Дата публікацыі

Антыфэйкавая «рэвалюцыя»: рэаліі і перспектывы

Як паказвае рэтраспектыўны аналіз дынамікі развіцця падзей, у большасці краін fake news з руціннага элемента абстаноўкі ў інфармацыйнай сферы планамерна трансфармуюцца ў фактар пагрозы нацыянальнай бяспецы. Гэтая нярадасная рэальнасць прызнаецца публічна не толькі малымі і сярэднімі дзяржавамі, але і сусветнымі грандамі, якія задаюць тон і “правілы гульні” ў глабальнай палітыцы і эканоміцы.

У пачатку кастрычніка 2019 года ў Сінгапуры быў прыняты супярэчлівы (з пункту гледжання праваабаронцаў) Закон “Аб абароне ад распаўсюджвання ў інтэрнэце фэйкавай інфармацыі і маніпуляцый”, які надаў уладам шырокія паўнамоцтвы. Цяпер праваахоўнікі маюць права патрабаваць ад сацсетак і інфармацыйных рэсурсаў унясення правак або выдалення кантэнту, блакіравання сайтаў, якія распаўсюджваюць недакладную грамадска значную інфармацыю, выпраўлення публікацый або размяшчэння побач з імі папярэджання аб яе недакладнасці або непраўдзівасці. Закон устанаўлівае крымінальную адказнасць за наўмыснае распаўсюджванне фэйкаў з максімальным пакараннем у выглядзе турэмнага зняволення да 10 гадоў і штрафу ў памеры да 1 млн сінгапурскіх долараў (735 тыс.долараў ЗША). Пры гэтым фармулёўка, што такое “фэйкавыя навіны”, невыразна прапісана, што пакідае мноства шчылін на карысць уладаў.

Па заяве прэм’ер-міністра Сінгапура Лі Сянь Луна, у апошнія гады горад-дзяржава стаў “аб’ектам варожых інфармацыйных кампаній”, таму закон будзе эфектыўным інструментам для барацьбы з дэзінфармацыяй.

Такім чынам, Сінгапур, які і без таго дастаткова жорстка цэнзуруе свае СМІ, унёс сваю лепту ў агульную тэндэнцыю ў Паўднёва-Усходняй Азіі па ўзмацненні жорсткасці дзяржрэгулявання ў сферы інфармацыйнай бяспекі, у чым праваабарончыя арганізацыі і актывісты ўгледзелі пагрозу свабодзе слова. Паводле рэйтынгу свабоды прэсы “Рэпарцёраў без межаў”, краіна знаходзіцца на 151 месцы са 180-ці пазіцый.

У выніку “пад ударам”, акрамя звычайных СМІ, апынуліся Facebook, Google і Twitter, штаб-кватэры якіх знаходзяцца ў Сінгапуры. Закон распаўсюджваецца не толькі на анлайн-форумы, але і на асабістыя паведамленні, якія адпраўляюцца праз зашыфраваныя платформы абмену паведамленнямі, такія як WhatsApp і Telegram.

У канцы лістапада з’явіліся першыя прыклады правапрымяняльнай практыкі: Сінгапурскі палітык Брэд Бойер, брытанец па паходжанні, які атрымаў сінгапурскае грамадзянства і ў розныя гады знаходзіўся ў кіруючай і ў некалькіх апазіцыйных партыях, быў вымушаны выправіць свой пост у Facebook. Аналагічныя прэтэнзіі былі прад’яўлены блогеру Алексу Тану, грамадзяніну Аўстраліі, які не пражывае пастаянна ў Сінгапуры і які адмовіўся выканаць гэтае патрабаванне.

Дарэчы, Сінгапур, якім кіруе партыя “Народнае дзеянне” з моманту здабыцця незалежнасці ў 1965 годзе, знаходзіцца напярэдадні правядзення ўсеагульных выбараў, афіцыйная дата якіх пакуль не вызначана.

У сакавіку 2019 года закон, які прадугледжвае блакіроўку недакладных навін і навін, якія скажаюць факты (фэйкавых), а таксама матэрыялаў, якія абражаюць грамадства, дзяржаўныя сімвалы і інстытуты ўлады, быў прыняты таксама і ў РФ. Дакумент забараняе распаўсюджваць у інфармацыйных сетках недакладную інфармацыю, якая мае грамадскае значэнне, стварае пагрозу прычынення шкоды жыццю і (або) здароўю грамадзян, маёмасці, пагрозу масавага парушэння грамадскага парадку і бяспекі альбо пагрозу стварэння перашкод функцыянаванню або спыненню функцыянавання аб’ектаў жыццезабеспячэння, транспартнай або сацыяльнай інфраструктуры, крэдытных арганізацый, аб’ектаў энергетыкі, прамысловасці або сувязі.

