
25 чэрвеня, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Лічбавізацыя з’яўляецца адным з наймацнейшых стымулаў у будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. Такое меркаванне выказала аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД), кіраўніца Цэнтра аналіза грамадзянскіх ініцыятыў “Народная пяцігодка” Кацярына Рэчыц перад пачаткам экспертнай сэсіі XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
“Палітыка Беларусі і Расіі заўсёды засноўваецца на вывучэнні магчымых сацыяльных эфектаў прыманых пастаноў. Наш Прэзідэнт заўсёды падкрэслівае, што трэба пытацца пра меркаванне людзей, улічваць яго пры распрацоўцы важных дакументаў. Сёння мы бачым, што у гэтай працы ключавым інструментам з’яўляюцца менавіта лічбавыя платформы. Сфера лічбавізацыі — гэта адзін з наймацнейшых стымулаў для саюзнага будаўніцтва, таму што якраз у гэтым напрамку можна ісці апераджальнымі тэмпамі,” — сказала Кацярына Рэчыц.
Разам з гэтым яна зазначыла тое, што сёння ў сферы лічбавізацыі далейшы сцэнарый сумеснага развіцця яшчэ не вызначаны. “У Расійскай Федэрацыі працуюць розныя лічбавыя сістэмы. Наша краіна ўстала на гэты шлях. У сваім Звароце да беларускага народу і парламенту Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пазначыў задачу прапрацаваць пытанні стварэння ўніверсальнай лічбавізаванай сістэмы зваротнай сувязі з насельніцтвам. Гэтая праца зараз вядзецца. І ў гэтым жа кантэксце разгортваецца праект “Народная пяцігодка”, які акумулюе запыты і чаканні нашых грамадзян адносна будучыні краіны,” — падкрэсліла аналітык.

Кацярына Рэчыц адзначыла, што ў перспектыве бачыцца магчымым і стварэнне адзінай саюзнай мадэлі работы з грамадскім меркаваннем, якая бы дапамагала далучаць грамадзян да працэсу інтэграцыйнага будаўніцтва. “Гэта дазволіць глыбей інфармаваць нашых людзей аб сумесных дасягненнях, а таксама забяспечыць удзел грамадзян у рэалізацыі саюзных праектаў,” — растлумачыла яна.

