Дата публикации

Якія перспектывы супрацоўніцтва Віцебскай вобласці і правінцый Кітая?

Андрей Мишин

Ва ўмовах закрытасці заходніх рынкаў асаблівая ўвага надаецца наладжванню і развіццю супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі, а таксама краінамі Азіі. Ключавым іграком на азіяцкіх рынках, безумоўна, выступае Кітай. Пра супрацоўніцтва Віцебскай вобласці з прадстаўнікамі Паднябеснай мы пагаварылі з аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняўАндрэеем Мішыным.

— Як можна ахарактарызаваць бягучыя адносіны Віцебскай вобласці з Кітаем?

— Як прадуктыўныя і накіраваныя на ўзаемавыгаднае доўгатэрміновае супрацоўнтцтва. Віцебскім аблвыканкамам падпісана восем двухбаковых дакументаў (пагадненні, пра аколы, праграмы) аб супрацоўніцтве, устаноўлены і падтрымліваюцца рэгулярныя кан акты на ўзроўні органаў выканаўчай улады, арганізацый і кампаній з чатырма пр інцыямі і адным горадам Кітая.

Акрамя таго, заключана 19 двухбаковых дакументаў аб супрацоўніцтве гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці з тэрыторыямі Кітая.

— Ці паўплывала пандэмія каронавірусу на адносіны?

— Так, безумоўна. Пандэмія з яе абмежавальнымі мерамі, якія ў Кітаі былі вельмі жорсткімі, «замарозіла» праекты і актыўнасці ў межах нашага супрацоўніцтва, што, вядома, негатыўна адбілася на колькасці, але ў той жа час дазволіла пераацаніць якасны складнік.

Канец 2021 года і большая частка 2022-га праходзілі пад знакам аднаўлення (перазагрузкі) кантактаў па розных накірунках і сферах. Адбылася актывізацыя ў межах анлайн-мерапрыемстваў: дыялогавыя пляцоўкі, форумы, выставы, рабочыя сустрэчы.

Зараз мы знаходзімся на этапе актыўнага аднаўлення адносін у традыцыйных (афлайн) фарматах. Найбольш інтэнсіўнае ўзаемадзеянне адзначаецца з правінцыяй Хэйлунцзян, якая з’яўляецца пабрацімам Віцебскай вобласці.

— Пагаворым пра эканоміку. Якія наступствы падзеі адбыліся ў дадзеным накірунку?

— Эканамічнае супрацоўніцтва адбываецца ў фармаце ўдзелу ў выставачных мерапрыемствах, эканамічных форумах у анлайн- і афлайн-рэжымах, візітах афіцыйных дэлегацый і прадстаўнікоў бізнес-арганізацый.

Пры гэтым важна падзяляць стратэгічнае комплекснае ўзаемадзеянне, якое адбываецца на ўзроўні сустрэч кіраўніцтва органаў дзяржаўнага кіравання, і бягучыя гандлёвыя кантакты на ўзроўні арганізацый, бізнес-структур.

Гаворачы пра апошнюю катэгорыю, можна адзначыць актыўную работу нашых арганізацый як праз уласныя знешнеэканамічныя службы, так і з выкарыстаннем кампетэнцый і інструментарыя арганізацый-пасрэднікаў (напрыклад, Віцебскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты). Сустрэчы і перагаворы адбываюцца рэгулярна, і кожная ўносіць свой уклад у таваразварот або ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, у абмен вопытам і тэхналогіямі.

Разглядаючы стратэгічнае ўзаемадзеянне на ўзроўні вобласць — правінцыя, трэба звярнуць увагу на такія падзеі, як правядзенне Дней Віцебскай вобласці (верасень 2022 года) у правінцыі Хэйлунцзян. Падзея ўключала шэраг афлайн- і анлайн-мерапрыемстваў, накіраваных на прэзентацыю патэнцыялу нашага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, вытворчай, турыстычнай і інвестыцыйнай сферах; удзел афіцыйных дэлегацый кітайскіх правінцый Хэйлунцзян і Гуйчжоу ў рабоце XI Міжнароднага эканамічнага форума ў маі 2023 года; удзел дэлегацыі Віцебскай вобласці ў мерапрыемствах 32-й Харбінскай міжнароднай гандлёва-эканамічнай ярмаркі (правінцыя Хэйлунцзян). Прайшла прэзентацыя тавараў і інвестыцыйных праектаў, зроблены першы крок наперад у межах разгляду накірункаў і актывізацыі супрацоўніцтва; падпісанне мемарандумаў аб супрацоўніцтве ў інавацыйнай дзейнасці, у сферы адукацыі і маладзёжнай палітыцы з правінцыяй Шаньдун (верасень 2023 года).

— А як ідуць справы ў гандлёвай сферы, наколькі ўстойлівы і выгадны для нас такія адносіны?

— Кітай традыцыйна знаходзіцца ў пяцерцы асноўных гандлёвых партнёраў Віцебскай вобласці.

