27 верасня 2022 года на пляцоўцы Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў адбыўся беларуска-казахстанскі круглы стол «Казахстан і Беларусь: шляхам дружбы і супрацоўніцтва», арганізаваны сумесна з Пасольствам Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Аскар Бейсенбаеў, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Макараў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Любецкая, члены Савета Рэспублікі Андрэй Русаковіч і Алег Раманаў, член-карэспандэнт НАН Беларусі Сяргей Рахманаў, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, аналітыкі БІСД.
У цэнтры ўвагі круглага стала былі актуальныя пытанні беларуска-казахстанскага супрацоўніцтва, у тым ліку бягучы стан міждзяржаўных адносін Беларусі і Казахстана і перспектывы двухбаковага ўзаемадзеяння ва ўмовах сучасных выклікаў. Павестка мерапрыемства ўключала таксама пошук новых кропак росту і магчымасцей для дзвюх дзяржаў у кантэксце пераўтварэнняў і рэформ у межах стратэгіі будаўніцтва «Новага Казахстана», якая праводзіцца Прэзідэнтам Рэспублікі Казахстан Касым-Жамартам Такаевым.
Ацэньваючы вынікі трох дзесяцігоддзяў дружбы нашых краін, удзельнікі экспертнай дыскусіі выказалі сваё бачанне па шэрагу аспектаў стратэгічнага партнёрства Беларусі і Казахстана.
Дырэктар БІСД Алег Макараў: «У нас вельмі добрая гісторыя адносін. Няма ніякіх момантаў, якія мы імкнуліся б замоўчваць або не згадваць. Гэта прымушае задумацца, наколькі хутка мы дапамагаем адзін аднаму развівацца, наколькі хутка нашы інтарэсы збліжаюцца? З нашага пункту гледжання, недастаткова хутка. У нас ёсць усе падставы, каб у сённяшніх няпростых геапалітычных умовах зрабіць такія крокі насустрач адзін аднаму, каб мы адчувалі сябе больш упэўнена. Ці час зараз для паступальнага руху або трэба зрабіць нейкія рэзкія рухі насустрач адзін аднаму? У такіх сур’ных і самастойных ігракоў, як Беларусь і Казахстан, ёсць усе шанцы для колькасна-якаснага пераходу ў двухбаковых адносінах. Вельмі важна пераадолець цяжкасці, звязаныя з вялікімі адлегласцямі, з культурнымі момантамі і асаблівасцямі, і тут Казахстан для нас вельмі зразумелы партнёр і краіна, таму што ў нас вельмі вялікі тэрмін сумеснага жыцця ў адной дзяржаве (Савецкім Саюзе). У нас вельмі добрыя культурныя сувязі ў постсавецкі перыяд, якія даюць надзею на тое, што з дапамогай Казахстана мы можам лепш даведацца пра азіяцкі рэгіён і іншыя краіны і зможам зарыентаваць сваю рэгіянальную спецыялізацыю, экспарт, турызм, культуру і іншыя сферы на гэты рэгіён».
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Аскар Бейсенбаеў: «30 гадоў па мерках гісторыі – невялікі перыяд, але гэта вельмі важны перыяд для нашых краін, каб ацаніць дасягнутыя вынікі супрацоўніцтва і вызначыць планы на перспектыву. Нашы краіны ўдзельнічалі ў сумесных праектах, павялічвалі аб’ёмы ўзаемнага гандлю і падтрымлівалі адзін аднаго па актуальных пытаннях міжнароднай павесткі дня. На сучасным этапе Казахстан і Беларусь дасягнулі шматпланавага сістэмнага характару двухбаковых адносін па ўсіх накірунках супрацоўніцтва і сёння выйшлі на якасна новы ўзровень узаемадзеяння – стратэгічнае партнёрства. Казахстан і Беларусь за гэты час пабудавалі «залаты мост» адносін між казахскім і беларускім народамі. Мы здолелі не толькі захаваць і ўмацаваць ранейшыя культурна-гуманітарныя сувязі, але і наладзіць новыя адносіны. Казахстан уваходзіць у зусім новую эпоху, якая нясе фундаментальныя змены. Ва ўмовах глабальнай нестабільнасці і мноства новых выклікаў нам трэба замацаваць свае каштоўнасныя арыенціры, сфарміраваць выразны вобраз будучыні. Сёння ў казахстанскім грамадстве маецца разуменне логікі і перспектыў нашых планаў па трансфармацыі палітычнай сістэмы. Канструктыўны дыялог на вышэйшым узроўні, зацікаўленасць дзвюх краін ва ўзаемавыгадным супрацоўніцтве, стратэгічнае партнёрства і асабліва наша народная дыпламатыя з’яўляецца той самай цэментуючай падставай для далейшага ўмацавання і развіцця дружбы народаў Казахстана і Беларусі».
