22-23 чэрвеня ў фармаце відэаканферэнцыі прайшла другая дадатковая нарада Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) па чалавечым вымярэнні на тэму “Свабода выказвання меркаванняў, СМІ і інфармацыі”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел эксперты больш як з 50 краін, прадстаўнікі інстытутаў і выканаўчых структур АБСЕ, міжнародных арганізацый, а таксама грамадзянскай супольнасці і акадэмічных колаў.
Удзельнікі абмеркавалі наступныя блокі пытанняў: свабода выказвання меркаванняў і яе ўзаемасувязь з іншымі асноватворнымі свабодамі; доступ да інфармацыі; свабода сродкаў масавай інфармацыі; роля незалежных і плюралістычных СМІ.
Выступленне дырэктара БІСД Алега Макарава на дадатковай нарадзе АБСЕ па чалавечым вымярэнні на тэму “Свабода выказвання меркаванняў, СМІ і інфармацыі”.
Паважаныя ўдзельнікі канферэнцыі!
Прадстаўнік Папскага Прастолу сказаў вельмі мудрыя і правільныя словы аб непрымальнасці выкарыстання свабоды слова для любога роду дыскрымінацыі. Свабода слова апаганьваецца, калі накіравана на штучнае стварэнне раздзяляльных ліній у грамадстве, стварае атмасферу ўзаемнага недаверу і варожасці.
Але што мы бачым зараз? Тэма COVID-19 палітызаваная ў СМІ. Па нашых адчуваннях, Беларусь тры месяцы знаходзіцца пад “медыйным прэсінгам з боку “ўсяго свету”. У артыкулах, што публікуюцца, медыцынскія падставы для крытыкі адсутнічаюць. Беларускія медыкі не рабілі страшны выбар каму жыць, каму паміраць. Паводле нашых даследаванняў, у 75 працэнтах публікацый для крытыкі выкарыстоўваюцца вырваныя з кантэксту заявы Прэзідэнта Беларусі. І такія артыкулы друкуюцца не толькі пра Беларусь.
Напрошваецца аналогія, калі інтэрв’ю галоўнага эпідэміёлага Швецыі было расцэнена большасцю медыя “як раскаянне”. Спецыяліст быў вымушаны паўторна склікаць прэс-канферэнцыю для пацверджання прыхільнасці ранейшым падыходам. Аднак апошні выступ ужо не выклікаў такога вялікага рэзанансу. Пачулі тое, што хацелі пачуць.
Ці разумеюць аўтары такіх публікацый стратэгічныя наступствы сваіх дзеянняў для Еўропы? Сёння незалежныя даследаванні вядучых фабрык думкі канстатуюць, што палітызацыя барацьбы з пандэміяй можа яшчэ больш раздрабніць еўрапейскую сям’ю.
Гэта ўжо адчуваецца на бытавым узроўні жыхарамі краін, якія не пасаромеліся ісці сваім шляхам у барацьбе з COVID-19 і адкрыта пра гэта заявілі. Мы назіраем, як гэтыя грамадзяне становяцца таксічнымі. Іх правы на свабоду перамяшчэнняў і эканамічную актыўнасць аднаўляюцца ў апошнюю чаргу. Гэта – наша новая рэальнасць, і гэта – наша агульная праблема.
Мы супраць распальвання на міждзяржаўным узроўні варожасці па прыкмеце рэагавання на пандэмію. Мы ўсе павінны прыкласці намаганні, каб не стаць закладнікамі такой складанай сітуацыі.
Неабходна ствараць моду на ўзаемадапамогу. Дзяліцца найлепшымі практыкамі, пераадольваць супярэчнасці і шаблоны ўзаемнага ўспрымання адзін аднаго. Па аналогіі з грузамі міжнароднай гуманітарнай дапамогі варта сур’ёзна задумацца пра спосабы аказання міжнароднай інфармацыйнай гуманітарнай дапамогі. Як паказвае практыка, часам дастаткова проста не нагнятаць медыяпрастору.
Рэспублікай Беларусь на аснове прынятых у нацыянальным заканадаўстве норм інфармацыйнага нейтралітэту і інфармацыйнага суверэнітэту на пляцоўках ААН і АБСЕ прапанавана ініцыятыва стварэння пояса лічбавага добрасуседства.
Дадзеная ініцыятыва пры нашых агульных намаганнях можа стаць новым міжнародным наратывам талерантнай і транспарэнтнай абароны свабоды слова.
Дзякуй за ўвагу!