У выпадку парушэння ўстаноўленых законам норм генпракурор РФ, а таксама яго намеснікі могуць звярнуцца ў Раскамнагляд з просьбай абмежаваць доступ да гэтых інфармацыйных рэсурсаў. У сваю чаргу, Раскамнагляд абавязаны паведаміць парушальніку аб неабходнасці выдаліць ілжывую інфармацыю.

Расійскі “антыфэйкавы” закон таксама выклікаў хвалю негатыву ў заходніх СМІ і па лініі праваабарончых арганізацый.

У той жа час, аналагічныя законы ўжо даўным-даўно дзейнічаюць у шэрагу англасаксонскіх і іншых еўрапейскіх краін. Тлумачыцца гэта вельмі проста: у інтэрнэце, аўдыторыя якога па даных англійскага аналітычнага агенцтва “We Are Social” складае 4,4 млрд. чалавек, менш за 60% паведамленняў, што публікуюцца, пішуцца рэальнымі людзьмі. Астатні аб’ём генерыруюць боты, а таксама аўтаматычныя агрэгатары навін, у тым ліку і фэйкавых. Пры гэтым аб’ём дэзінфармацыі, якая распаўсюджваецца праз інтэрнэт, расце так хутка, што фэйкавыя навіны пачынаюць выцясняць рэальныя.

Лагічна і заканамерна, што, усведамляючы гэтую пагрозу, вядучыя краіны свету пачалі выбудоўваць сістэмы абароны ад фэйкаў, каб стварыць прафесійныя “інгібітары” ад “карозіі” фэйкаў, што раз’ядае грамадскія і дзяржаўныя інстытуты.

Падобна на тое, што далей за ўсіх прасунулася ў гэтым пытанні Вялікабрытанія. Так, брытанскі ўрад заявіў аб планах стварыць асобны орган па забеспячэнні бяспекі камунікацый для барацьбы з дэзінфармацыяй з боку дзяржаў і прыватных асоб. Раней брытанскі ўрад заявіў аб намеры ўвесці лічбавую ідэнтыфікацыю ўсіх перадвыбарных аб’яў у СМІ.

Даклад камітэта брытанскага парламента, апублікаваны ў лютым 2019 года, вызначае фэйкі як “сур’ёзную пагрозу дэмакратыі”, заклікаючы прыняць больш жорсткія меры рэгулявання сацсетак. Галоўная рэкамендацыя – змяніць выбарчыя законы, якія ўлічылі б з’яўленне новага фактару ў медыйнай сферы і яго ўплыў на сацыяльныя і палітычныя працэсы.

Брытанскія міністры настойваюць на прамой адказнасці сацсетак за кантэнт, які публікуецца. Фактычна гэта намер замацаваць іх у законе ў ролі выдаўцоў, прымусіць выдаляць нелегальны кантэнт і ўстанаўліваць прыярытэты абароны карыстальнікаў, якія выходзяць за рамкі іх камерцыйных інтарэсаў.

Пры гэтым асноўны “зламысны і неаслабны паток дэзінфармацыі”, паводле версіі брытанскіх заканадаўцаў, распаўсюджвае не хто іншы, а кампанія “Facebook”.

Камітэт таксама звярнуўся да ўрада з просьбай рэфармаваць некаторыя з законаў, якія тычацца палітычнай рэкламы, і просіць правесці далейшае расследаванне ўплыву замежнікаў у палітычных кампаніях.

Парламентарыі запатрабавалі ад сацсетак выдаляць “шкодны” або “нелегальны” кантэнт на сваіх платформах і несці за гэта адказнасць у адпаведнасці з абавязковым этычным кодэксам, які павінен кантралявацца незалежным рэгулятарам (апошняя норма горача аспрэчваецца ў ЗША). На думку дэпутатаў, апошні павінен мець магчымасць падаваць судовыя іскі, калі такія кампаніі, як “Facebook”, адмаўляюцца выдаляць незаконны кантэнт. Заканадаўцы лічаць, што такому рэгулятару павінны быць прадастаўлены шырокія паўнамоцтвы, якія дазволілі б яму атрымліваць любую інфармацыю з сацсетак, якая можа мець дачыненне да любых запытаў.

У Германіі з 1 студзеня 2018 года працуе закон, які абавязвае сацсеткі з больш як 2 млн. зарэгістраваных карыстальнікаў сачыць за сваім кантэнтам (на сёння ўрад ФРГ выбраў 7 такіх сетак: Facebook, YouTube, Instagram, Twitter, Google+, Pinterest і Soundcloud). Калі сацсетка на скаргу не рэагуе і падобны выпадак не адзінкавы, кампаніі-ўладальніку пагражае штраф да 50 млн. еўра.

На заканадаўчым узроўні спрабуе змагацца з фэйкамі і Францыя: вясной г.г. набыў сілу прыняты яшчэ ў лістападзе 2018 года ініцыяваны асабіста прэзідэнтам Э. Макронам закон “Аб маніпуляванні інфармацыяй”.