За апошнія дзсяцігоддзі мінімальны аб’ём гандлю прыйшоўся на 2017 год – таваразварот склаў каля 84 мільёнаў даляраў ЗША, экспарт – 3,5. З таго часу экспарт нашай прадукцыі ў Кітай толькі расце, прычым перашкодай яму не стала нават пандэмія(экспарт у 2022-м і 2021 гадах перавысіў 27 мільёнаў). А 2022 год стаў рэкордным па аб’ёмах экспартных паставак тавараў, перавысіў 55 мільёнаў (рост да ўзроўню 2021 года практычна ў 2 разы).

— Чым мы цікавыя кітайскім партнёрам і ці мянялася гэта цікавасць у працэсе развіцця адносін?

— Запатрабаваная кітайскімі партнёрамі прадукцыя з цягам часу мянялася, што з’яўляецца прыкметай здаровых рыначных адносін. Так, у 2006 годзе аснову экспарту Віцебскай вобласці ў Кітай склалі пастаўкі джгута сінтэтычных нітак – звыш 97 працэнтаў. А экспартная карзіна была прадстаўлена 12 узбуйненымі пазіцыямі. А па выніках 2021 года экспартная карзіна Віцебшчыны пашырылася да 28 пазіцый, і яе аснову сталі фарміраваць пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі (мяса, малако і малочная прадукцыя) – каля 70 працэнтаў.

У цэлым асновай экспарту служыць сельскагаспадарчая і харчовая прадукцыя (мяса-малочная прадукцыя, сухія кандытарскія вырабы, масла рапсавае), таксама ёсць цікавасць да нафтахіміі (поліэтылен, джгут акрылавы, шклотканіны), ільноперапрацоўкі, дрэваапрацоўкі, лікёра-гарэлачных вырабаў, торфу.

— Што ўяўляе найбольшую цікавасць для кітайскага боку апроч эканамічных кантактаў?

— Кітайскія дэлегацыі звяртаюць пільную ўвагу яшчэ на тры аспекты: адукацыю, культуру, турызм. Віцебшчына актыўна развівае супрацоўніцтва з Кітаем у сферы адукацыі. З 2021 года кратна павялічылася колькасць кантактаў між універсітэтамі, у кожнай вышэйшай навучальнай установы вобласці сёння ўстаноўлены дзелавыя кантакты з некалькімі профільнымі ўніверсітэтамі і каледжамі правінцый Кітая. Ідзе цеснае ўзаемадзеянне з афіцыйнымі арганізацыямі-пасрэднікамі, якія акумулююць кітайскіх абітурыентаў, што жадаюць атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой, з мэтай накіравання іх на навучанне да нас.

З мэтай падтрымкі эфектыўнага рэальнага ўзаемадзеяння рэгулярна праходзяць анлайн- і афлайн-мерапрыемствы. У 2023 годзе прадстаўнікі ўсіх універсітэтаў вобласці з дзелавымі візітамі пабывалі ў Кітаі.

У цяперашні час першаступеннай задачай лічыцца павелічэнне колькасці студэнтаў і магістрантаў з КНР з улікам зняцця пандэмійных абмежаванняў і высокага попыту на адукацыйныя паслугі. Садзейнічае развіццю адносін у адукацыйнай сферы пацверджаны папярэднімі кітайскімі студэнтамі ўзровень адукацыі ў нашых вышэйшых навучальных установах, а таксама вопыт і кампетэнцыі ў запатрабаваных і папулярных спецыяльнасцях.

У сферы культуры таксама адбываецца постпандэмійнае аднаўленне сувязей. Гэта кампанент дзяржаўнага ўзаемадзеяння праз Пасольства Кітая ў Рэспубліцы Беларусь з мэтай выклікаць цікавасць да кітайскай культуры, яе пранікненню ў наша грамадства. Актыўную ролю ў супрацоўніцтве іграе кітайская дыяспара (у тым ліку студэнцкая моладзь і кітайскія выкладчыкі).

— Якія перспектывы супрацоўніцтва Віцебскай вобласці і правінцый Кітая?

— Далейшае супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні будзе адбывацца ў русле інтэнсіфікацыі кантактаў з выхадам на ўстойлівы рост аб’ёмаў знешняга гандлю (у першую чаргу нашага экспарту тавараў), наладжванне культурна-адукацыйнага абмену.

У эканамічнай сферы сярод галоўных чаканняў – рэалізацыя сумесных інвестыцыйных праектаў з прыцягненнем кітайскіх рэсурсаў і тэхналогій. Апошнімі яркімі праектамі былі будаўніцтва Віцебскай ГЭС (буйнейшай у рэспубліцы) і ўдзел у мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната.

Цікавасць у кітайскіх партнёраў прасочваецца да маштабных праектаў у сферы аграпрамысловага комплекса. Але тут важна ўтрымліваць баланс як у эканамічным развіцці ўласных арганізацый, так і з пазіцыі экалагічнай і біялагічнай бяспекі тэрыторыі.