Дата публікацыі

Сістэма сацыяльнай эфектыўнасці і штрафныя балы кіроўцам

Актыўнае пранікненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і штучнага інтэлекту ва ўсе сферы жыцця сучаснага грамадства абумоўлівае сур’ёзныя змены ў яго сацыяльна-эканамічным развіцці.

Сёння большасць людзей самі ўдзельнічаюць у вытворчасці лічбавай інфармацыі пра сябе, калі выкарыстоўваюць лічбавыя гаджэты, рэгіструюцца і абменьваюцца паведамленнямі ў сацыяльных сетках, карыстаюцца сістэмамі анлайн-крэдытавання, расплачваюцца з дапамогай смартфонаў за тавары і паслугі і т. д. Апрацоўка такіх даных рознымі суб’ектамі дазваляе вызначаць мадэлі паводзін людзей, іх сацыяльны партрэт, ацэньваць настроі ў грамадстве як з пункту гледжання прыняцця важных рашэнняў у самых розных сферах, так і з мэтай кіравання дзяржавай у цэлым.

Усё часцей на экспертным узроўні маюць месца дыскусіі па пытанні фарміравання ва ўмовах лічбавага грамадства "сістэмы сацыяльнай эфектыўнасці".

Сістэму сацыяльнай эфектыўнасці абагульнена можна апісаць як сукупнасць інструментаў сацыяльнага маніторынгу, накіраваную на падтрыманне ў дзяржаве высокага ўзроўню сацыяльнага даверу і дабрабыту праз заахвочванне грамадска значных дзеянняў грамадзян з актыўным выкарыстаннем лічбавых тэхналогій. Яе праявы ўжо існуюць у дзяржавах з развітымі IT-тэхналогіямі ад ацэнкі крэдытаздольнасці пазычальнікаў (скорынгу) у ЗША і іншых заходніх краінах да сістэмы грамадскага даверу ў Кітаі.

Асноўнае прызначэнне дадзенай сістэмы – рэалізацыя на практыцы прынцыпаў даверу, празрыстасці і гарманічнасці ва ўзаемаадносінах па лініі "асоба-грамадства-дзяржава". У яе могуць уключацца рэальны сектар эканомікі, рынак арэнды нерухомасці, турыстычная галіна, рэклама, сфера культурна-масавых мерапрыемстваў і ўсё тое, што з’яўляецца часткай паўсядзённага жыцця большай часткі грамадства. У дачыненні да ПДР, напрыклад, – гэта бяспечны і камфортны дарожны рух як для кіроўцаў, так і для пешаходаў.

У ліку жаданых сацыяльных эфектаў сістэмы сацыяльнай эфектыўнасці эксперты называюць матываванне грамадства да самаразвіцця і запуск сацыяльных ліфтаў для прадстаўнікоў усіх сацыяльных груп, павышэнне дысцыплінаванасці грамадзян, а таксама сацыяльная мабілізацыя ў складаныя для краіны перыяды.

Паказальным прыкладам дыджыталізацыі з’яўляецца Кітайская Народная Рэспубліка. У 2010 годзе гэтая краіна прыступіла да стварэння т. зв. "сістэмы сацыяльнага крэдыту", якая была б здольная аналізаваць тэндэнцыі развіцця і прагназаваць будучыню з улікам актуальных запытаў насельніцтва. У цяперашні час у КНР з вялікай ступенню паспяховасці рэалізуюцца праекты "разумны горад" і сістэма каляровых QR-кодаў, якая вызначае свабоду перамяшчэнняў і ўзровень доступу таго ці іншага чалавека да публічнай інфраструктуры на аснове стану яго здароўя. Заснаваныя на дадзенай сістэме мадэлі сацыяльнага кіравання працягваюць прымяняцца кітайскімі ўладамі сёння ў рамках барацьбы з Covid-19.

Больш за тое, з 2021 года любыя эканамічныя, сацыяльныя і нават бытавыя дзеянні ў Кітаі не толькі анлайн, але і афлайн плануецца ажыццяўляць толькі на аснове электроннага ідэнтыфікатара асобы. З гэтага ж часу падключэнне да адзінай інтэграванай сістэмы грамадскага крэдыту стане абавязковым і для замежных юрыдычных асоб.

