Дата публикации

Гістарычная памяць у фокусе Парламенцкіх слуханняў

29 красавіка 2021 года ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адбыліся парламенцкія слуханні «Тэрытарыяльная цэласнасць і народнае адзінства Беларусі. Гісторыка-прававыя аспекты ўз’яднання заходнебеларускіх земляў у складзе БССР». У час мерапрыемства аналітык БІСД Ігар Валахановіч выступіў з дакладам «Польскае антысавецкае падполле на тэрыторыі Заходняй Белрусі ў пасляваенны перыяд».

Ацэньваючы дзейнасць польскага антысавецкага падполля на тэрыторыі Беларусі ў пасляваенны перыяд, дакладчык вылучыў шэраг фактараў:

1. Стварэнне і дзейнасць Арміі Краёвай і «пастакаўскага» падполля з’явілася ў тым ліку следствам і вынікам нявырашаных тэрытарыяльных савецка-польскіх праблем 1920-х – 1940-х гадоў. «Польскае пытанне» як знешнепалітычная праблема рашалася не толькі ў час дыпламатычных перамоў, але і ў час барацьбы падпольных антысавецкіх узброеных фарміраванняў з органамі савецкай улады.

2. Дзейнасць «пастакаўскага» падполля на тэрыторыі Заходняй Беларусі інспірыравалася звонку і з’яўлялася адным з фактараў дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай абстаноўкі Савецкага Саюза падчас «халоднай вайны». Знешняя падтрымка з’явілася адной з прычын таго, што польскае антысавецкае падполле змагло такі доўгі час супрацьстаяць савецкім органам дзяржаўнай бяспекі і ўнутраных спраў.

3. Дзейнасць польскага антысавецкага падполля ў пасляваенны перыяд на тэрыторыі Беларусі мела не толькі антысавецкі (антакамуністычны) характар, але і антыбеларускі. Асноўнай мэтай дзеянняў «пастакаўскіх» падпольных структур было аднаўленне Польскай дзяржавы ў межах на верасень 1939 года.

У разлік не прымааліся статус Беларускай ССР як адной з краін-заснавальніц ААН, а таксама гарантаванне пасляваенных межаў Беларускай ССР Ялцінска-Патсдамскімі пагадненнямі. Тым самым фактычна аспрэчвалася права беларускай нацыі на самавызначэнне і ўласную дзяржаўнасць. Дзейнасць «пастакаўскага» падполля з’яўлялася адной з сур’ёзных пагроз для далейшага паспяховага развіцця беларускай нацыі і ўмацавання нацыянальна-дзяржаўнай ідэнтычнасці беларусаў у межах БССР як адной з гістарычных форм беларускай дзяржаўнасці.