Толькі лянівы не выказаўся з нагоды акцый пратэсту супраць “паглыбленай інтэграцыі”, якія прайшлі 7-8 снежня ў Менску. На інтэрнэт-прасторах можна знайсці як радасныя воклічы аб небывалай атмасферы свабоды (якой не перашкаджалі нават супрацоўнікі міліцыі), так і сумныя жальбы аб адсутнасці крэатыву і “размыванні абвесткі”.
Сотні тысяч гледачоў (толькі на “Радыё Свабода” пяцігадзінны стрым другога дня пратэстаў сабраў больш за 130 тыс. праглядаў, а анлайн-рэпартажы вялі і іншыя інтэрнэт-рэсурсы, Telegram-каналы і СМІ) са змяшанымі пачуццямі сачылі за перамяшчэннем азяблых ад снежаньскага холаду і ветру рэдкіх калон маніфестантаў, то падбадзёрваючы, то пакепліваючы над прысутнымі. Паказальны “рэверанс” у бок арганізатараў ад відавочна непраўладнага Telegram-канала “Беларускі парадак”: “Заклінанне “Жыве Беларусь”, якое вязне ў зубах, абсалютна недарэчныя малітвы, чытанне вершаў пра “маскальскае ярмо” – гэта рэтраградства і жэсць. Відавочны крызіс ідэй...”. Хаця чаго іншага аўтары хацелі чакаць ад ветэранаў “барацьбы з расійскай агрэсіяй”?
Паўтараць збітыя тэзісы як з аднаго, так і з другога боку не мае сэнсу. Але некаторыя высновы з двухдзённага марафону ўсё ж варта зрабіць. Тым больш што эмоцыі ўжо ўлягліся, і можна прааналізаваць тое, што адбылося, на халодную галаву.
У пратэстах 7-8 снежня можна вылучыць тры трэкі.
Трэк першы – антыінтэграцыйны. За некалькі дзён да акцыі ў Telegram пракацілася хваля салідарнасці супраць “узмацнення інтэграцыі”. Пад адпаведнай заявай падпісалася больш за 60 Telegram-каналаў. Але пры гэтым усе тры пункты “петыцыі” практычна слова ў слова паўтараюць меседжы, што неаднаразова гучалі з вуснаў кіраўніка дзяржавы. Больш за тое, Прэзідэнт насуперак чаканням Telegram-панікёраў так і не паставіў свой подпіс пад “дакументамі, якія ідуць на шкоду суверэнітэту нашай краіны”. Таму са змястоўнай часткай закліку “тэлеграмеры” відавочна не адгадалі.
У аналізе пратэсту відавочна праглядаецца аналогія з нядаўнімі падзеямі ва Украіне, калі ўсенародна падтрыманага прэзідэнта на перамовах па пытаннях незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці (маецца на ўвазе сустрэча “Нармандскай чацвёркі”) не падтрымліваюць, а папярэджваюць, маўляў, глядзі, падазраём у “здрадзе”, гатовыя да расправы.
Напэўна, камусьці і ў беларускім палітыкуме вельмі імпануе сітуацыя, калі ў краіне ёсць законна абраная ўлада з вялікім крэдытам народнага даверу, а радыкальная меншасць навязвае ёй сваю волю, малюючы нейкія “чырвоныя лініі”. Зрэшты, практыка паказвае, перанос замежных шаблонаў на беларускія рэаліі – малаперспектыўны занятак.
Як ні парадаксальна, але Telegram-канал “Пул Першага” мае рацыю. Беларусы сапраўды сабраліся, каб падтрымаць Аляксандра Лукашэнку на перамовах з Уладзімірам Пуціным. Які б сэнс ні ўкладваў аўтар паста ў гэтую фразу, яна як нельга лепш характарызуе стан беларускага грамадства ў гэтыя дні. Бо “сабраліся” – гэта не столькі пра плошчу, колькі пра сабранасць, важнасць палітычнага і гістарычнага моманту. У гэтым галоўны маштаб і калібр падтрымкі. Яна выявілася ў спакойных і даверных (але пры гэтым далёка не абыякавых, што пацвярджаюць сацыялагічныя апытанні) адносінах пераважнай большасці грамадзян нашай краіны да працы ўпаўнаважаных асоб па праславутых “дарожных картах”, да “абстаноўкі сакрэтнасці” вакол сутнасці перамоў, да выключнай і няпростай місіі Кіраўніка дзяржавы – гарантаваць незалежнасць і суверэнітэт, захоўваючы пры гэтым курс на інтэграцыю ў інтарэсах Беларусі.
Калі б не гэты давер, Мінск даўно б ужо параўноўвалі з Ганконгам. З нагоды анансаваных “вулічных” збораў Прэзідэнт напярэдадні выразна пазначыў пазіцыю: такая падтрымка яму не патрэбная.
