Дата публикации

Як прамысловы турызм вядзе айчынныя брэнды да тэхналагічнага суверэнітэту

Як тэхналагічны суверэнітэт звязаны з прамысловым турызмам? Што такое патрыётыка і навошта прадпрыемствам самапіяр? Пра гэта размова з кандыдатам эканамічных навук аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Ірынай Русак.

Ирина Русак

- Тэхналагічны суверэнітэт - дастаткова складаная катэгорыя, якая мае на ўвазе права ўрада вызначаць нацыянальныя інтарэсы ў навукова-тэхналагічнай сферы і забяспечваць іх рэалізацыю. Асноўныя мэты - умацаванне эканамічнага патэнцыялу краіны, паскарэнне развіцця, пераход на новы тэхналагічны ўклад і магчымасць канкурыраваць на знешнім контуры.

Беларусь валодае для гэтага неабходнымі кадравымі рэсурсамі, навуковым патэнцыялам. Напрыклад, частку абсталявання для выпуску крытычнай прадукцыі можна вырабіць у сябе ў краіне, астатнюю - у Расіі, Кітаі і т.п.

Для забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту прадпрыемствы павінны больш шырока інфармаваць пра свае запатрабаванні і магчымасці. Адным са спосабаў можа стаць прамысловы турызм. Як паказваюць праведзеныя БІСД апытанні, брэнд Беларусі асацыіруецца з прамысловасцю, заводамі - гігантамі. У кожнай вобласці краіны ёсць буйное прадпрыемства, якое можа стаць рэгіянальнай кропкай росту ў сферы прамысловага турызму. Гэта свайго роду стымул для развіцця прамтурызму ў Беларусі з магчымым выхадам на ўзровень Саюзнай дзяржавы.

- Хто павінен быць зацікаўлены ў папулярызацыі вытворчасцей і на якія бонусы можна разлічваць?

- У нашай краіне прамысловы турызм стаў актыўна развівацца з 2015 года. Буйныя прадпрыемствы даўно арганізуюць цікавыя экскурсіі на вытворчасць для розных мэтавых аўдыторый - ад школьнікаў да замежных турыстаў. Многія стварылі ў сваіх музеях макеты з дэманстрацыяй тэхналагічных ланцужкоў і ўзораў гатовай прадукцыі. Па афіцыйных дадзеных, у сферы прамысловага турызму ў 2023 годзе экскурсіі былі арганізаваны амаль для 190 тысяч чалавек, з іх прадпрыемствы Мінпрама наведалі 93,5 тысяч турыстаў, Беллегпрама - 11,7 тысячы, Белдзяржхарчпрама - каля 40 тысяч, Мінбудархітэктуры - прыкладна 44,5 тысячы чалавек.

Сёння арганізацыі па-іншаму пачалі адносіцца да прамысловага турызму. Яны развіваюць і папулярызуюць не толькі свой брэнд, але і сваю краіну, акцэнтуюць увагу на інвестыцыйнай прываблівасці. Аднак усё яшчэ назіраецца пэўны інфармацыйны голад - недастаткова рэкламы экскурсій, анонсаў і т.п.

Патэнцыяльна ў краіне больш за 150 прадпрыемстваў могуць прадастаўляць паслугі прамысловага турызму. Прадпрыемствы, якія часцей наведваюць, - БЕЛАЗ, МТЗ, “Камунарка”, “Гомсельмаш”, “Нёман”, “Аліварыя”, “Зорка”, “Луч”, “Тураўскі малочны камбінат”, “Белмастацкераміка”, “Палессе”, “Крышталь” і іншыя.

Прыватныя тураператары прапаноўваюць аднаднеўныя паездкі з наведваннем вытворчасці ў сярэднім цэнавым дыяпазоне 50-150 рублёў з аднаго чалавека. Пры гэтым практычна кожны турыст хоча ўзяць з сабой мясцовы сувенір, мерч або купіць гатовую прадукцыю, што дае прадпрыемству дадатковы даход. Але самае галоўнае, чаго хочуць людзі, - убачыць на свае вочы, як вырабляецца тое, чым яны карыстаюцца ў паўсядзенным жыцці.

Патэнцыяльныя выгады неабходна разглядаць з пазіцыі прадпрыемства, мясцовых органаў улады, насельніцтва.

Для вытворцы – гэта папулярызацыя прадукцыі або паслугі, магчымасць даць больш інфармацыі пра вытворчасць і заключыць выгадную здзелку па фінансаванні або экспарту прадукцыі, а таксама, зразумела, спосаб прафарыентацыі моладзі для наступнага працаўладкавання ў сябе.

Для мясцовых органаў улады – гэта інвестыцыі ў развіццё тэрыторыі, рост эканомікі рэгіёна, а таксама ўклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі. Для насельніцтва – стымул развіцця бізнесу ў рэгіёне, што павысіць яго пазнавальнасць, сфарміруе ў людзей каштоўнаснае ўсведамленне гонару за малую радзіму і краіну.

Напрыклад, у Расіі развіваюць патрыётыку прамысловасці. Для школьнікаў праводзяць экскурсіі на паспяховых прадпрыемствах, паказваюць вытворчасць, гатовую прадукцыю і тым самым фарміруюць лаяльныя адносіны да рабочых спецыяльнасцей. Выводзяць дзяцей з лічбавага асяроддзя ў аб’ектыўную рэальнасць.

