Задзейнічанне армейскіх падраздзяленняў для ўмацавння дзяржаўнай мяжы ў крызісных сітуацыях – агульнапрынятая сусветная практыка, аднак рашэнне міністраў унутраных спраў і нацыянальнай абароны Літвы аб размяшчэнні войск на асобных участках літоўска-беларускай граніцы не можа разглядацца ў гэтым кантэксце. Пра гэта паведаміў БЕЛТА ваенны аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Чарнабай.
«Па-першае, для ўмацавання аховы мяжы зараз няма рэальнай прычыны: паток нелегальнай міграцыі праз нашу краіну значна знізіўся, і гэта неаднаразова адзначалі самі літоўскія службовыя асобы. Па-другое, сцвярджэнні аб тым, што Беларусь «працягвае дэстабілізаваць палітычны і грамадскі парадак у суседніх краінах» не маюць пад сабой ніякіх падстаў – мы ніколі не ўмешваліся ва ўнутраныя справы іншых краін і не маем намеру рабіць гэта надалей. Нарэшце, гаворка ідзе аб размяшчэнні пастаянных войск, а не пра іх часовае знаходжанне», - звяртае ўвагу эксперт.
На яго думку, даны крок літоўскіх улад трэба разглядаць у комплексе з іншымі рашэннямі, прынятымі ў апошні час: павышэннем бюджэтных расходаў на абарону, выдзяленнем сродкаў на мадэрнізацыю дарожнай інфраструктуры ў ваенных мэтах, наданнем статусу праекта асаблівага дзяржаўнага значэння прызначанаму для размяшчэння дадатковых войск НАТА ваеннаму палігону Руднінкай на паўднёвым усходзе Літвы.
«Цалкам можна гаварыць аб істотнай мілітарызацыі Балтыйскага рэгіёна, якая праводзіцца ў апошні час Паўночнаатлантычным альянсам пад кіраўніцтвам ЗША. Колькасць войск НАТА ў Польшчы і краінах Балтыі ўжо павялічылася практычна ў два разы ў параўнанні з мінулым годам, Варшава прыняла на сваёй тэрыторыі дадатковыя амерыканскія войскі. Вышэйшыя службовыя асобы Літвы, Латвіі і Эстоніі неаднаразова заклікалі размясціць у краінах Балтыі пастаянныя наземныя і паветраныя сілы саюзнікаў, і гэтае пытанне можа быць разгледжана на бліжэйшым саміце НАТА. У гэтым жа накірунку трэба разглядаць у літаральным сэнсе «зацягванне», якое адбываецца, у Паўночнаатлантычны альянс Фінляндыі і Швецыі», - адзначае Андрэй Чарнабай.
У гэтай сувязі, лічыць эксперт, неабходна адзначыць, што Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі Беларусі ўзмацненне ўдарна-наступальных магчымасцей ваенна-палітычныз саюзаў, якое вядзе да парушэння баланса сіл, які склаўся ў Еўрапейскім рэгіёне, а таксама нарошчванне ваеннай інфраструктуры побач з межамі разглядаецца ў якасці асноўных знешніх крыніц ваенных пагроз нашай дзяржаве. «А значыць, Беларусь будзе вымушана прымаць адэкватныя меры рэагіравання на ўзнікаючыя пагрозы», - канстатуе ваенны аналітык.