У Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў сёння праходзіць круглы стол з удзелам узбекскіх калег — кіраўнікоў Інстытута стратэгічных і міжрэгіянальных даследаванняў пры Прэзідэнце Рэспублікі Узбекістан. Знакавая для экспертных супольнасцей дзвюх краін падзея атрымае працяг на I Форуме рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, дзе БІСД і ІСМД маюць намер падпісаць мемарандум аб супрацоўніцтве.
Гэты мемарандум лагічна папярэднічае візіту Прэзідэнта Узбекістана ў Беларусь, які мае адбыцца, адзначыў, адкрываючы круглы стол, дырэктар БІСД Алег Макараў:
—Для нас гэта першы досвед афіцыйнага ўзаемадзеяння — і першы блін не аказаўся камяком. Гэты вопыт паказвае, наколькі важныя для “фабрык думак” прамыя кантакты з аналітычнымі цэнтрамі іншых дзяржаў. Менавіта гэта – той залаты запас, які і стварае каштоўнасць “фабрыкі думак” як такой. Ніякія аналітыкі ў закрытых структурах такога сур’ёзнага прадукту не зробяць.
Намеснік дырэктара БІСД Таццяна Шэндзік нагадала, што ў беларускага і ўзбекскага народаў даўнія традыцыі ўзаемадапамогі і супрацоўніцтва. Мы заўсёды будзем памятаць, як узбекі атулілі нас у эвакуацыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. А беларусы бралі ўдзел у аднаўленні Ташкента пасля землятрусу 1966 года. Нельга забыць і тое, што каля 10 тысяч грамадзян Узбекістана прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС:
—Усё гэта дарагога каштуе. Але ў XXI стагоддзі нашы, цяпер ужо суверэнныя дзяржавы сустракаюцца з новымі выклікамі і пагрозамі. І ўсё часцей мы задумваемся, як невялікім краінам, знаходзячыся ў арбіце сусветных цэнтраў сілы, адначасова забяспечыць развіццё эканомікі і захаваць свае нацыянальныя інтарэсы. Для Беларусі і для Узбекістана аднолькава актуальныя пытанні развіцця сваіх эканомік, забеспячэння паступальнага развіцця палітычнай сістэмы і захавання парадку ў краіне. На жаль, за ўсю сваю гісторыю чалавецтва яшчэ не выпрацавала ўніверсальных адказаў на гэтыя пытанні. Адзіны шлях – супастаўляць розныя кампетэнтныя пункты гледжання з розных куткоў планеты. Я ўпэўнена: адкрытасць, інфармацыя, інтэлект — вось залог развіцця Беларусі і Узбекістана сёння.
Дырэктар ІСМД пры Прэзідэнце Рэспублікі Узбекістан Элдор Арыпаў канстатаваў імклівасць развіцця адносін з беларускімі калегамі:
—Мы адразу знайшлі агульную мову. І сёння ў нас ёсць унікальная магчымасць падняць пытанні, якія цікавяць і Узбекістан, і Беларусь, усебакова абмеркаваць іх. Спадзяюся, падпісаннем мемарандума аб супрацоўніцтве мы дамо старт нашым доўгатэрміновым адносінам. Раней нават палітычны дыялог паміж нашымі краінамі насіў нерэгулярны характар, пасольства Узбекістана ў Мінску адкрылася толькі ў 2018 годзе. Сітуацыя шмат у чым змянілася пасля абрання прэзідэнтам Узбекістана Шаўката Мірамонавіча Мірзіёева і пасля гістарычнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў верасні мінулага года ў Ташкент. Зараз наша задача – гэтую дынаміку падтрымаць, надаць ёй устойлівы характар.
Мемарандум аб супрацоўніцтве падпісаны сёння кіраўнікамі БІСД і ІСМД у Палацы Рэспублікі. Нагадаем, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў створаны 12 лютага 2019 года для інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дзейнасці дзяржорганаў Беларусі па стратэгічных кірунках знешняй і ўнутранай палітыкі. Інстытут стратэгічных і міжрэгіянальных даследаванняў пры Прэзідэнце Рэспублікі Узбекістан як дзяржаўная навукова-даследчая арганізацыя быў створаны ў 1992 годзе. Яго асноўнай місіяй з’яўляецца інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне Прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан.