Праз 10 гадоў пасля “Зялёнай рэвалюцыі” 2009 года і 2 гады пасля падзей 2017-2018 гадоў Іран зноў захіснула хваля масавых гвалтоўных пратэстаў. На гэты раз фармальнай падставай стала павышэнне ў 2 разы коштаў на бензін і абмежаванні на продаж паліва. Стыхійныя дэманстрацыі хутка перараслі ў масавыя беспарадкі і, акрамя сталіцы, ахапілі дзясяткі гарадоў па ўсёй краіне пад лозунгамі незадаволенасці палітыкай кіраўніцтва ісламскай рэспублікі.
Адным з каталізатараў цяперашняга абурэння пратэстоўцаў стала фінансаванне Тэгеранам, на фоне падзення ўзроўню жыцця ў краіне, шэрагу замежных ісламісцкіх рухаў – у прыватнасці, палестынскай групоўкі Хамас, прызнанай тэрарыстычнай арганізацыяй у шэрагу заходніх краін.
У СМІ паведамляецца аб сутыкненнях пратэстоўцаў з сіламі правапарадку з ужываннем сілы і слёзатачывага газу, знішчэнні дзясяткаў урадавых аб’ектаў, наяўнасці забітых і параненых.
У спробе абмежаваць камунікацыйныя магчымасці ўдзельнікаў пратэстаў уладамі адключаныя мабільная сувязь і інтэрнэт. На гэтым фоне апазіцыйныя Telegram-каналы масава прырастаюць новымі падпісантамі.
Звяртае на сябе ўвагу, што на мітынгах усё часцей з’яўляюцца лозунгі: “Нам хлусяць, што ЗША наш вораг, сапраўдны вораг у верхавіне краіны”. Дарэчы, Вашынгтон у асобе прэс-сакратара Белага дома Стэфані Грышэм практычна адразу салідарызаваўся з “мірнымі пратэстамі шматпакутнага іранскага народа, які патрабуе адказнасці і празрыстасці ад свайго ўрада”, асудзіў “прымяненне сілы ў дачыненні да дэманстрантаў са смяротным зыходам” і жорсткія абмежаванні на сувязь.
Дадзеныя пасажы МЗС Ірана чакана кваліфікаваў як спробу ўмяшання ва ўнутраныя справы краіны. Дзяржаўнае ТБ абвінаваціла “варожыя СМІ” ў спробе перабольшыць маштаб дэманстрацый, “выкарыстоўваючы фэйкавыя навіны і відэа ў сацсетках”. Генпракурор Махамад Джафар Мантазеры ў інтэрв’ю адзначыў, што дэманстранты, якія блакіруюць дарогі і аказваюць супраціў сілам бяспекі, “безумоўна” карыстаюцца падтрымкай з-за мяжы.
Аналіз бягучых падзей паказвае, што, як і ў снежні 2017 года, адпраўной кропкай пратэстнай актыўнасці стаў менавіта эканамічны фактар, які хутка перайшоў у палітычную плоскасць. І хоць Іранскія пратэсты збольшага вонкава хаатычныя, некаторыя выступленні, відэа якіх паступаюць у навінавыя стужкі, выглядаюць досыць скаардынаванымі і з выразнымі лозунгамі.
Відавочна, што эканамічнае становішча Ірана пагаршаецца пачынаючы з 2018 года, калі ЗША выйшлі з міжнароднай “ядзернай здзелкі” і зноў увялі санкцыі супраць Тэгерана. Эксперты адзначаюць расчараванне часткі насельніцтва, асабліва моладзі, палітыкай іранскіх уладаў, бо зняцце ў 2015 годзе шматгадовых санкцый у рамках ядзернай здзелкі так і не прынесла чаканага паляпшэння жыцця ў краіне.
Лістападаўскія падзеі ў Іране, па ўсёй бачнасці, з’яўляюцца лагічным працягам і следствам “кампаніі максімальнага ціску”, якая ўжываецца ЗША для “ўтаймавання” “безразважнай знешняй палітыкі Тэгерана”. Акрамя таго, яны дапаўняюць “гарачую” карту пратэстаў, якія ахапілі ў бягучым годзе розныя куткі свету (Аўстралія, Бельгія, Венгрыя, Грузія, Ірак, Францыя, Чылі і г. д.), толькі ўзмацняючы агульную турбулентнасць у і без таго нестабільным рэгіёне Заходняй Азіі.
З улікам становішча, якое складваецца ў Іране, задача захавання і павышэння дынамікі ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Іранам, уключаючы рэалізацыю існуючага патэнцыялу для нарошчвання гандлёва-эканамічных сувязей, пра што ішла размова 30 кастрычніка 2019 года ў МЗС падчас пратакольнага візіту Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Ірана Мастафы Авейсі, які завяршаў у Мінску сваю місію, становіцца сур’ёзным выклікам для ўсіх зацікаўленых ведамстваў з беларускага боку.