Тэрмін «гістарычная палітыка» атрымаў шырокае распаўсюджванне ў Беларусі ў 2010-я гады пасля таго, як стаў агульнаўжывальным ва ўсходнеславянскіх дзяржавах, у тым ліку ў краінах – суседзях Рэспублікі Беларусь. Аднак як аб’ектыўная з’ява беларуская гістарычная палітыка атрымала магутны імпульс для развіцця па выніках правядзення рэспубліканскіх рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў, калі беларускія грамадзяне падтрымалі прынцыповыя падыходы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да дзяржаўнай сімволікі, дзяржаўных моў, а таксама святкавання Дня Незалежнасці ў прывязцы да адной са знакавых дат у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – дню вызвалення беларускай сталіцы ад нямецка-фвшысцкіх захопнікаў 3 ліпеня 1944 года
У нашага народа слаўная шматвяковая гісторыя
Упершыню найбольш канцэнтравана і лагічна заснаваныя прынцыпы і накірункі дзяржаўнай гістарычнай палітыкі былі сфармуляваны ў лекцыі «Гістарычны выбар Рэспублікі Беларусь», якую А.Р.Лукашэнка прачытаў 14 сакавіка 2003 года перад студэнтамі БДУ. Асноўны пасыл Кіраўніка дзяржавы заключаўся ў тым, што Беларусь – дзяржава па гістарычных мерках маладая, але ў беларускага народа слаўная шматвяковая гісторыя.
Прэзідэнт вылучыў і ахарактарызаваў важнейшыя перыяды беларускай гісторыі. «Непарушным гістарычным фактам з’яўляецца тое, што ядром кансалідацыі беларускай народнасці, яго этнічнай радзімай былі Полацкае і Тураўскае княствы, якія ўваходзілі разам з іншымі ўсходнеславянскімі княствамі ў старажытнарускую дзяржаву – Кіеўскую Русь».
А.Р. Лукашэнка перасцярог ад ідэалізацыі гістарычнага перыяду Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), якое было «не ўласна беларуская дзяржава, а Літва ў сімбіёзе з падуладнымі ёй рускімі землямі». Адначасова Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ВКЛ «стала своеасаблівым славянскім фарпостам, які супрацьстаіць пагрозам звонку», перш за ўсё з боку крыжакоў і мангола-татар. Прэзідэнт крытычна ацаніў наступствы Крэўскай (1385) і Люблінскай (1569) уній, якія адзначылі сабой пачатак і завяршэнне юрыдычнага афармлення паглынання Польшчай ВКЛ.
Уключэнне ўсходнеславянскіх земляў у склад Расіскай імперыі, на думку А.Р.Лукашэнкі, адкрыла новыя магчымасці для развіцця беларускага этнаса. «Прагрэсіўнае значэнне заключалася ў тым, што была ліквідавана шляхецкая анархія, крывавыя разборкі між шляхтай, ад якіх пакутаваў у першую чаргу просты народ». Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўваходжанне беларускіх земляў у склад Расіі садзейнічала гаспадарчай спецыялізацыі Беларусі ў межах усерасійскага рынку, пад’ёму яе сельскай гаспадаркі і прамысловасці, а таксама працэсу нацыянальнага адраджэння.
А.Р.Лукашэнка выказаў думку аб тым, што беларуская дзяржава існуе з 1 студзеня 1919 года, з часу ўтварэння Беларускай ССР. «Менавіта БССР выканала дзяржаўную, палітычную, культурную ролю аб’яднання беларускай нацыі. Менавіта ў гэты перыяд часу мы разам з рускім народам перамаглі фашызм».
Сумленнасць і годнасць беларусаў
Не менш важнай часткай выступлення Кіраўніка дзяржавы стала ацэнка падзей Вялікай Айчыннай вайны і яе ролі не толькі ў лёсе беларускага народа, але і чалавецтва. У прыватнасці, А.Р.Лукашэнка ўзняў тэмы адказнасці за развязванне вайны і ахвярнасці: «...фашысты пачалі гэту вайну. Яны развязалі. ...у нас сёння з’явіліся разумныя, якія кажуць: ды не, Савецкі Саюз такі ж агрэсар, як Германія. А сёння кажуць, што Савецкі Саюз развязаў гэту вайну. І выратавалі чалавецтва не народ савецкі, не беларусы, якія 3,5-4 мільёны пахавалі і пасля вайны сваіх людзей, а Злучаныя Штаты Амерыкі, Вялікабрытанія...
Вось так паціху, спакваля ў нас адбіраюць нашы каштоўнасці і наш здабытак. Сёння нас зрабілі агрэсарамі ў той вайне і, аказваецца, не мы выратавалі чалавецтва. Вось у чым небяспека. А гэта страшна, калі мы страцім сваю годнасць. А годнасць – гэта добрыя вось гэтыя факты, якія былі ў гісторыі нашага народа. На алтар перамогі ў гэтай вайне мы паклалі, як я ўжо сказаў, мільёны людзей. І самым сумленным народам, калі ўжо пра гэта гаварыць, у гэтай вайне быў беларускі народ... Пагэтаму не трэба страчваць гэтыя добрыя якасці».
Фактычна ў межах дадзенай лекцыі Прэзідэнт даў перыядызацыю беларускай дзяржаўнасці, а таксама ахарактарызаваў важнейшыя перыяды яе станаўлення і развіцця.
У прэзідэнцкім наратыве ацэнкі гістарычнага мінулага пануючае значэнне займае тэматыка Вялікай Айчыннай вайны. Традыцыйна яна гучыць у выступленнях Кіраўніка дзяржавы, прымеркаваных да Дня Перамогі, Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду, Дня Незалежнасці, штогадовых пасланнях беларускаму народу і парламенту, выступленнях на Усебеларускіх народных сходах.
Беларускае супраціўленне
Для прэзідэнцкага наратыву гістарычнай палітыкі характэрны не толькі зварот да аб’ектыўных фактаў, што ўстаяліся, і трактоўкам падзей Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай вайны, але і выпрацоўка ўдалых ідэалагем, сугучных запытам сучаснасці. Так, з падачы Прэзідэнта ў інфармацыйны абарот арганічна ўвайшло і замацавалася азначэнне «беларускае супраціўленне», якое дало далейшае развіццё і новыя інтэрпрэтацыі ў Рэспубліцы Беларусь тэме ўсенароднай барацьбы з фашызмам.
Упершыню тэрмін прагучаў 9 мая 2019 года. «Беларускае супраціўленне» - гэта масавы гераізм, які праявілі жыхары Беларусі на ваенных франтах, у тыле, у радах партызанскага руху, падполля і антыфашысцкага еўрапейскага руху Супраціўлення, і тым самым унеслі важкі ўклад у агульную перамогу над ворагам.
Фарміраванне ідэалагемы «беларускае супраціўленне» стала адным з прыкладаў паспяховай рэалізацыі дзяржаўнай гістарычнай палітыкі па прагназаванні і папярэджванні верагодных пагроз нацыянальнай бяспецы ў інфармацыйнай сферы. Падобны крок у многім апярэдзіў негатыўныя наступствы для гістарычнай памяці беларусаў ад мэтанакіраваных спроб запусціць у інфармацыйны абарот правакацыйныя канструкты гераізацыі «антыкамуністычнага руху супраціўлення», які дзейнічаў у гады Другой сусветнай вайны і ў пасляваенны перыяд ва Усходняй Еўропе, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі.
Выпрацоўка ідэалагемы беларускага супраціўлення (партызанскага і падпольнага руху) стала ўдалым ходам па перахопу антыбеларускай інфармацыйнай павесткі. Падобны крок садзейнічаў «перакадзіроўцы» паняцця «беларускае супраціўленне» як антысавецкага падполля ў новы сэнсавы канструкт – антыфашысцкі партызанскі і падпольны рух.
