Дата публікацыі

Беларусь нацэлена на дасягненне тэхналагічнага прарыву

У г. Нью-Дэлі 21-22 мая 2025 года пад старшынствам Індыйскага савета па міжнародных справах праходзіць юбілейнае XX пасяджэнне Форуму Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Сваімі ўражаннямі ад удзелу ў гэтым мерапрыемстве мы папрасілі падзяліцца кіраўніка беларускай дэлегацыі Віталя Стахоўскага, намесніка дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. 

– Віталь Вячаслававіч, што змянілася для БІСД з моманту ўступлення Беларусі ў ШАС у ліпені мінулага года ў плане ўзаемадзеяння з Форумам гэтай Aрганізацыі?

– У 2025 годзе наш інстытут упершыню прымае ўдзел у штогадовым пасяджэнні Форуму ШАС як паўнапраўны член гэтага экспертна-кансультатыўнага механізму ў статусе Нацыянальнага даследчага цэнтра. Дадзены статус прадугледжаны рэгламентам Форуму і адпаведным рашэннем замацаваны за БІСД.

Карыстаючыся магчымасцю, шчыра дзякую нашых індыйскіх партнёраў за ласкавае запрашэнне прыняць удзел у юбілейным пасяджэнні, а таксама за яго бездакорную арганізацыю. 

– Дарэчы, кажучы аб арганізацыі пасяджэння, складана абыйсці ўвагай яго сэнсавы слоган: «Бяспека ШАС: на шляху да пераўтварэння рэгіёну ў духу "Свет – адна сям'я". Як вы можаце яго пракаментаваць?

– Выбар індыйскімі партнёрамі гэтага слогана не выпадковы. Уяўляецца, што гэтая фраза са свяшчэнага санскрыцкага тэксту, Маха-упанiшады, як асноватворны прынцып і філасофія індыйскай стратэгічнай культуры, вельмі дакладна адлюстроўвае важнасць і неабходнасць сінэргіі патэнцыялаў членаў Сям'і ШАС, пра што, уласна, і ішла гаворка ў ходзе дыскусій. 

– Вы выступілі з тэматычным дакладам у рамках адной з панэльных дыскусій. Можаце падзяліцца падрабязнасцямі, пра што канкрэтна вы казалі? 

– Так, мне выпаў гонар выступіць з дакладам на тэму "Патэнцыял Беларусі як новай краіны - члена ШАС для ўстойлівага развіцця на прасторы Арганізацыі: экспертны погляд БІСД". 

Наш базавы тэзіс гучаў ва ўнісон слогану пасяджэння: даўгачасная бяспека недасяжна без вырашэння надзённых сацыяльна-эканамічных пытанняў, а таксама забеспячэння стабільнасці і ўстойлівага развіцця на прасторы ШАС у духу супрацоўніцтва, партнёрства і ўліку інтарэсаў адзін аднаго.

Я вылучыў параўнальныя перавагі і патэнцыял Беларусі, акцэнтаваў увагу на сінэргетычным эфекце, які наша краіна можа прыўнесці ў арганізацыю ў мэтах устойлівага бяспечнага развіцця рэгіёна.

У прыватнасці, было адзначана, што эканоміка Беларусі – 114-я ў свеце па аб'ёме ВУП на душу насельніцтва па ППЗ. Паводле звестак на 2023 год, гэты паказчык складае 30,8 тысячы долараў (2020 – 24,9 тысячы). У 2024 годзе Беларусь заняла трэцюю пазіцыю ў рэйтынгу МВФ па прагназуемым росце ВУП сярод краін Еўропы (рост на 3,6%). 

Па дадзеных дакладу ПРААН аб чалавечым развіцці 2023-2024, Беларусь адносіцца да краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця і знаходзіцца на 69-м месцы сярод 193 краін у Глабальным індэксе чалавечага развіцця. Па выніках мінулага года Беларусь займала 16-е месца сярод 170 краін свету па паказчыку «Доступ да базавых ведаў» у індэксе сацыяльнага прагрэсу. 

Падкрэслена, што асноўны прырост ВУП краіны забяспечвае прамысловасць (2024 – рост 105,4%), у прыватнасці машынабудаванне (ад кар'ерных самазвалаў, камбайнаў, трактароў, аўтобусаў да грузавых і легкавых аўтамабіляў). Гэта дазволіла нашай краіне заняць 53-ю пазіцыю ў рэйтынгу Iндэкса прамысловай канкурэнтаздольнасці (дадзеныя за 2024 год).

