Дата публікацыі

Тэмы фінансаў і лагістыкі цікавыя для Мінска пры ўзаемадзеянні з БРІКС

Найбольш цікавымі для Беларусі тэмамі пры ўзаемадзеянні з фарматам БРІКС могуць быць фінансы і лагістыка, прычым у Мінска ў гэтых сферах ёсць свае прапановы.

Саміт краін БРІКС з удзелам кіраўнікоў дзяржаў пройдзе ў Казані з 22 па 24 кастрычніка. Беларусь разлічвае на ім атрымаць статус партнёра БРІКС.
У бягучых умовах цікавасць Беларусі да БРІКС адштурхваецца ад запытаў, якія сфарміраваліся ў дачыненні да рэгіянальных аб'яднанняў у цэлым. Сёння на парадку дня практычна ўсіх дзяржаў – праблемы фінансавага сектара, лагістыкі, тэхналагічнага развіцця.

Нельга сказаць, што гэта зусім новыя праблемы і вопыт у іх вырашэнні адсутнічае. Аднак знешнія ўмовы якасна змяніліся. Эканамічная глабалізацыя сфармавала платформу для палітычнага ўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў, стварыла інструменты ціску, прымусу, залежнасці. Таму непазбежным стаў пераход названых праблем у катэгорыю бяспекі, а значыць, і рашэнні таксама будуць зусім іншай якасці.

Беларусь, як і большасць краін свету, мае патрэбу ў стварэнні механізмаў, якія дазволілі б не проста падтрымліваць эканамічны баланс, але і забяспечваць устойлівую будучыню краіны.

Неабходна разумець, што група БРІКС мае спецыфічныя асаблівасці. Да яе нельга прад'яўляць патрабаванні звычайнага парадку як да аб'яднання, якое мае выразную структуру, прынцыпы, механізмы ўзаемадзеяння. Па звычцы многія эксперты кажуць аб уступленні ў БРІКС. Аднак гаворка можа ісці больш аб далучэнні да падыходаў, бачання, напрамках развіцця. Гэта значыць, што кожная з краін павінна прыходзіць з уласным багажом. БРІКС – гэта бясцэнны вопыт выбудоўвання палітычнага дыялогу і стварэння новых эканамічных фарматаў ва ўмовах глабальнага крызісу.

Беларуская прапанова для БРІКС грунтуецца перш за ўсё на наяўным вопыце ў галінах фінансаў і лагістыкі. Сумеснымі намаганнямі Беларусь і Расія стварылі дзеючы механізм разлікаў у нацыянальных валютах. Рух у гэтым кірунку ажыццяўляюць многія краіны-ўдзельніцы БРІКС. Не менш важнымі для групы з'яўляюцца праекты ў сферы імпартазамяшчэння, якія рэалізуюцца на базе беларускіх прамысловых прадпрыемстваў. Беларусь накоплiвае актывы ў частцы вырашэння праблем лагістыкі. Відавочна, што менавіта гэты сегмент у рамках БРІКС атрымлівае новае гучанне. Для Беларусі БРІКС – не толькі пашырэнне партнёрскіх сувязей у эканамічнай сферы, але і своечасовае падключэнне да глабальных тэм развіцця, гатоўнасць узяць на сябе адказнасць за фарміраванне новых палітычных сэнсаў і эканамічных рашэнняў.

У эпоху глабальнага крызісу асабліва важна наяўнасць аб'яднанняў, якія валодаюць патэнцыялам для развіцця. На БРІКС сёння ўскладаецца шмат надзей. Мноства краін свету выказваюць сур'ёзную заклапочанасць не столькі разрастаннем крызісных з'яў у эканоміцы і палітыцы, колькі тым, што ранейшыя дыялогавыя пляцоўкі страцілі свой аўтарытэт. Між тым як БРІКС ператвараецца ў шматфарматную платформу, у рамках якой магчыма сфармуляваць агульныя мэты і прапаноўваць шляхі іх рэалізацыі.

Для малых і сярэдніх краін пытанне будучай светабудовы з'яўляецца краевугольным. Таму так важна, у тым ліку і для Беларусі, своечасова падключыцца да працэсу яго фарміравання.