Сёння наша дзяржава імкнецца да нейкай "экалагічнай змены", калі з дапамогай інтэграцыі прадпрынятых ва ўсіх сферах і сегментах жыццядзейнасці крокаў фарміруецца сацыяльны клімат у краіне ў цэлым. Гэты працэс у тым ліку прадугледжвае шырокае выкарыстанне патэнцыялу перадавых тэхналогій, Інтэрнэту рэчаў і вялікіх масіваў даных, а таксама лічбавых платформ.

Важным крокам на шляху развіцця Беларусі стала зацвярджэнне Дзяржаўнай праграмы развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016-2020 гады, якая прадугледжвае ахоп лічбавізацыяй практычна ўсіх сфер грамадскага жыцця. Рэалізацыя гэтай праграмы вядзе да ўсё большага павелічэння ўжо наяўнага аб’ёму даных аб грамадзянах краіны і стварае ўмовы для адлюстравання сацыяльнай эфектыўнасці кожнага грамадзяніна.

Адным з першых крокаў на шляху да ўкаранення сістэмы эфектыўнасці стала ідэя налічэння штрафных балаў кіроўцам за парушэнне ПДР, якая пакуль не знайшла падтрымкі з боку насельніцтва. Ужо з першы дзён грамадскіх абмеркаванняў стала зразумела, што сістэма штрафных балаў асацыюецца ў беларусаў не з папярэджаннем парушэнняў ПДР, а з адміністратыўным спагнаннем у выглядзе пазбаўлення правоў кіроўцы. Галоўным чынам гэта абумоўлена эмацыйна-псіхалагічным успрыманнем людзьмі падобных новаўвядзенняў. Любы чалавек па сутнасці сваёй больш схільны атрымаць заахвочванне за той ці іншы ўдзел у дзяржаўных праектах. Прывыкнуць да сістэмы сацыяльных пакаранняў складаней. Назапашванне штрафных балаў або іншых адмоўных адзнак успрымаецца людзьмі як пастаянны адміністратыўны прэсінг – спроба ўтрымліваць усіх кіроўцаў у стане напружання і страху перад магчымымі мерамі адказнасці.

Таму выбудоўванне сістэмы сацыяльнай эфектыўнасці ў Беларусі мэтазгодна пачынаць не з карных інструментаў, а з фарміравання сістэмы абмену данымі нацыянальнага маштабу, часткай якой будуць выступаць меры забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Сістэма штрафных балаў павінна быць нацэлена на рэальную небяспеку і пэўную групу ўдзельнікаў дарожнага руху, а таксама несці акрамя негатыўнага моманту для сістэматычных парушальнікаў пазітыўныя бонусы для дысцыплінаваных кіроўцаў, як гэта прынята ў шэрагу замежных краін (напрыклад, шляхам увядзення паніжальнага каэфіцыенту пры выплаце страхавых узносаў уладальнікамі транспартных сродкаў).

Развіццё сістэмы сацыяльнай эфектыўнасці ў Беларусі – гэта толькі пытанне часу і прымальнасці яе канкрэтных механізмаў для беларускага грамадства.

Ці хочам мы быць пад "лічбавым каўпаком" і карыстацца выгодамі высокіх тэхналогій, якія забяспечваюць нашу бяспеку і камфорт? Ці ўсё ж у нашым жыцці павінны быць свабодныя ад кантролю прасторы з прымяненнем забароны на адсочванне і збор персанальнай інфармацыі? Адказы на гэтыя пытанні могуць быць знойдзены толькі ў выніку грамадскага кансенсусу.

Несумненна толькі адно: па меры глабальнай лічбавізацыі ўсіх сфер жыцця, якую яшчэ больш падштурхнула сацыяльнае дыстанцыяванне ва ўмовах пандэміі Covid-19, працэс пранікнення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у штодзённасць, што акружае нас, будзе паскарацца. І менавіта ад таго, наколькі аб’ектыўна, прадумана, лагічна выбудавана, эмацыйна незалежна будзе адбывацца рух да выбудоўвання сістэмы сацыяльнай эфектыўнасці ў Беларусі, залежыць месца нашай краіны ў будучай рэальнасці.