Колькасць недакладнай (“фэйкавай”) інфармацыі пастаянна павялічваецца і, як ужо адзначалася БІСД, становіцца адным з найбольш распаўсюджаных інструментаў маніпуляцыі грамадскай свядомасцю.
Сацыялогія валодае вялікай колькасцю інструментаў і метадаў даследаванняў. У той жа час у штодзённым разуменні яна часцей за ўсё асацыюецца з некалькі спрошчанай формулай “Прыйшоў. Убачыў. Апытаў”, г. зн. з апытаннем як самым папулярным метадам вывучэння грамадскай думкі.
Дарэчы, мала хто ведае, што ў СССР ледзь не першае паўнавартаснае сацыялагічнае даследаванне ў маштабах усёй велізарнай краіны ў пачатку 1930-х гадоў правёў... Самуіл Маршак, які сабраў і абагульніў шырокі масіў лістоў-адказаў савецкіх дзяцей на зададзеныя ім праз газету пытанні аб тым, якой, на іх погляд, павінна быць дзіцячая кніга.
Апытанне сапраўды дазваляе выявіць найноўшыя схаваныя і відавочныя тэндэнцыі, адсачыць дынаміку змены настрояў у грамадстве, з высокай доляй верагоднасці прагназаваць магчымыя сцэнарыі развіцця падзей, прапанаваць шляхі вырашэння праблем, якія турбуюць грамадства. Разам з тым вынікам шматлікіх апытанняў, якія размяшчаюцца ў навінавых стужках інтэрнэт-рэсурсаў, у поўнай меры можна давяраць далёка не заўсёды.
Напрыклад, у канцы лістапада 2019 года навінавыя загалоўкі застракацелі паведамленнямі аб тым, што “амаль 90% беларусаў выступілі за саюз з Расіяй”. Зварот да першакрыніцы паказаў, што 90% атрымалася ад некарэктнай сумы двух цалкам розных паказчыкаў: тых, хто прымальнымі для Беларусі лічыць саюзніцкія адносіны з Расіяй (каля 58%), і тых, хто лічыць, што адносіны дзвюх краін павінны быць партнёрскімі (каля 32%).
Набіраюць папулярнасць апытанні Telegram-каналаў, у якіх удзельнічаюць дзясяткі тысяч падпісчыкаў, і яны, на першы погляд, нашмат перавышаюць магчымасці сацыёлагаў з іх звычайнай рэспубліканскай выбаркай у 1600-2000 рэспандэнтаў.
Варта, аднак, улічваць, што нават пры ўмове карэктнай пастаноўкі пытанняў Telegram-апытанне дае зрэз меркаванняў аўдыторыі толькі аднаго канала, без уліку яе сацыяльна-дэмаграфічных, прафесійных і іншых неабходных для сацыялагічнага даследавання характарыстык. Такім чынам, падобнае апытанне можа быць цікавым і нават чымсьці карысным (напрыклад, у маркетынгавых мэтах для выяўлення пераваг канкрэтнай аўдыторыі), аднак пра настроі ўсяго грамадства па ім судзіць нельга.
Распазнанню дакладнасці альбо некарэктнасці “апошніх вынікаў апытанняў”, якія публікуюцца ў СМІ, будзе спрыяць улік асноўных правілаў – “лакмусавых паперак” якаснага сацыялагічнага даследавання. Яны ўключаюць:
- Інфармацыя аб крыніцы.Поўная назва арганізацыі або структуры, якая праводзіла апытанне, а ў выпадку навуковага даследавання – прозвішчы і публікацыі аўтараў.
На выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010 г. агенцтва эфектыўных камунікацый INSIDE (Расія) нібыта праводзіла экзіт-пол на 20 выбарчых участках у Мінску, Брэсце, Віцебску і Лідзе. Пасля агенцтва заявіла, што неафіцыйны экзіт-пол быў дыпломнай працай... У дачыненні да экзіт-пола SOCIUM, які нібыта праводзіўся на тых жа прэзідэнцкіх выбарах, высветлілася, што такой сацыялагічнай службы ў прынцыпе не існуе.
- Метад даследавання і выбарка. Без поўнага апісання метадаў і разлікаў выбаркі немагчыма зрабіць выснову аб дакладнасці, рэпрэзентатыўнасці і абгрунтаванасці (валіднасці) інфармацыі, якая публікуецца. Пры гэтым масавасць апытання не азначае яго дакладнасці. Таксама вынікі апытання, праведзенага ў невялікай групе (напрыклад, сярод сяброў), нельга экстрапаляваць на ўсё грамадства.
Сутнасць выбаркі дакладна і вобразна вызначыў Джордж Гэлап: “Для таго, каб ацаніць густ прыгатаванага супу, зусім не абавязкова вычэрпваць усю каструлю да дна. Дастаткова перамяшаць суп і пакаштаваць адну лыжку”.
- Рэгіён правядзення апытання. Рэгіянальны зрэз можа дакладна “падсвятліць” лакальныя праблемы, якія хвалююць насельніцтва.
Навінавы загаловак “апытанне праводзілася ва ўсіх гарадах/вёсках Беларусі” змяшчае загадзя ілжывую інфармацыю, паколькі выбарка ніколі не ўключае ў сябе “ўсе гарады”.
- Фармулёўка пытанняў. Некарэктна сфармуляванае пытанне скажае атрыманую інфармацыю.
Агульнае правіла апытання складаецца ў тым, што адно пытанне павінна утрымліваць адно пытанне. Напрыклад, у наступным пытанні ўтрымліваюцца два розныя пытанні, што робіць немагчымым атрыманне дакладнай інфармацыі: “Вы ведаеце, што фірма “АБВГД” прадае электронныя цацкі і з’яўляецца адзіным іх прадаўцом у нашым рэгіёне?”.
Акрамя некарэктнай пастаноўкі, пытанне можа ўтрымліваць і адкрытую маніпуляцыю. Класічным прыкладам выступае пытанне: “Ці даўно Вы падвяргаліся гвалту?”, у якім любы варыянт адказу (“так, даўно”, або “не, нядаўна”) з’яўляецца сцвярджальным.
- Поўныя даныя апытання. Анкета і табліцы вынікаў звычайна публікуюцца ў поўным аб’ёме асобным дадаткам да любога размешчанага ў агульным доступе даследавання. Іх адсутнасць у аналітычным дакладзе або навуковай працы дае падставу сумнявацца ў якасці прапанаванай інфармацыі.
Барацьба з “фэйкамі” і “ўкідамі “ бясконцая і патрабуе задзейнічання значных рэсурсаў. Веданне і выкарыстанне асноўных правілаў работы з інфармацыяй будзе спрыяць фарміраванню “інфармацыйнага імунітэту” насельніцтва, а таксама павышэнню якасці і дакладнасці размешчанага кантэнту.