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўству, кіраўнік Рабочай групы па супрацоўніцтву з Парламентам Казахстана Святлана Любецкая: «Здавалася б, сама гісторыя падводзіць да прыняцця тых рашэнняў для ўмацавання дзяржаўнасці на еўразійскай прасторы і выпрацоўцы тых прававых механізмаў, якія раней, магчыма, не былі патрэбны або не былі вядомы. І ў гэтай частцы ўзаемнае абагачэнне ў межах заканадаўчай дзейнасці з“яўляецца дастаткова важным. Немалаважная сфера, якая сёння выходзіць на перадавыя пазіцыі, датычыцца культурна-гуманітарных сувязей. Паважлівае стаўленне і ўзаемны інтарэс да нацыянальных асаблівасцяў, традыцый, жыццёвага ўкладу, узаемнага абагачэння – гэта патэнцыял, які з’яўляецца скрэпамі для прадуктыўнага тэхнічнага і эканамічнага супрацоўніцтва. Молодзі, якая далей будзе прымаць эстафету ў справе развіцця дзяржаўнасці нашых краін, вельмі дапаможа ўсходняя мудрасць казахаў, памяркоўнасць і разважлівасць беларусаў. Залог поспеху – гэта пачуццё павагі, узаемнай сімпатыі, прыхільнасць забеспячэнню бяспекі і стабільнасці на еўразійскай прасторы».
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Андрэй Русаковіч: «Брацкі стратэгічны саюз – тое, да чагомы прыйшлі ў выніку 30-гадовага ўзаемадзеяння, 30 складаных гадоў пасля распаду Савецкага Саюза. Сістэма ААН, АБСЕ, інтэграцыйныя структуры на постсавецкай прасторы, ШАС – гэта канструкцыі сучаснага свету. Наша агульная задача – зрабіць так, каб гэтыя апорныя кропкі будучага светаўпарадкавання працавалі з пункту гледжання ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва, але не канфрантацыйнасці. І Беларусь, і Казахстан маюць вельмі вялікі пазітыўны вопыт удзелу ў розных інтэграцыйных структурах, пачынаючы з СНД і ЕАЭС. Важна рэалізаваць прынцып адзінай эканамічнай прасторы, якая будзе працаваць на карыць усіх народаў. У Беларусі ёсць прыярытэтны вопыт будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Яго прынцыпы і дасягненні можа выкарыстоўваць і Казахстан. Інтэграцыя – наш прыярытэт, і Казахстан тут адзін з першых партнёраў беларускай дзяржавы. Разам мы мацней, і разам мы будзем развіваць нашы краіны ў міжнароднай супольнасці».
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Алег Раманаў: «Адносіны між Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Казахстан знаходзяцца ў вельмі добрым модусе ў тым сэнсе, што яны адпавядаюць патрабаванням сусветнай палітыкі і эканомікі. Перш за ўсё – рэгіяналізацыі, стварэння буйных рэгіянальных блокаў, якія аб“ядноўваюць значны прамысловы, тэхналагічны, дэмаграфічны, ваенны патэнцыял і тым самым гарантуюць значна большую паспяховасць і бяспеку, чым калі б гэта адбывалася паасобку. У гэтым накірунку неабходна рухацца і далей. Ступень інтэграцыі ў накірунку рэгіянальнага блоку можа і павінна ўзрастаць, таму што гэта таксама адпавядае запатрабаванням усіх удзельнікаў і законам сусветнай гісторыі. Для нас уяўляюць значную цікавасць тыя рэформы, якія ажыццяўляюцца ў Рэспубліцы Казахстан, з улікам таго, што ў нас ідуць падобныя працэсы. У высокай ступені гатоўнасці знаходзіцца законапраект аб унясенні змяненняў у Закон «Аб палітычных партыях і грамадскіх аб’яднаннях», што дае новы імпульс партыйнаму развіццю ў нашай краіне. Вопыт такой моцнай палітычнай сістэмы як Рэспубліка Казахстан для нас уяўляе безумоўную цікавасць. Вывучэнне перспектыўнага вопыту з’яўляецца не проста цікаўным, але неабходным, каб больш глыбока прадумваць рашэнне тых праблем, якія стаяць перад нашымі краінамі, і знаходзіць аптымальныя адказы на выклікі».
Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Рахманаў: «Адносіны Беларусі і Казахстана – гэта жыццёва важнае ўзаемадзеянне, цывілізацыйнае ўзаемадзеянне. Мы роднасныя цывілізацыі. У межах Савецкага Саюза мы сфарміравалі супольнасць, якая яшчэ працуе, і глыбей некаторых унутрыцывілізацыйных адносін. Мы павінны вельмі сур’ёзна займацца агульнай аналітыкай. У нас павінна быць агульная стратэгія развіцця, адпаведныя праграмы і дзеянні. У кожнай краіны ёсць сваё бачанне, але мне здаецца, што зараз трэба было б знайсці варыянты, каб максімальна зблзіць нашы падыходы, фармалізаваць гэта збліжэнне і дзейнічаць такім чынам у адным накірунку і на постсавецкай прасторы ў межах інтэграцыйных структур, дзе мы ўдзельнічаем, і на міжнародным узроўні».
Прааналізаваўшы бягучую павестку беларуска-казахстанскага партнёрства ў кантэксце сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных пераўтварэнняў, якія адбываюцца ў дзвюх дзяржавах, а таксама ў межах беларускай стратэгіі “павароту ў Азію”, удзельнікі круглага стала прыйшлі да вываду аб важнасці працягу экспертных дыскусій, якія будуць садзейнічаць пошуку адэкватных адказаў на выклікі часу, актыўнаму развіццю адносін між Беларуссю і Казахстанам.