Галоўным складнікам у адносінах дзвюх краін з’яўляецца гандаль таварамі.
Пераарыентацыя экспарту з рынкаў краін Захаду і Украіны на рынкі дружалюбных краін, у першую чаргу Расіі і Кітая, - адна з ключавых задач, якую ставіць урад Беларусі перад вытворцамі.
Азіяцкі рынак для беларусаў даўно не навінка – Кітайская Народная Рэспубліка займае бачнае месца ў знешнегандлёвым абароце Беларусі. І гэта ўзаемадзеянне толькі расце.
Большы экспарт – большы прыбытак
Галоўным складнікам у гандлёва-эканамічных адносінах дзвюх краін з’яўляецца гандаль таварамі. Знешнегандлёвы абарот тавараў між Беларуссю і КНР дэманструе ўпэўнены рост ужо некалькі гадоў запар. У ліку рэгіёнаў, якія змаглі ўнесці свой важкі ўклад у гэты працэс, - Гродзеншчына.
За шэсць месяцаў гэтага года прадпрыемствы холдынга «Гроднамясамалпрам» паставілі ў Кітай прадукцыі больш чым на 39 мільёнаў даляраў. Гэта на 50 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Як адзначыў начальнік аддзела маркетынга ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Гроднамясамалпрам» Аляксей Трыдзенежкін, супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай з’яўляецца важным і значным для прадпрыемстваў холдынга і з кожным годам пашыраецца.
– Толькі за 5 месяцаў гэтага года прадпрыемствы холдынга адгрузілі каля 8,3 тысячы тон прадукцыі ў КНР. Да аналагічнага перыяду мінулага года тэмп росту склаў 179,7 працэнта, - расказаў Аляксей Трыдзенежкін. - Сярод салочных вытворцаў лідарам па экспарту ў Кітай выступае Ваўкавыскае ААТ «Беллакт». Са студзеня па чэрвень прадпрыемства паставіла прадукцыю на суму каля 2,9 мільёна даляраў. Годныя лічбы дэманструе ААТ «Малочны Свет»: за аналагічны перыяд экспартавана тавару на суму каля 1,6 мільёна даляраў. Што датычыцца мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў холдынга, то сваю прадукцыю ў КНР пастаўляюць Гродзенскі, Ваўкавыскі і Слонімскі мясакамбінаты, агракамбінат «Скідзельскі». Безумоўным лідарам у гандлі з Кітаем выступае ААТ «Гродзенскі мясакамбінат». За апошнія паўгады прадпрыемства экспартавала прадукцыі на суму каля 15 мільёнаў даляраў.
У аснове супрацоўніцтва – павага і шчырасць
На думку аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Сяргея Вяргейчыка, ва ўмовах санкцыйнага ціску з боку калектыўнага Захаду двухбаковае супрацоўніцтва між Беларуссю і Кітаем будзе толькі ўмацоўвацца. Бо ў яго аснове ляжаць узаемная павага, шчырасць і зацікаўленасць у рашэнні пытанняў сацыяльнага развіцця, дзе на першым месцы стаяць інтарэсы людзей.
- Прыкладаў, калі ў нялёгкія часы Беларусь і Кітай аказвалі адзін аднаму ўзаемную падтрымку, мноства. Так было і ў гады барацьбы супраць фашызму і мілітарызму, і ў гады пасляваеннага аднаўлення. Сутыкнуўшыся з новай, яшчэ грунтоўна не вывучанай эпідэміяй COVID-19,і Беларусь, і Кітай вылучылі свае рэсурсы для аказання брацкай дапамогі адзн аднаму. У гэтым і заключаецца сутнасць «усепагоднага партнёрства»ў адносінах між нашымі дзвюма краінамі, - лічыць Сяргей Вяргейчык.
Аснову экспарту ў Кітай доўгія гады складае беларускі калій. Але ў апошнія гады назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя змянення структуры беларускага экспарту ў КНР са зніжэннем долі калійнай дамінанты. Гэтаму садзейнічае шэраг фактараў, у тым ліку атрыманне беларускімі вытворцамі сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання доступу на рынак КНР, удасканаленне сістэмы падтрымкі экспарту, а таксама павышэнне дзелавой актыўнасці саміх суб’ектаў гаспадарання.
- Усё гэта ў комплексе дазволіла істотна дыверсіфікаваць наш экспарт у Кітай. Штогод нарошчваюцца пастаўкі такой несыравіннай прадукцыі, як мяса буйной рагатай жывёлы, мяса і харчовыя субпрадукты хатняй птушкі, малако і вяршкі. Таксама неабходна адзначыць і рост экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі – лесаматэрыялаў і драўнянай цэлюлозы, - адзначыў Сяргей Вяргейчык
Рэзананснымі ў апошнія дні сталі адкрыццё Нацыянальнага павільёна Беларусі на буйнейшых у КНР электронных пляцоўках, а таксама заключэнне першай здзелкі на беларускай універсальнай таварнай біржы па рэалізацыі сухога абястлушчанага малака ў Кітай. Гэтыя падзеі сімвалізуюць не толькі пашырэнне асартыменту, але і прымяненне сучасных інструментаў, інавацыйных мадэляў у міжнародным гандлі.
Беларускія «малочныя рэкі» ў Паднябеснай
Гаворачы пра перспектывы супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў, аналітык адзначыў, што санкцыйная палітыка калектыўнага Захаду вымушае распрацоўваць дзейсныя і эфектыўныя механізмы транспартна-лагістычнага і фінансавага ўзаемадзеяння для прадухілення негатыўных наступстваў.
- Упэўнены, што бізнес пры адпаведнай падтрымцы зможа адаптавацца і да ўмоў заходняга санкцыйнага ціску. Сітуацыя ў свеце мяняецца імкліва. Але яна таксама імкліва мяняецца і ў канкурэнтаў, у якіх адзначаецца рэзкі рост кошту сыравіны і энергарэсурсаў, там таксама парушаны сфарміраваныя гадамі ланцужкі паставак,- адзначыў Сяргей Вяргейчык
Ён таксама прывёў у прыклад работу індустрыяльнага парку «Вялікі камень», дзе створаны камфортныя прэферэнцыяльныя ўмовы для адкрыцця вытворчасцяў і выхаду з прадукцыяй на ўнутраны і замежны рынкі. Прываблівыя ўмовы таксама створаны ў СЭЗ ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
- Упэўнены, у бліжэйшы час будзе пашырэнне сфер супрацоўніцтва, з’явяцца новыя экспартныя тавары, якія будуць заптрабаваны на кітайскім рынку. Успомніце, яшчэ некалькі гадоў назад мала хто верыў, што беларускія «малочныя рэкі» могуць дасягнуць берагоў Паднябеснай. Беларусь валодае моцным экспартным патэнцыялам таксама і ў іншых сферах. Магчыма, брэнды беларускай лёгкай прамысловасці , якія сталі ўжо звыклымі для нашага пакупніка, таксама будуць запатрабаваны ў кітайскіх партнёраў, - лічыць эксперт. - У цэлым магчымасці кітайскага рынку бязмежныя, але там захоўваецца жорсткая канкурэнцыя і ў шэрагу сфер ён застаецца закрытым. Без лакалізацыі і ўліку мясцовай спецыфікі там не абысціся.