Аб’ём гандлю дзвюх краін у гэтым годзе дойдзе да 2 млрд.даляраў.
Беларусь упэўнена нарошчвае таваразварот з Казахстанам.. Аб’ём узаемнага гандлю дзвюх краін у бягучым годзе маюць намер давесці да 2 мільярдаў даляраў. Да павелічэння паставак у дружалюбную краіну імкнуцца і прадпрыемствы Гарадзеншчыны.
У аснове партнёрства – давер
На думку аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Антона Дударонка, у Мінска і Нур-Султана ёсць узаемная цікавасць у нарошчванні шматпланавага ўзаемадзеяння і магчымасць развіваць адносіны на ўзаемавыгаднай аснове, што дазволіць больш эфектыўна супрацьстаяць негатыўным наступствам санкцыйнага ціску з боку калектыўнага Захаду. Агульнае імкненне да ўмацавання стрэсаўстойлівасці нацыянальных эканомік стварае дадатковыя магчымасці для развіцця беларуска-казахстанскіх адносін.
Тры дзесяцігоддзі супрацоўніцтва між Беларуссю і Казахстанам носяць стратэгічны характар і асноўваюцца на паразуменні, даверы і сяброўстве. Казахстан уваходзіць у дзясятку асноўных гандлёвых партнёраў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку сярод краін ЕАЭС і СНД. Пацверджаннем прадуктыўных міждзяржаўных кантактаў з’яўляецца маштабная дагаворна-прававая база – каля 100 міжнародных дагавораў і дакументаў у розных галінах. У мінулым годзе аб’ём узаемнага гандлю дзвюх краін перавысіў мільярд даляраў. У бягучым годзе на пасяджэнні Беларуска-Казахстанскага дзелавога савета агучаны намер давесці гэты паказчык да 2 мільярдаў даляраў.
Акрамя таваразвароту, драйверамі росту беларуска-казахстанскага супрацоўніцтва выступаюць павелічэнне тэмпаў прамысловай кааперацыі і рэалізацыя сумесных праектаў. Паспяховаму партнёрству ў сферы машынабудавання, наладжванню ўзаемадзеяння ў аграпрамысловым комплексе, пастаўкам беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі, нафтахіміі і іншых тавараў садзейнічае дзеючая тавараправодная сетка прадпрыемстваў, якая ўключае дзясяткі кампаній, дылерскіх цэнтраў, сумесных вытворчасцей.
Сацыялагічныя даследаванні таксама пацвярджаюць нацэленасць Беларусі на супрацоўніцтва з Казахстанам, які пазітыўна ўспрымаецца ў беларускім грамадстве як адзін з перспектыўных вектараў знешняй палітыкі нашай краіны. Вынікі сацапытання, ініцыіраванага Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (снежань 2021 года), паказваюць, што акрамя Расіі, менавіта Казахстан у найбольшай ступені адпавядае інтарэсам нашай краіны і з’яўляецца самым надзейным партнёрам на міжнароднай арэне. Больш за 90 працэнтаў апытаных адносяцца да Казахстана станоўча або нейтральна, больш за 60 працэнтаў – пацвярджаюць супрацоўніцтва з Казахстанам у межах ЕАЭС. .
Гаворачы пра перспектывы і прыярытэты далейшага развіцця беларуска-казахстанскіх адносін, аналітык звярнуў увагу на неабходнасць улічваць уздзеянне сучасных выклікаў. На яго думку, ва ўмовах росту глабальнай напружанасці можна гаварыць пра існуючую неабходнасць для дзяржаўнага кіравання дзвюх краін гнутка рэагаваць і аператыўна прымаць рашэнні, правесці пераацэнку нацыянальных стратэгій развіцця з улікам сучаснай міжнароднай абстаноўкі, сфармуляваць ключавыя падыходы, на аснове якіх трэба разам адказваць на выклікі часу. Уяўляецца, што адзіным эфектыўным адказам на міжнародную турбулентнасць выступае сумеснае развіццё. Адной з кропак судотыку і драйверам росту выступае інтэнсіфікацыя міжрэгіянальнага эканамічнага ўзаемадзеяння, падкрэсліў аналітык.
У Кітай праз Казахстан
Гаворачы пра перспектывы супрацоўніцтва дзвюх краін, Антон Дударонак адзначыў, што санкцыйная палітыка калектыўнага Захаду вымушае распрацоўваць новыя механізмы ўзаемадзеяння і пашыраць сферы супрацоўніцтва.
Многія эксперты адзначаюць, што ў сучасных умовах свет імкліва фрагментуецца і знаходзіцца на парозе трансфармацыі глабальных лагістычных маршрутаў. У гэтай сувязі пошук новых шляхоў павышэння эфектыўнасці міжрэгіянальнага гандлю ў многім вызначаецца паляпшэннем звязаннасці шырокага еўразійскага макрарэгіёна, у тым ліку развіццём транзітна-лагістычнага патэнцыялу. Беларусь гатова ўключыцца ў працэс спалучэння тавараправодных сістэм усіх краін Цэнтральнай Азіі. Пра гэта, у прыватнасці, гаворыць адзначаемае бакамі значнае павелічэнне заявак беларускіх грузаадпраўшчыкаў у накірунку Кітая праз тэрыторыю Казахстана. Пытанням пашырэння гандлёвых шляхоў з Кітая ў Еўропу будзе нададзена самая пільная ўвага на вераснёўскім саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ва Узбекістане. .
Дадатковым драйверам двухбаковага супрацоўніцтва можа таксама стаць кансалідацыя намаганняў экспертнай супольнасці Казахстана і Беларусі, што будзе садзейнічаць пошуку новых накірункаў умацавання двухбаковага партнёрства і сумеснаму развіццю ў межах еўразійскага макрарэгіёна.
Толькі агульнымі намаганнямі можна пераадолець глабальныя выклікі, і беларуска-казахстанскія адносіны маюць неабходны патэнцыял для такога адказу, лічыць эксперт.
Поўную версію матэрыялу чытайце на сайце «Гродзенская праўда»