Другі трэк – гэта спроба некаторых палітыкаў выкарыстоўваць беларуска-расійскі перамоўны працэс, каб асядлаць папулярны сусветны трэнд на “стрымліванне Расіі”.
У празаходняй аналітыкі дамінуе спрошчанае разуменне, што суверэнітэт Беларусі тым больш трывалы, чым больш разыходжанняў з Расіяй. Пра гэта, дарэчы, 11 снежня казалі эксперты сумеснага праекту БІСД і БелТА “Экспертнае асяроддзе”. Напрыклад, у дакладзе “Значнасць Беларусі,што нарастае на Балтыйскім флангу НАТА “(апублікаваны 16 верасня 2019 г. Джэймстаўнскім фондам ЗША) фіксуецца ледзь не кожны выпадак несупадзення пазіцый Беларусі і Расіі: адмова размяшчаць на тэрыторыі нашай краіны расійскую авіябазу, абмежаванне колькасці расійскіх войскаў падчас вучэнняў “Захад-2017”, запрашэнне на вучэнні назіральнікаў з краін НАТА, непрызнанне беларускім бокам Крыма часткай Расіі, адмова прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі і г.д.
Але нават пры такой спрошчанай арыфметыцы “фабрыкі думкі” ў ЗША і Еўропе зрабілі важны крок наперад, сталі заўважаць тое, чаго не заўважалі па тых ці іншых прычынах раней. Сёння на Захадзе прызнаецца ранейшая недаацэнка ролі незалежнай Беларусі ў геапалітычнай сістэме каардынатаў і прагматычнага падыходу кіраўніцтва нашай краіны да выбудоўвання раўнапраўнага дыялогу па ўсім перыметры меж. І менавіта тут крыецца галоўная лагічная маніпуляцыя прагназёраў. Раўнапраўе – гэта не пра стрымліванне і не навязванне, гэта пра стаўленне суседа да цябе і наадварот. Роўнасць як раз і прадугледжвае ўмацаванне, а не размыванне альбо “частковае памяншэнне” суверэнітэту.
Асобнага аналізу ў гэтым кантэксце заслугоўвае танальнасць лозунгаў акцый, якія прайшлі 7-8 снежня. На вуліцах Мінска мы на свае вочы назіралі канцэнтраваную сумесь палітычнага хамства ў адрас суседняй краіны. А палітычная культура праяўляецца не толькі ў выкарыстанні модных шыльдаў і выгукаў, але і ў дачыненні да прадмету пратэсту. Пераход на абразы і асобы ніколі не рабіў гонару нават самым заўзятым героям. Зыходзячы з логікі нашага ўсходняга суседа, калі тваю радзіму называюць дзярмом, а прэзідэнта пасылаюць па вядомым адрасе, топчуць і разрываюць яго партрэты, ісці на кампрамісы ва ўзгадненні эканамічных “дарожных карт”, цэн на энерганосьбіты, доступу да рынкаў збыту – верх мазахізму. Магчыма, гэта і ёсць “хітры разлік” арганізатараў, калі ўжо Захад не ідзе на повадзе і не ўводзіць санкцыі.
Трэці трэк – антыпрэзідэнцкі. Антыпрэзідэнцкая рыторыка з’яўляецца “традыцыйным гарнірам” да любога пратэсту. Вынікаючы з яе, улада, як правіла, вінаватая ў любым з магчымых варыянтаў будучыні. Аднак у сённяшняй геапалітычнай сітуацыі хто рэальна забяспечвае незалежнасць і суверэнітэт Беларусі? Нават з пункту гледжання сённяшняй заходняй аналітыкі, праславуты “аўтарытарны рэжым” зрабіў для гэтага значна больш, чым іншыя ўнутраныя і знешнія палітычныя сілы сукупна. А гэта азначае (зыходзячы з банальнай логікі Захаду), што любая змена ўлады значна аслабіць Беларусь і зробіць яе лёгкай здабычай Расіі. Альбо падтрыманне незалежнасці запатрабуе сур’ёзных фінансавых і палітычных капіталаўкладанняў, што ў сённяшніх турбулентных умовах (Брэксіт, хвалі сепаратызму і сацыяльных пратэстаў, маючыя адбыцца выбары ў ЗША і т.п.) наўрад ці магчыма. Такім чынам, у сучасных умовах антыпрэзідэнцкія лозунгі, можа, і выглядаюць эфектна, але відавочна не ўпісваюцца ў сацыяльны і геапалітычны запыт.
І апошняе. У вулічных акцыях 7-8 снежня ў Мінску сапраўды было шмат моладзі. Той, якая думае па-новаму, настроенай хоць і па-свойму, але патрыятычна. Запыт на палітычную актыўнасць у гэтай узроставай групе сёння відавочны, каналаў жа рэалізацыі гэтай энергіі недастаткова. І гэта асобная тэма для аналізу.
Працяг будзе.