Дата публікацыі

«Трэці Рым», Чацвёрты, Пяты?..

“Трэці Рым” ад Іларыёна да Іларыёна

Ідэя аб’яднання славянскіх народаў вакол праваслаўнай веры прагучала ў сярэдзіне XI стагоддзя ў “Слове аб законе і боскай ласцы” мітрапаліта Іларыёна. У ХVI стагоддзі ідэя атрымала ёмістае і ўстойлівае ўвасабленне ў выглядзе вядомай канцэпцыі Філафея “Масква – трэці Рым”.

У ліпені 2019 года, г. зн. праз тысячагоддзе, ужо іншы мітрапаліт Іларыён, кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), заявіў, што канцэпцыя «Масква – Трэці Рым» страціла сваю актуальнасць, у сувязі з чым галоўным прыярытэтам у працы Царквы павінна стаць праца ўнутры расійскага грамадства.

Нягледзячы на тое, што заява Іларыёна фактычна прэтэндуе на ўзрушэнне асноў “рускай ідэі”, яна засталася практычна незаўважанай і не выклікала рэзанансу ні ў інфармацыйным полі, ні ў самой РПЦ.

Наступствы магчымай адмовы РПЦ ад канцэпцыі “Масква – трэці Рым” уяўляюць цікавасць у двух аспектах: рэлігійным і палітычным.

Рэлігійны аспект

Асноўнай прычынай неактуальнасці для Расіі канцэпцыі “Трэцяга Рыма” мітрапаліт Іларыён назваў нізкую ўцаркоўленасць расійскага грамадства, у якім праваслаўная вера перастала быць значным мабілізацыйным і аб’яднаўчым пачаткам. Работа Царквы па выпраўленні сітуацыі можа меркаваць два далейшыя сцэнарыі развіцця падзей.

Першы – пазітыўны, калі вынікам дзейнасці царквы стане павышэнне рэлігійнасці расійскага грамадства, што зробіць магчымым вяртанне да эсхаталагічнай рыторыкі. Другі – негатыўны, калі працэнт уцаркоўленасці расіян застанецца невысокім альбо будзе зніжацца.

Фактарамі, якія абцяжарваюць сусветную місію РПЦ пры абодвух сцэнарыях, выступаюць іміджавыя страты РПЦ апошніх гадоў, “сыход” з Маскоўскага патрыярхату Украіны і наступны за гэтым агульны раскол сусветнага праваслаўя. У той жа час менавіта апошні фактар можа выступіць для РПЦ новай кропкай адліку ў пераканфігурацыі адносін паміж памеснымі цэрквамі і расстаноўцы сіл паміж “рускім” і “грэчаскім” праваслаўным светам – Масквой і Канстанцінопалем.

Палітычны аспект

Студзень 2020 года адзначыўся выступам расійскага лідара, які анансаваў змены прыярытэтаў у развіцці Расіі. Незалежна ад таго, ці была заява мітрапаліта Іларыёна “пробным шарам” у “прамацванні” гатоўнасці расійскага грамадства да перамен, зварот да унутраных праблем не азначае выключэнне з расійскага парадку знешнепалітычнага вектару.

У сувязі з гэтым варта чакаць мадэрнізацыі канцэпцыі “Трэцяга Рыма” пад ідэі і напрамкі, якія захавалі б збіральную функцыю вобраза “Вялікай Расіі”, але без відавочнага рэлігійнага акцэнту. Такім умовам у большай ступені адказвае неаеўразійства як ідэя кантынентальнага дамінавання Расіі.

Разам з тым канцэпцыі “цэнтраў” і “палюсоў” не нясуць у сабе прынцыповай навізны, яны ў значнай ступені прадказальныя і таму ўразлівыя. Гэта дае падставу выказаць здагадку, што ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі з канцэпцыямі “цэнтраў” могуць пачаць канкурыраваць канцэпцыі “магістраляў” - глабальных геапалітычных патокаў, у якіх цяжка будзе вылучыць толькі рэлігійны, эканамічны або культурны трэк.