9 снежня аналітык БІСД Антон Дударонак прыняў удзел у круглым стале «Казахстан у сучасным свеце. Фактар лідарства Н.А. Назарбаева», арганізаваным пры садзейнічанні Пасольства Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь. За круглым сталом сабраліся дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, вядомыя дзеячы культуры, прадстаўнікі вядучых ВНУ РБ, палітолагі, эксперты, журналісты, каб абмеркаваць пытанні супрацоўніцтва з Казахстанам.
У сваім выступе Антон Дударонак адзначыў, што «для Беларусі вялікі інтарэс уяўляе дзяржаўная праграма мадэрнізацыі грамадскай свядомасці, якая ажыццяўляецца ў Казахстане і разам з канстытуцыйнай рэформай і тэхналагічнай мадэрнізацыяй эканомікі ў сукупнасці складае трыадзіную задачу «трэцяй мадэрнізацыі» краіны. Ва ўмовах сучасных выклікаў Беларусь і Казахстан стаяць перад неабходнасцю пошуку новых драйвераў росту і выпрацоўкі ўласных стратэгій развіцця на перспектыву. Нашы дзяржавы таксама спрабуюць знайсці адказ на выклікі сучаснасці праз рэфармаванне эканомікі, для чаго ёсць неабходныя перадумовы».
Удзельнікі круглага стала падкрэслілі важнасць працягу пераемнасці стратэгічнага курсу развіцця краіны, высока ацанілі палітыка-эканамічныя і грамадскія пераўтварэнні ў Казахстане і пажадалі поспехаў новым палітычным распачынанням у краіне, ініцыяваным прэзідэнтам К. Такаевым.