Год гістарычнай памяці
У межах мерапрыемстваў тэматычнага Года гістарычнай памяці, які прайшоў, упершыню за гады незалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь былі разгледжаны ва ўзаемасувязі і ўзаемаабумоўленасці паняцці «гісторыя» і «палітыка». На ўзроўні кіраўніцтва краіны з прыцягненнем вядучых айчынных гісторыкаў фактычна ўпершыню былі сістэмна абмеркаваны пытанні, якія датычацца стратэгічных накірункаў далейшага развіцця дзяржаўнай гістарычнай палітыкі.
Гэта дазволіла вызначыць і зафіксаваць важнейшыя перыяды ў гісторыі ўзнікнення, станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці. Даць аб’ектыўную гістарычную і палітычную ацэнку ўсім этапам нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі.
У межах нарады ў Кіраўніка дзяржавы па пытаннях рэалізацыі гістарычнай палітыкі (06.01.2022), выступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на ўрачыстай нарадзе з нагоды Дня Незалежнаці Беларусі (02.07.2022), адкрытага ўрока "Гістарычная памяць – дарога ў будучыню" (01.09.2022), выступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на Патрыятычным форуме «Гэта НАША гісторыя!» (17.09.2022), падчас пасяджэнняў Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы і іншых мерапрыемстваў вылучаны важнейшыя этапы ў гісторыі станаўлення, фарміравання і развіцця беларускай дзяржаўнасці:
- перыяд Полацкага і Тураўскага княстваў;
- эпоха Вялікага княства Літоўскага;
- савецкі перыяд;
- асаблівы і самы знакавы з пункту гледжання ўкаранення ў нацыянальнай гістарычнай памяці перыяд – гісторыя Вялікай Айчыннай вайны.
Фактычна былі развіты і замацаваны прэзідэнцкія канцэпты, вызначаныя Кіраўніком дзяржавы яшчэ ў 2003 годзе.
Год міру і стварэння
З завяршэннем Года гістарычнай памяці тэма гісторыі Беларусі не сышла з павесткі Кіраўніка дзяржавы. У Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Кіраўнік дзяржавы агучыў неабходнасць больш жорсткай пазіцыі ў пытаннях захавання гістарычнай праўды.
Гутарка ішла аб сучаснай ацэнцы важнейшых этапаў у гісторыі станаўлення, фарміравання і развіцця беларускай дзяржаўнасці. Зноў прагучаў тэзіс аб тым, што вытокі нацыянальнай дзяржавы адносяцца да перыядаў Полацкага і Тураўскага княстваў, звязаных са спадчынай Старажытнай Русі і заснаваных на традыцыях праваслаўнага хрысціянства і народаўладдзя. Вялікае княства Літоўскае таксама было рускім, якое не адвяргала традыцыі ўсходніх славян.
Разам з тым прагучалі і перасцярогі не захапляцца «рамантызацыяй» перыядаў ВКЛ і асабліва Рэчы Паспалітай. Да ацэнкі іх гістарычнай спадчыны неабходна падыходзіць аб’ектыўна і крытычна, з улікам нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі. Кіраўнік дзяржавы таксама ў чарговы раз акцэнтаваў увагу, што асаблівы і самы знакавы з пункту гледжання ўкаранення ў нацыянальнай гістарычнай памяці перыяд – Вялікая Айчынная вайна.
Асноўны вывад з абазначанай тэматычнай часткі Паслання заключаецца ў тым, што сёння дзяржаўная гістарычная палітыка з’яўляецца для Беларусі стратэгіяй захавання свайго суверэнітэту і незалежнасці ва ўмовах глабальнага перадзелу сфер уздзеяння ў свеце і адным з фактараў забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Год міру і стварэння лагічна працягвае і развівае тэмтыку Года гістарычнай памяці.
Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што прэзідэнцкі наратыў займае асаблівае месца ў працэсе станаўлення і далейшага развіцця дзяржаўнай гістарычнай палітыкі Беларусі, з’яўляючыся яго каталізатарам. Пры гэтым падыходы і пасылы Кіраўніка дзяржавы абапіраюцца на навуковыя дасягненні беларускай гістарычнай навукі і не перашкаджаюць навуковым пошукам новых фактаў і аб’ектыўных трактовак падзей шматвякавой гісторыі беларускай дзяржаўнасці