У снежні 2018 года ў Аўстраліі прыняты “самы жорсткі ў заходніх краінах” законапраект, які абавязвае інтэрнэт-кампаніі прадастаўляць спецслужбам доступ да зашыфраваных паведамленняў. В’етнам прыняў закон аб кібербяспецы ў студзені 2019 года, устанавіўшы строгі кантроль над тэхнічнымі фірмамі, уключаючы стварэнне іх офісаў у краіне, лакальнае захоўванне даных і выкананне патрабаванняў аб выдаленні непажаданага кантэнту. Улады В’етнама ўжо набралі каля 10 тысяч чалавек для адсочвання пастоў у сацсетках.

У Егіпце блогеры, якія маюць больш за 5 тысяч падпісчыкаў, лічацца СМІ і нясуць поўную адказнасць за распаўсюд фэйкаў або падбухторванне да парушэння законаў.

У Кітаі прыватныя СМІ маюць права размяшчаць толькі тыя навіны грамадска-палітычнага характару, якія ўжо выйшлі ў дзяржаўных медыя.

У Камбоджы ў маі 2018 года напярэдадні агульнанацыянальных выбараў падпісана пастанова, якая дазваляе праводзіць расследаванне на сайтах СМІ, што распаўсюджваюць фальшывыя навіны.

Урад Тайланда плануе адкрыць спецыяльны цэнтр па барацьбе з падробленымі навінамі ў сацсетках. Раней у гэтай краіне ўжо быў прыняты шэраг актаў, у тым ліку законы аб кібербяспецы і камп’ютарнай злачыннасці.

. Індыйскі кейс ужо быў падрабязна разабраны і апісаны ў папярэднім каментары аўтара.

Дзеля справядлівасці варта заўважыць, што імкнуцца да “самаачышчэння” і самі сацсеткі: так, Facebook за апошні час аўтаматычна выдаліў больш за 3 млрд. фэйкавых акаўнтаў.

Хоць дэзінфармацыя менавіта ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў 2016 года ў ЗША, якая найбольш ярка паказала ўразлівасць дзяржаўнай машыны перад тварам пагрозы фэйкаў, дала старт “антыфэйкавай” нарматворчай хвалі ва ўсім свеце, вельмі дзіўнай і ў духу падвойных стандартаў выглядае рэакцыя амерыканскіх праваабаронцаў на гэтыя заканадаўчыя ініцыятывы.

Так, “Human Rights Watch” папярэджвае, што антыфэйкавы закон можа падарваць свабоду інтэрнэту не толькі ў Сінгапуры, але і ў іншых частках Паўднёва-Усходняй Азіі, адкрыўшы тым самым дзверы “лічбавага аўтарытарызму” і легалізуючы падаўленне іншадумства.

“Freedom House” у сваёй справаздачы “Freedom on the Net” за 2018 год пералічыла кожную краіну ў Паўднёва-Усходняй Азіі як “несвабодную” або “часткова свабодную”.

Падкрэсліваючы, што фальшывыя навіны “раздутыя, каб стаць прывідам 21-га стагоддзя, якога людзі павінны баяцца”, праваабаронцы выказваюць надзею, што краіны Паўднёва-Усходняй Азіі “прыйдуць у сябе, пакуль не стане занадта позна, і будуць прытрымлівацца малайзійскай мадэлі, якая прызнае, што існуючыя законы больш чым дастатковыя для барацьбы з так званым феноменам “фальшывых навін”. У адрозненне ад іншых краін рэгіёну, Малайзія адмяніла свой “Акт аб падробцы навін”, прыняты ў 2018 годзе былым прэм’ер-міністрам Наджыбам Разакам.

Не ўтрымаўся ад крытыкі азіяцкіх антыфэйкавых ініцыятыў і Спецыяльны дакладчык ААН па заахвочванні і абароне правоў на свабоду меркаванняў і іх выражэнняў Дэвід Кэй (грамадзянін ЗША), які ў сваім звароце да ўрада Сінгапура выказаў занепакоенасць тым, што закон “паслужыць асновай для стрымлівання цалкам законных выказванняў, асабліва публічных дэбатаў, крытыкі палітыкі ўрада”.

У якой меры адэкватна рэальнай сітуацыі нацыянальнае антыфэйкавае заканадаўства ў той ці іншай краіне, пакажа час і правапрымяняльная практыка. Аднак, нягледзячы на рэакцыю праваабаронцаў, журналісцкай супольнасці і іншых прыхільнікаў “лічбавага аўтарытарызму”, для разважнай часткі аўдыторыі цалкам відавочна, што трэнд на ўзмацненне “выканаўчай дысцыпліны” і адказных паводзін у сеціве Інтэрнэт абгрунтаваны і незваротны, бо грунтуецца на рэальнай пагрозе і ў далейшым будзе толькі нарастаць па меры пагаршэння глабальнай праблемы супрацьстаяння фэйкам і іншым выклікам у кіберпрасторы.