Пазіцыя расійскіх нафтавых кампаній, якія адмаўляюцца пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі да цаны пастаўкі, дэвальвуе дасягненні ў будаўніцтве Саюзнай дзяржавы і планы па паглыбленай інтэграцыі, лічыць аналітык дзяржаўнага Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Антон Дударонак.
"Падатковы манеўр і звязаныя з ім спробы расійскіх нафтавых кампаній скарыстацца ў сваіх інтарэсах часткай союзніцкай льготы, па сутнасці, адкідаюць назад працэс саюзнага будаўніцтва і праведзены нашымі народамі шлях за апошнія два дзесяцігоддзі", - заявіў Дударонак агенцтву "Інтэрфакс-Захад", каментуючы сітуацыю з пастаўкамі нафтавай сыравіны ў Беларусь.
На яго думку, прынцыповае для Менску пытанне заключаецца ў рэзкім павышэнні кошту паставак нафты з-за рэалізацыі падатковага манеўру ў нафтавай сферы. Суразмоўца адзначыў, што прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб намеры Расіі пастаўляць нафту ў рэспубліку па цэнах вышэй за сусветныя. "Нязгода і канфлікт з Расіяй адбыліся з-за таго, што ад нас запатрабавалі за нафту плаціць кошт большы за сусветны", - сказаў Лукашэнка ў пятніцу ў Шклове.
Дударонак патлумачыў, што "калі супаставіць кошты на нафту ў абсалютным вымярэнні і не ўлічваць тыя ўмовы, на якія нашы ўрады выйшлі ў рамках дамоўленасцей па Саюзнай дзяржаве, то кошт нафты для Беларусі перавышае сусветныя кошты, у 2019 годзе ў сярэднім на $15 за тону".
Эксперт патлумачыў, што у 2019 годзе сярэдні сусветны кошт нафты складаў каля $450 за тону, а экспартная пошліна на нафту - $80. Без уліку экспартнай пошліны кошт для Беларусі павінен быць $370 за тону, але "расійскія нафтавікі дадавалі да гэтай лічбы "свае" $15 і прадавалі беларускім НПЗ нафту па $385".
Ён нагадаў, што, у сувязі з рэалізацыяй падатковага манёўру ў РФ, кошт паставак нафты ў Беларусь вырас на $20 на тону. Такім чынам, "у новых умовах пры захаванні прэміі для расійскіх кампаній Беларусь будзе купляць нафту даражэй за сусветны кошт на $35 без уліку экспартных пошлін".
Эксперт таксама падкрэсліў, што адсутнасць экспартных пошлін пры пастаўках нафты ў Беларусь "не з'яўляецца добрай воляй нафтавых кампаній - гэта вынік інтэграцыйных дамоўленасцяў Беларусі і Расіі, дзе тавары паміж краінамі-удзельніцамі перамяшчаюцца без выплаты мытных пошлін".
Па словах суразмоўцы, традыцыйна нафту ў Беларусь пастаўляла абмежаваная колькасць буйных кампаній - "Роснефть", "Лукойл", "Сургутнефтегаз", "Газпром нефть", "Татнефть", "Зарубежнефть". "Іншыя кампаніі з меншымі аб'ёмамі, у адпаведнасці з заканадаўствам РФ, не могуць атрымаць доступ да "трубы". Карыстаючыся сваім выключным правам, дадзеныя кампаніі-пастаўшчыкі дыктуюць свой кошт, які значна вышэйшы, чым для суседніх замежных краін і расійскіх НПЗ", - падкрэсліў эксперт. На яго думку, "дэ-факта Беларусь сутыкнулася з алігапалічнай змовай, якая павінная стаць прадметам разгляду антыманапольных ведамстваў дзвюх краін".
Акрамя таго, Дударонак нагадаў, што ў існуючых умовах расійскія нафтаперапрацоўшчыкі знаходзяцца ў больш выгадных умовах, у параўнанні з беларускімі. "Негатыўныя наступствы падатковай рэформы ў расійскай нафтавай галіне для іх здымаюцца за кошт кампенсавальных механізмаў. У першую чаргу, гэта адмоўны акцыз (г.зн. падатковы вылік для ўтрымання росту коштаў на паліва) і дэмпфіруючы каэфіцыент (або розніца паміж ўнутранымі і экспартнымі коштамі на нафту ), а таксама некаторыя іншыя ускосныя прэферэнцыі, якія зводзяць іх меркаваную шкоду да мінімума", - растлумачыў эксперт. Пры гэтым "беларускія перапрацоўшчыкі нафты падобных інструментаў, на жаль, пазбаўленыя", - канстатаваў ён.
На яго думку, на фоне канфліктаў з Масквой, якія перыядычна ўзнікаюць у сферы гандлю энергарэсурсамі, іх альтэрнатыўны імпарт для Беларусі з'яўляецца "жыццёва важнай неабходнасцю". "Забеспячэнне "падушкі" энергетычнай бяспекі дазваляе любой краіне пазбегнуць як наступстваў выпадковых інцыдэнтаў, так і наўмысных эканамічных пастак пры куплі тых ці іншых крытычна важных рэсурсаў", - падкрэсліў аналітык.
Пры гэтым ён упэўнены, што "нават калі закупка нафты з некалькіх крыніц абыдзецца Беларусі даражэй у колькасным вымярэнні, у стратэгічным дачыненні гэта больш выйгрышны варыянт, і тут ключавым момантам з'яўляецца не кошт нафты, а неабходнасць захавання энергетычнага і палітычнага суверэнітэту".
Як паведамлялася, Масква і Менск не заключылі пагадненне па умовах паставак нафты ў 2020 годзе, Расія з 1 студзеня спыніла пастаўку нафты беларускім нафтаперапрацоўчым заводам (НПЗ), хоць з 4 студзеня пастаўкі былі часткова адноўленыя нафтавымі кампаніямі групы "Сафмар" Міхаіла Гуцарыева.
Беларускія ўлады паведамілі, што прапановы пра імпарт нафты яны накіравалі Балтыйскім краінам, Польшчы, Украіне, Казахстану і Азербайджану.
21 студзеня беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што краіна будзе дамагацца таго, каб нафта, якая ўвозіцца з Расіі, складала 30-40% усёй патрэбы, а па 30% нафты яна павінна імпартаваць праз Балтыйскія краіны і Украіну.
У мінулым годзе Беларусь імпартавала з РФ 17,6 млн. тон нафты.
22 студзеня інтэрнэт-СМІ паведамілі пра заяву кіраўніка кампаніі "Лукойл" Вагіта Алекперава пра тое, што "Лукойл" не мае намеру аднаўляць пастаўкі на ільготных умовах і кампенсаваць страты Беларусі з-за падатковага манеўру ў нафтавай галіне.
Напярэдадні амбасадар РФ у Беларусі Дзмітры Мезенцаў заявіў, што Масква і Менск могуць узгадніць умовы пастаўкі энергарэсурсаў у бліжэйшы час. Ён таксама паведаміў пра дасягненне на ўзроўні ўрадаў дзвюх краін дамоўленасці пра механізм кампенсацыі стратаў беларускага боку ад пастаўкі ў красавіку мінулага года з РФ нафты, забруджанай хларыдамі.