Праект «Студэнцкая Ліга маладых аналітыкаў» стартаваў у Магілёве. Першае арганізацыйнае яго пасяджэнне адбылося ў першы дзень лета ў Магілёўскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы. Удзельнікамі сустрэчы сталі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, начальнік аддзялення па Магілёўскай вобласці Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Корапаў, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алег Пішчанка і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама Ірына Сталярова, а таксама лепшыя студэнты магілёўскіх вышэйшых навучальных устаноў, вядучыя аналітыкі рэгіёна.
Як адзначыў Алег Корапаў, з’яўленне ў Магілёве такога праекта як «Студэнцкая Ліга маладых аналітыкаў» абумоўлена патрабаваннем часу. «Сёння мы бачым, што звыклая для ўсіх фраза: «Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам» трансфармавалася ў новую форму: «Хто кіруе інфармацыяй, той кіруе сусветнымі працэсамі», - сказаў Алег Корапаў.- І гэта сапраўды так. Зараз ідуць працэсы апрацоўкі свядомасці людзей: на гэта працуюць цэлыя інстытуты, ствараюцца цэлыя фейкавыя фабрыкі. І нам вельмі важна дапамагчы моладзі разабрацца ў гэтым бурным патоку навін, фактаў і тэндэнцый, навучыць яе думаць, а галоўнае, аналізаваць тое, што адбываецца вакол. Пагэтаму не выпадкова, што асноўная мэта праекта – пошук таленавітай моладзі, схільнай да аналітычнай дзейнасці, і ў гэтым плане супрацоўніцтва з вышэйшымі навуковымі ўстановамі вельмі важна для нас. Разам са студэнтамі будзем крок за крокам рухацца ў бок пазнання аналітычных працэсаў».
На дадзены момант у праекце прымаюць удзел 15 студэнтаў магілёўскіх вышэйшых навучальных устаноў. Гэта маладыя людзі, якія ўжо паспелі праявіць сябе ў грамадскай і навуковай дзейнасці, і якім цікава аналітычная работа. У рамках першага пасяджэння адбылося знаёмства з удзельнікамі праекта, з дзейнасцю Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Маладыя людзі прынялі ўдзел у эксперыментальным сацапытанні і разам з аналітыкамі прааналізавалі атрыманыя вынікі, а таксама пазнаёміліся з асаблівасцямі арганізацыі работы з моладдзю ў вобласці, акрэслілі планы на будучыню.
Як адзначыў Алег Корапаў, такія сустрэчы ў рэгіёне будуць адбывацца на паcтаяннай аснове і ў фармаце дыялогавых і дыскусійных пляцовак. «Нам важна гаварыць адзін з адным, чуць і слухаць, і тым самым дапамагаць адзін аднаму ў фарміраванні погляду па розных пытаннях», - сказаў начальнік рэгіянальнага аддзялення БІСД.