Сёння, 10 лютага, пачаўся прыём заявак на ўдзел у III Рэспубліканскім конкурсу аналітычных праектаў і даследаванняў. У гэтым годзе падаць працы можна ў пятнаццаці напрамках. Сярод іх — будучыня рынка працы, беларускія медыя і інфармацыйная прастора, штучны інтэлект і лічбавыя тэхналогіі, горад будучыні, турыстычны патэнцыял рэгіёна і іншыя. Удзельнікамі могуць зрабіцца студэнты і працоўная моладзь ад 18 год і болей.
Маладым аналітыкам трэба прыслаць арганізатарам свае даследаванні да 1 красавіка, распавёў намеснік дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталь Пунчанка:
У мінулым сезоне на конкурс падалі заяўкі больш за тры сотні чалавек. Думаю, у 2026-м адгукнецца яшчэ болей маладых аналітыкаў з усіх куткоў краіны. Адна з навін гэтага года — удзел у конкурсу партнёраў з Расіі і Кітая. Нашыя маладыя аналітыкі часта праходзяць стажыроўкі ў гэтых краінах, удзельнічааюць у міжнародных канферэнцыях. Дзякуючы гэтаму новаўвядзенню мы зможам маштабаваць міжнароднае супрацоўніцтва.
Яшчэ адна з навін гэтага сезону — магчымасць прыслаць для ўдзелу не гатовае даследаванне, а толькі ідэю для яго, дадаў аналітык БІСД Яўген Харук:
— За два гады існавання конкурса мы заўважылі, што моладзь актыўна цікавіцца аналітычнымі даследаваннямі. Хлопцы і дзяўчыны хочуць разбірацца ў патоках інфармацыі, разумець, як усё наладжана. Часта ім не хапае ведаў, каб падрыхтаваць паўнавартаснае даследаванне. Таму ў гэтым годзе мы разглядзім і ідэі таксама. А потым разам са студэнтамі будзем працаваць у выбраным напрамку. Такім чынам кожны будзе мець магчымасць паказаць сваё бачанне будучыні краіны.
Другакурсніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту харчовых і хімічных тэхналогій Анастасія Пінчук разам з камандай у мінулым годзе прадстаўляла на конкурсе праект з галіны біяэканомікі. Дзяўчына распавядае:
— Мы разам з аднакурснікамі даследавалі магчымасць стварэння біямарозіва. Наша ідэя прайшла ў рэспубліканскі фінал конкурсу. Пасля гэтага нас запрасілі ў летнюю школу маладога аналітыка. Там мы даведаліся шмат новага і цікавага аб правядзенні даследаванняў. Зараз мы распрацоўваем прапанову для магілёўскай фабрыкі марозіва па вырабу нашага ноу-хау.
Параўнаць падыходы да адукацыі дзяцей у нашай краіне і за мяжой — такую мэту паставіў сабе настаўнік гісторыі мінскай гімназіі № 5 імя герояў сустрэчы на Эльбе Віталь Раманюк:
— Асабліва мне цікавы вопыт Кітая. Я нават пачаў вывучаць кітайскую мову, каб лепш разбірацца ў сістэме. Напрыклад, з мінулага года яны выкарыстоўваюць ШІ на ўроках. Мяркую, укараненне нейрасетак на занятках у беларускіх школах дапамагло бы палепшыць якасць адукацыі, зрабіць урокі цікавейшымі для дзяцей. Параўноўваў таксама падыходы да навучання ў Беларусі і Расіі. Яшчэ не думаў аб тым, якое даследаванне падаць для ўдзелу ў новым сезоне, але гэта дакладна будзе звязана з адукацыяй.
Арганізатарам конкурса выступае Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. З падрабязнай інфармацыяй можна азнаёміцца на сайтах БІСД і маладзёжнага аналітычнага руху.
Крыніца: БЕЛАРУСЬ СЕГОДНЯ
