31 студзеня 2023 года аналітык БІСД Юрый Ярмоленскі па запрашэнні кіраўніцтва Супольнасці знешняй палітыкі Інданезіі (Foreign Policy Community of Indonesia, FPCI) удзельнічаў (анлайн) у штогадовым брыфінгу для прэсы, арганізаваным МЗС Інданезіі.
У фокусе мерапрыемства былі дасягненні знешняй палітыкі Інданезі ў 2022 годзе, а таксама асноўныя прыярытэты і «дарожная карта» на 2023 год.
Даведачна:
У якасці асноўных спікераў выступілі доктар Дзіна Паці Джалал, заснавальнік і кіраўнік FPCI; прафесар Дэві Фартуна Анвар, сузаснавальнік FPCI і прафесар-даследчык Нацыянальнага агенцтва даследаванняў і інавацый (BRIN); доктар Ліна Аляксандра, кіраўнік аддзела міжнародных адносін Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў Інданезіі (CSIS); Эндзі Баюні, старэйшы рэдактар і член савета дырэтараў выдання “The Jakarta Post”
Згодна з ацэнкамі ўдзельнікаў дыскусіі, старшынства ў G20 у 2022 годзе прыцягнула да краіны ўвагу ўсяго свету і садзейнічала прытоку мільярдных інвестыцый.
Са спасылкай на дадзеныя Сусветнага Банка адзначана, што ў 2021 годзе УВП Інданезіі склаў 1,19 трлн. даляраў, што зрабіла яе 16-й эканомікай свету і першай у рэгіёне Паўднёва-Усходняй Азіі.
У сваю чаргу, па версіі Міжнароднага гандлёвага цэнтра ЮНКТАД/СГА краіна займае 30-е месца ў сусветным рэйтынгу імпарцёраў (пры гэтым яе доля ў сусветным аб’ёме імпарту – 0,87%). У 2021 годзе аб’ём імпарту Інданезіі дасягнуў 195,7 млрд.даляраў, павялічыўшыся на 38% у параўнанні з папярэднім годам.
Зыходзячы з такіх эканамічных паказчыкаў, Інданезія з’яўляецца для Беларусі перспектыўным экспартным накірункам у межах «павароту ў Азію».