У Беларусі актыўна развіваюцца такія сферы, як мікраэлектроніка і прыборабудаванне; станкабудаванне і робататэхніка; біялагічныя і фармацэўтычныя тэхналогіі; беспілотныя сістэмы (беспілотныя транспартныя сродкі, беспілотныя сельгасмашыны і дроны для "дакладнага земляробства", кар'ерная і камунальная бытавая тэхніка, кіраваныя з выкарыстаннем штучнага інтэлекту і інш.); адытыўныя тэхналогіі і новыя матэрыялы. 

Хуткая прэзентацыя першага айчыннага электрамабіля толькі падкрэслівае імкненне нашай краіны да тэхналагічнага прагрэсу. 

Адзначаны ўклад Беларусі як донара харчовай бяспекі. Наша краіна мае як рэсурсы (напрыклад, мінеральныя ўгнаенні), так і кампетэнцыі ў вытворчасці і экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі, прадуктаў харчавання і тэхнікі. Акрамя таго, яна ўваходзіць у топ-10 экспарцёраў малочных прадуктаў, у тым ліку дзякуючы будаўніцтву сучасных высокатэхналагічных малочна-таварных ферм.

Асобны акцэнт зроблены на тым, што закладзены трывалы фундамент энергетычнага суверэнітэту нашай краіны, фарміруецца навуковы патэнцыял галіны атамнай энергетыкі – пабудавана БелАЭС, абмяркоўваецца будаўніцтва яшчэ адной станцыі.

Акрамя таго, Беларусь імкнецца да павышэння энергетычнай бяспекі за кошт уцягвання ў паліўна-энергетычны баланс мясцовых рэсурсаў, уключаючы АКЭ, выкарыстанне атамнай энергіі; рэканструкцыі і мадэрнізацыі электрычных і цеплавых сетак на базе ўкаранення інавацыйных і энергаэфектыўных тэхналогій; развіцця энергетычнай інфраструктуры; цыфравізацыі энергетыкі, уключаючы ўкараненне тэхналогій інтэлектуальных сетак ("разумныя сеткі") і выкарыстанне штучнага інтэлекту; максімальнай генерацыі атамнай энергіі ў агульны энергабаланс; павышэння ўзроўню энергаэфектыўнасці эканомікі.

Беларусь застаецца самым заходнім фарпостам і мостам ШАС у Еўропу, нават нягледзячы на абмежавальную палітыку Захаду. Геаграфічнае становішча дазваляе гарманічна інтэгравацца ў транспартныя праекты ШАС, уключаючы ўдзел у стварэнні мультымадальных транзітных калідораў і развіццё "Еўразійскага сухапутнага моста" (напрамкі Поўнач-Поўдзень, Захад-Усход).

Асаблівае значэнне надаецца цыфравізацыі гандлёва-транспартных маршрутаў, стварэнню надзейна застрахаванай ад знешніх рызык празрыстай сістэмы мытнага транзіту, што павышае прывабнасць беларускіх маршрутаў. Акцэнтавалі ўвагу на ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі па стварэнні камбінаваных "зялёных" аблічбаваных калідораў, што адпавядае прыярытэтам ШАС. 

Беларусь паслядоўна падтрымлівае стварэнне валютна-фінансавай і плацежнай платформаў ШАС для спрашчэння ўзаемнага гандлю і мінімізацыі страт пры ўзаемаразліках. Дарэчы, Беларусь – першая ў свеце краіна, якая легалізавала ў 2017 годзе крыптавалюты.

Важны пасыл быў у тым, што, працуючы над забеспячэннем свайго тэхналагічнага суверэнітэту, Беларусь выбудоўвае шматузроўневую (нефармальны і камерцыйны ўзровень трансферту) сістэму трансферу тэхналогій, фарміруе неабходныя і дастатковыя ўмовы для рэалізацыі тэхналогій на практыцы. Краіна валодае сучаснай тэлекамунікацыйнай інфраструктурай, якая забяспечвае высакахуткасны iнтэрнэт (22-е месца ў Глабальным індэксе па доступе да ІКТ, 2023). Да 2030 года будуць створаны лічбавыя платформы ў ключавых галінах, уключаючы флагманскі аграрны сектар. Стратэгічны вектар – лічбавае развіццё рэгіёнаў, у тым ліку стварэнне дзяржаўнай лічбавай платформы "Разумны горад (рэгіён)".

