямногіх ключавых ігракоў атрымала міжнароднае прызнанне і заваявала экспартныя пазіцыі. Беларусь адна з першых сярод дзяржаў – членаў АДКБ арганізавала распрацоўку і вытворчасць уласных БПЛА, сродкаў барацьбы з беспілотнікамі, падрыхтоўку спецыялістаў. Мы маем добрыя перспектывы выхаду на сусветны рынак.

- У межах АДКБ для нас асаблівы інтарэс уяўляе супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй. Якая роля Беларусі і Расіі ў АДКБ? Наколькі важна Беларусі і Расіі праводзіць адзіную абарончую палітыку?

- Шматгадовае ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі па сваёй глыбіні, ахопу розных накірункаў і эфектыўнасці без перавелічэння з’яўляецца прыкладам для іншых дзяржаў – членаў АДКБ. Рэгіянальная групіроўка войск (сіл), адзіная сістэма СПА, кааперацыя на ўзроўні ваенна-прамысловых комплексаў дзвюх краін, сумесныя вучэнні, якія рэгулярна праводзяцца, - далёка не поўны пералік двухбаковага ўзаемадзеяння.

У межах АДКБ зонай сумеснай адказнасці Беларусі і Расіі з’яўляецца Усходне-Еўрапейскі рэгіён калектыўнай бяспекі. Калі яшчэ некалькі гадоў таму ўвага ў большай ступені была звернута на Каўказ і Цэнтральную Азію, дзе канцэнтраваліся асноўныя рызыкі і пагрозы, то сёння ў сілу негатыўнага развіцця ваенна-палітычнай абстаноўкі менавіта наш рэгіён стаў ключавым для забеспячэння калектыўнай бяспекі АДКБ.

У такіх умовах для нашых краін вельмі важна праводзіць узгодненую, адзіную абарончую палітыку. У гэтых мэтах у лістападзе 2021 года пастановай Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы была зацверджана Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы, якая вызначыла ваенна-палітычныя і ваенна-эканамічныя асновы забеспячэння ваеннай бяспекі, асновы арганізацыі і забеспячэня сумеснай абароны Саюзнай дзяржавы.

На сённяшні дзень у адпаведнасці з рашэннем прэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі арганізавана падрыхтоўка праекта Канцэпцыі бяспекі саюзнай дзяржавы. Непасрэднымі распрацоўшчыкамі з’яўляюцца саветы бяспекі дзвюх краін, у работу таксама актыўна ўцягнуты прадстаўнікі навуковай і экспертнай супольнасці. Ваенная бяспека стане адным з ключавых накірункаў, які знойдзе адлюстраванне ў гэтым дакуменце.