Эксперт назвала супрацоўніцтва Расіі і Беларусі ўнікальным фарматам
Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вольга Лазоркіна заявіла, што рэгіянальнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ўяўляе сабой унікальны фармат узаемадзеяння.
"Супрацоўніцтва па лініі рэгіёнаў Расіі з Беларуссю ўяўляе сабой у многім унікальны фармат. Перш за ўсё таму, што курыруецца асабіста кіраўнікамі дзяржаў. Гэта забяспечвае дынаміку развіцця і глыбіню прапрацоўкі дэталяў", - сказала эксперт.
Узаемны інтарэс
Яна звярнула ўвагу, што ў мінулым годзе можна было ўбачыць, наколькі вырасла зацікаўленасць абедзвюх краін у дадзеным фармаце, бо практычна кожны месяц расійскія губернатары наведвалі Беларусь і прымаліся кіраўніком беларускай дзяржавы.
"У фокусе ўвагі нашых краін мноства накірункаў, аднак не хаатычны рух па вырашэнні бягучых праблем, а вылучэнне прыярытэтных з выразным размеркаваннем функцый для другарадных", - падкрэсліла Лазоркіна.
Паводле яе слоў, дадзеныя тавараабароту між краінамі даказваюць, што іх эканомікі сталі ўзаемадапаўняльнымі. "Узаемны гандаль Беларусі і Расіі ў 2023 годзе склаў каля 53 мільярдаў даляраў. Прычым звыш 80% плацяжоў здзяйсняюцца ў нацыянальных валютах. Працягваецца праца над інтэграцыяй узаемнай інфраструктуры-фінансавай, аплатнай, біржавай", - працягнула аналітык.
Яна падкрэсліла, што нягледзячы на ярка выяўленую эканамічную асіметрыю, Беларусі ёсць, што прапанаваць Расіі. Акрамя сур'ёзнай прамысловай базы, навуковай школы і кадравага патэнцыялу, выключную важнасць мае разуменне агульных мэтаў руху, заўважыла Лазоркіна.
Яна заявіла, што "ў інфармацыйнай прасторы Беларусі і Расiі, на жаль, замацаваўся тэзіс аб тым, што паскарэнне інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы адбылося пад ціскам знешніх акалічнасцей". "Аднак зрабіць рывок без наяўнасці прававой, палітычнай і эканамічнай базы немагчыма. Прыняцце Дэкрэта аб асноўных напрамках рэалізацыі палажэнняў Дагавору аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ў 2021 годзе магло адбыцца толькі пры маштабным узгадненні пазіцый абодвух бакоў, гатоўнасці рухацца далей і наяўнасці базавага інтэграцыйнага партфоліа", - сказала суразмоўца.
Яна таксама адзначыла, што працэс імпартазамяшчэння ў рамках Саюзнай дзяржавы, які пачынаўся з вырашэння тактычных задач, сёння выйшаў на ўзровень стратэгіі. "Мегацэль-дасягненне тэхналагічнага суверэнітэту трывала замацоўваецца ў свядомасці асоб, якія прымаюць рашэнне, і знаходзіць сваё адлюстраванне ў праектах і дарожных картах. Акрамя стварэння вытворчых магутнасцяў, актыўна фармуюцца новыя кампетэнцыі прадпрыемстваў, ствараюцца магчымасці для вылучэння спецыялізацыі Беларусі, удасканальваецца кадравы патэнцыял", - сказала Лазоркіна. "Шырока развіваецца сумеснае інвеставанне", - дадала яна.
Форум рэгіёнаў
Эксперт нагадала, што 27-28 чэрвеня ў Віцебскай вобласці Беларусі пройдзе Форум рэгіёнаў дзвюх краін, які надасць новы імпульс развіццю супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. "У бягучым годзе Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе пад знакам інавацый. Галоўнае яго адрозненне ад папярэдніх будзе заключацца ў тым, што сёння сфармаваўся выразны запыт на новую эфектыўнасць. Таму так важна своечасова сфармуляваць і ўзгадніць яе крытэрыі, вызначыць ролю кожнага з удзельнікаў, выявіць слабыя ўчасткі і, магчыма, распрацаваць у далейшым праграмы каардынацыі", - падкрэсліла эксперт.
Паводле яе слоў, "існуючая база інтэграцыі дазваляе эфектыўна дзейнічаць у бягучых умовах, але відавочна, што дынаміка ў сусветнай эканоміцы і палітыцы не дазволіць паслядоўны рух". "Сёння час не толькі інавацый, навуковых прарываў, але і аператыўнасці ў іх укараненні. Акрамя таго, важна разумець, што рашэнне любой мегацэлі патрабуе сур'ёзных укладанняў у чалавечы капітал, а значыць, у фарміраванне новай якасці даверу з боку грамадзян Беларусі і Расіі", - дадала аналітык.
У межах Форума рэгіёнаў Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў 26 чэрвеня ў Віцебску арганізоўвае экспертную пляцоўку "Рэгіянальнае супрацоўніцтва. Формула поспеху", удзельнікі якой абмяркуюць магчымыя напрамкі рэгіянальнага развіцця і кропкі росту ў рэалізацыі рэгіянальнай палітыкі, прааналізуюць патэнцыял і рэзервы ўзаемадзеяння на ўзроўні рэгіёнаў і выпрацуюць свае прапановы. Яны разбяруць ключавыя трэнды рэгіянальнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў кантэксце развіцця бізнеса, малых гарадоў, сельскай мясцовасці, а таксама магчымасцей для моладзі.