Выказана меркаванне, што насычаны Нацыянальны тэхналагічны парадак дня павінен суправаджацца больш цеснай кааперацыяй і ўнутры ШАС. Мэта – стварэнне еўразійскіх тэхналогій з выбудоўваннем недыскрымінацыйнай сістэмы іх трансферу паміж краінамі-членамі на аснове краінавай спецыялізацыі.

У ліку важных абласцей супрацоўніцтва выдзелены сектар аховы здароўя. Вядома, што ў ШАС прыняты комплексны план сумесных мер па супрацьдзеянні пагрозам эпідэмій (2020), створаны рабочыя механізмы па пытаннях традыцыйнай медыцыны. Дарэчы, традыцыйная медыцына, асабліва кітайская, аюрведа і іншыя, прызнана ў ШАС каштоўным рэсурсам павышэння даступнасці і эфектыўнасці аховы здароўя.

Хоць Беларусь не мае шырока вядомай нацыянальнай сістэмы традыцыйнай медыцыны, як, напрыклад Кітай або Індыя, у краіне маецца багатая спадчына народнай медыцыны, якое ўключае выкарыстанне лекавых раслін, фітатэрапію і традыцыйныя метады лячэння. 

Пацверджана гатоўнасць ствараць у нас гібрыдныя цэнтры традыцыйнай медыцыны, арыентаваныя на прадастаўленне паслуг як мясцоваму насельніцтву, так і медыцынскім турыстам з краін ШАС. Мы заклікалі партнёраў да абмену вопытам і тэхналогіямі ў гэтай галіне ў інтарэсах развіцця фармацэўтычнай галіны, стварэння сумесных адукацыйных праграм, а таксама да развіцця медыцынскага турызму.

Нам па сілах уносіць уклад у ініцыятывы ШАС па рэагаванні на эпідэміі і іншыя НС у ахове здароўя, выкарыстоўваючы напрацаваныя кампетэнцыі для павышэння ўстойлівасці сістэм аховы здароўя на прасторы Еўразіі. 

Асобна адзначана, што сумесную працу па павышэнню эфектыўнасці ШАС варта суправаджаць выпрацоўкай сістэмы зразумелых і выразных крытэрыяў ацэнкі вынікаў. Ключавой меркай, на наш погляд, можа стаць колькасць рэалізаваных пад "парасонам" ШАС праектаў па прынцыпе "адна краіна – адзін праект". 

– Ці закраналіся ў вашым дакладзе пытанні ўзаемадзеяння ў ШАС у сферы бяспекі?

– Безумоўна. Тут галоўны наратыў заключаўся ў тым, што ШАС неабходна імкнуцца да кратнага перавышэння хуткасці працэсаў ўстойлівага развіцця над дынамікай выклікаў і пагроз, дамагаючыся забеспячэння бяспекі менавіта праз развіццё. 

Падкрэслена, што наша краіна традыцыйна выступае як паслядоўны прыхільнік канцэпта "інтэграцыя інтэграцый" і выступае за сінэргію патэнцыялаў такіх інтэграцыйных аб'яднанняў, як ЕАЭС, СНД, АДКБ, БРІКС для стварэння прасторы даверу і бяспечнага развіцця ў рэгіёне. 
У сувязі з гэтым мы заклікалі ўдзельнікаў пасяджэння Форуму падтрымаць беларуска-расійскую ініцыятыву па падрыхтоўцы "Еўразійскай хартыі шматпалярнасці і разнастайнасці ў XXI стагоддзі", а таксама прыняць актыўны ўдзел у III Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы восенню гэтага года, дзе, як чакаецца, гэты дакумент будзе прыняты.

– Віталь Вячаслававіч, вяртаючыся да Форуму ШАС, ці варта чакаць якіх-небудзь змен у яго працы?

– Форум ШАС як інструмент інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дзейнасці Сакратарыята развіваецца ў рытме мадэрнізацыі самой Арганізацыі і яе пастаянна дзеючых статутных органаў.

Наша дэлегацыя ўнесла шэраг інавацыйных прапаноў, накіраваных на далейшае развіццё і ўдасканаленне механізму форуму ШАС. Спадзяемся, яны будуць пачутыя і запатрабаваныя. Частка з іх згенеравана з улікам пажаданняў Генеральнага сакратара ШАС Нурлана Ермекбаева, які наведваў БІСД у студзені 2025 года і выказаў зацікаўленасць у больш актыўнай і прыкладной экспертнай падтрымцы Сакратарыята з боку Нацыянальных даследчых цэнтраў краін-членаў.