Блізкія перспектывы далёкай дугі
Дамоўленасці ў дзеянні: пасля гістарычнага візіта Прэзідэнта Беларусі ў Зімбабвэ значна актывізаваліся гандлёва-эканамічныя адносіны паміж Беларуссю і Зімбабвэ.
Новай старонкай у адносінах Беларусі і Зімбабвэ эксперты называюць дзяржаўны візіт Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які адбыўся у пачатку года, у гэту афрыканскую краіну. Па выніках дасягнуты шэраг дамоўленасцей. Усе яны былі аформлены і ляглі ў дарожную карту паміж дзяржавамі. Дадзены аб’ёмны дакумент ахоплівае мерапрыемствы ў палітыка-дыпламатычнай, гандлёва-эканамічнай, сельскагаспадарчай галінах, ахове здаророўя, медыцыне, бяспецы, энергетыцы, па пастаўках і абслугоўванні тэхнікі. А сумарны эканамічны эфект візіту ацэньваецца прыкладна ў 200 млн.даляраў. Тады ж былі заключаны кантракты на пастаўку ў Зімбабвэ каля 4 тысяч адзінак беларускай трактарнай, сельскагаспадарчай і другой тэхнікі. Зараз бакі абмяркоўваюць новыя выгадныя кантракты.
Надзейны памочнік
На днях аўтарытэтнае зімбабвійскае выданне The Sunday Mail апублікавала артыкул пра тое, што ў краіне чакаецца рэкордны ўраджай збожжа. Мяркуецца, што ён перавысіць 440 тысяч тон. Здавалася б, звычайная навіна. Але сутнасць у тым, што дабіцца такога выніку дапамагае беларуская тэхніка. І гэта асабліва падкрэсліваюць афрыканскія партнёры. Па словах прадстаўніка міністэрства земляў, сельскай гаспадаркі, рыбалоўства, водных рэсурсаў і развіцця сельскіх селішчаў Зімбабвэ, збор пшаніцы практычна завершаны па ўсёй краіне. Каб хутчэй сабраць ураджай да пачатку сезона дажджоў, урад развярнуў навейшыя беларускія камбайны. Флагманскі зернеўборачны камбайн GS12 апрацоўвае як мінімум 40 гектараў за дзень. Выкарыстанне ўдасканаленай сельскагаспадарчай тэхнікі з Беларусі зрабіла ўборачную беспраблемнай, падкрэсліў прадстаўнік міністэрства. Ён дадаў, што закупка беларускай тэхнікі дапамагла палепшыць збор ураджаю і прынесла поспех уборачнай гэтага года.
Работаць на вынік
Адзначым, ва ўмовах знешняга ціску з боку Захаду, які не спыняецца, Беларусь зрабіла стаўку на ўзаемадзеянне з краінамі далёкай дугі, у тым ліку і Афрыкі. Кантынент сёння разглядаецца як найбольш выгадны сусветны ігрок у сярэднетэрміновай перспектыве. Пра гэта гаворыць і бурны эканамічны рост асобных дзяржаў. У Афрыцы ўжо фарміруюцца новыя цэнтры росту, якіх у бліжэйшы час стане яшчэ больш. І супрацоўніцтва з краінамі гэтага кантынента з’яўляецца перспектыўным для многіх дзяржаў. Беларусь не выключэнне. У апошнія гады прайшоў шэраг важных сустрэч на вышэйшым узроўні, значна актывізаваліся кантакты ў прамысловай сферы. Кіраўнік нашай дзяржавы паставіў задачу прыкласці максімальныя намаганні і значна нарасціць супрацоўніцтва з гэтым кантынентам, які развіваецца.
Асаблівую цікавасць уяўляе Зімбабвэ. Краіна мае вялікую колькасць насельніцтва, што вызначае прыярытэты ў сельскай гаспадарцы. Асноўная задача, якая зараз стаіць перад урадам афрыканскай краіны, - забеспячэнне нацыянальнай харчовай бяспекі. У гэтым накірунку вопыт Беларусі для яе вельмі важны. За апошнія гады выкананы вялікі аб’ём работы, які дазволіў выйсці на новы якасны ўзровень узаемаадносін між Беларуссю і Зімбабвэ. Гэта пацвярджаюць лічбы таваразвароту, які расце. З 2018 года ён павялічыўся ў восем разоў. Пры гэтым краіны не абмяжоўваюцца чыстым гандлем, а сумесна працуюць над імплементацыяй доўгатэрміновых інвестыцыйных праектаў у сферах сельскай гаспадаркі, лёгкай прамысловасці, здабычы карысных выкапняў, аховы здароўя, прамысловай кааперацыі. Гэта стала магчымым дзякуючы кантактам на самым высокім узроўні, адзначае аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Самавукін:
- У бліжэйшыя дзесяць гадоў Афрыканскі кантынент будзе развівацца хутчэй за іншыя рэгіёны свету як рынак збыту тавараў і паслуг. Зімбабвэ імкнецца павялічыць колькасць надзейных сувязей па ўсім свеце, і Беларусь з’яўляецца зручным партнёрам, у якога адсутнічае каланіяльнае мінулае і прэтэнзіі на геапалітычнае дамінаванне. Нягледзячы на розныя аб’ектыўныя складанасці, работа ў гэтай краіне прываблівая як для атрымання дывідэндаў ад рэалізацыі кароткатэрміновых праектаў, так і наладжвання супрацоўніцтва з афрыканскімі партнёрамі ў больш шырокім геаграфічным дыяпазоне. Галоўныя рэсурсы Зімбабвэ - выгаднае геаграфічнае становішча, запасы карысных выкапняў. Кліматычныя ўмовы ствараюць прадпасылкі для інтэнсіўнага развіцця сельскай гаспадаркі.
Аналітык звыяртае ўвагу, што важны рэсурс - насельніцтва, якое з’яўляецца сёння адным з самых адукаваных у Афрыцы, што стварае дадатковыя магчымасці для развіцця краіны:
- Беларуская адукацыя запатрабавана ў Зімбабвэ, як і ў Афрыцы цалкам, пра што сведчыць падпісанне ў маі гэтага года дарожнай карты на 2023-2025 гады ў сферы вышэйшай адукацыі і ўніверсітэцкай навукі паміж Мінскам і Харарэ. У Зімбабвэ запатрабавана беларуская сельскагаспадарчая тэхніка, маецца патрэба ў цяжкім, падземным і наземным горным абсталяванні, а таксама ў іншых матэрыялах, неабходных для шахт.
Па яго словах, акрамя прамых паставак, існуе патрэба ў мадэрнізацыі чыгунак і аўтамабільных дарог. У гарадской сферы запатрабаваны рашэнні ў сферы грамадскага транспарту.
- З улікам залежнасці Зімбабвэ ад імпарту электраэнергіі з суседніх краін доўгатэрміновым перспектыўным накірункам з’яўляецца будаўніцтва энергетычных аб’ектаў, - адзначае Алег Самавукін.
- Перад Зімбабвэ стаіць складаная задача развіцця сістэмы аховы здароўя - будаўніцтва медыцынскіх устаноў, падрыхтоўка персанала бальніц. Дынамічны выхад на афрыканскія рынкі патрабуе скаардынаваных намаганняў з партнёрамі, якія прасунуліся ў рэалізацыі ўласных стратэгій на кантыненце, пры гэтым раўнаважных для Беларусі. Так, узровень узаемадзеяння Зімбабвэ з ПАР дазваляе меркаваць пра перспектыўнасць сумесных беларуска-паўднёваафрыканскіх праектах у гэтай краіне і дзяржавах рэгіёна.