Бренд Беларуси

- Як нафтахімічны комплекс упісваецца ў гэтую схему?

- Ён ужо даўно ўдзельнічае ў прамысловым турызме. І не толькі заводы, але і, напрыклад, аўтазаправачныя станцыі РУП “Вытворчае аб’яднанне “Беларуснафта”, якія вызначаюцца высокай якасцю прадукцыі і аказваемых паслуг, у тым ліку агульнага харчавання. Гэта ў цэлым зручныя месцы не толькі для запраўкі аўто, але і адпачынку, харчавання турыстаў, больш за тое – гатовая інфраструктура з улікам якасці дарог. АЗС павінны шырэй выкрыстоўвацца ў якасці пункту прыпынку на шляху руху экскурсій на прадпрыемства або да знакавага гістарычнага месца.

Можна сумяшчаць прамысловы і гастранамічны турызм або спецыяльна прывозіць турыстаў у падшэфныя сельскагаспадарчыя арганізацыі буйных нафтахімічных прадпрыемстваў, частаваць сельгаспрадукцыяй і там жа яе прадаваць. Пры магчымасці дэманстраваць працэс яе вырабу. Галоўнае – наладзіць паток экскурсій. Зараз у насельніцтва ёсць запыт на тое, каб паглядзець нешта новае ўнутры краіны.

- БІСД узаемадзейнічае з расійскім Агенцтвам стратэгічных ініцыятыў у сферы развіцця прамысловага турызму. Як ён развіваецца ў РФ?

- Апошнія два гады наш інстытут актыўна вывучае вопыт АСІ па развіцці прамтурызму. Агенцтва запусціла акселерацыйную праграму па развіцці прамысловага турызму ў якасці механізму паляпшэння іміджу расійскіх прадпрыемстваў і фарміравання спажывецкай лаяльнасці да прадукцыі расійскіх брэндаў. На развіццё прамтурызму выдзелены дзяржаўныя рэсурсы. З’явіўся і такі бонус, як падаткавыя льготы для прадпрыемстваў. Прыкметна павялічылася колькасць прамысловых экскурсій, умацавалася міжрэгіянальная кааперацыя прадпрыемстваў. Да працэсу падключыліся блогеры, лідары грамадскай думкі. У выніку ў расійскай моладзі такія экскурсіі зараз у трэндзе. Папулярызацыя прамысловага турызму прывяла да таго, што ў 2023 годзе больш за 1 мільён чалавек пабывала на расійскіх прадпрыемствах, хаця ў 2021-м іх было 200-250 тысяч

Прапрыемствы ўбачылі магчымасці для абмену вопытам, тэхналогіямі, арганізацыі работы з кадрамі. Прамысловы турызм выйшаў на ўзровень інвестыцыйнай прываблівасці. Вялікая колькасць людзей гатова наведваць гэтыя прадпрыемствы. Экскурсіі на вытворчасць пацягнулі за сабой папулярызацыю гістарычнага, гастранамічнага турызму. На маршрутах удасканальваецца спадарожная інфраструктура, з’яўляецца бізнес па вытворчасці і продажу сувенірнай прадукцыі.

Аднак у Расіі не любы завод можа займацца прамтурызмам. Прадпрыемства павінна ўкласці пэўныя рэсурсы, каб эксперты вызначылі яго гатоўнасць аказваць адпаведныя паслугі. Для гэтага ўкаранёна спецыяльная метадалогія. Калі арганізацыя адпавядае патрабаванням, значыць, яе паслугі бяспечныя і адпавядаюць стандартам якасці.

У межах акселератара ствараюцца цэнтры кампетэнцыі, дзе экскурсаводы праходзяць навучанне для работы ў сферы прамысловага турызму і правядзення экскурсій на прадпрыемствах. У Расіі ён ужо папулярызаваны і маштабіраваны. У нас – у стадыі станаўлення.

- Што, на ваш погляд, неабходна зрабіць у Беларусі для паспяховага развіцця гэтай сферы?

- Сярод складанасцей, якія зараз існуюць, адзначу адсутнасць стандарта ў сферы прамысловага турызму. Прадпрыемствы самі распрацоўваюць рэгламенты і іншыя нарматыўныя дакументы, якія неабходны для наведвання вытворчасцей рознай спецыфікі. Праграмы часта не адаптаваны пад аўдыторыю. Адсутнічае адзіны механізм запуску маршрутаў, узгоднены ў маштабе краіны. Не цалкам сфарміравана інстытуцыянальная структура развіцця прамысловага турызму на дзяржаўным узроўні, хаця ўжо многа напрацовак у дадзеным накірунку ёсць у Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага турыстычнага агенцтва, Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савету па турызму пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікоў прампрадпрыемстваў.

Распрацоўка і ўкараненне такога стандарту ў Год якасці сталі б знакавымі, на мой погляд.

Галоўнае, сёння ёсць разуменне таго, што для паспяховай работы вытворчасцей, развіцця рэгіёнаў неабходна шукаць новыя кропкі росту, паляпшаць пазіцыянаванне. І адчувальную карысць можа і павінен прынесці прамысловы турызм.

 

Святлана Сабіла. Аглядальнік

Фота Елізавета Лукашун