У пачатку 2024 года саветнік азербайджанскага Цэнтра аналізу міжнародных адносін Роза Байрамлы і аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Анатоль Баяшоў правялі сумеснае даследаванне перспектыў спалучэння міжнародных транспартных калідораў з удзелам Азербайджана і Беларусі.
Вынікам даследавання стаў аналітычны даклад аб транспартна-лагістычных прыярытэтах дзвюх краін, патэнцыяле спалучэння міжнародна-транспартных калідораў, а таксама напрамках актывізацыі двухбаковага ўзаемадзеяння.
Узаемадзеянне Беларусі і Азербайджана ў галіне лагістыкі можа быць актывізавана на аснове задач стратэгічнага характару: развіцця тэрыторый і забеспячэння харчовай бяспекі. Двухбаковаму ўзаемадзеянню можа паспрыяць канцэнтрацыя намаганняў на трох кірунках: запуск сумеснага беларуска-азербайджанскага лагістычнага аператара, сумесная вытворчасць кантэйнераў і рухомага саставу, а таксама сумесны праект у галіне будаўніцтва, у прыватнасці, для мадэрнізацыі ўнутраных транспартных сетак і аднаўлення тэрыторый.
Аналітыкі прыйшлі да высновы, што беларуска-aзербайджанскія механізмы экспертнай дыпламатыі ў галіне вывучэння прадухілення рызык могуць быць узмоцнены шляхам актывізацыі міжрэгіянальнага форуму па чатырохбаковай мадэлі з уцягваннем азербайджанскіх, беларускіх, расійскіх і турэцкіх рэгіянальных уладаў.
На фоне фактару міжнароднай нявызначанасці беларуска-азербайджанскае ўзаемадзеянне можа абаперціся на мудрую дыпламатыю кіраўнікоў дзяржаў Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева. Дзякуючы гістарычнай пераемнасці і надзейным сувязям Мінску і Баку ўдалося стварыць зачын для паэтапнага пераводу двухбаковых адносін у буйныя міжрэгіянальныя праекты па спалучэнні транспартна-лагістычных калідораў.
З поўным тэкстам аналітычнага дакладу можна азнаёміцца на сайце азербайджанскага Цэнтра аналізу міжнародных адносін: https://aircenter.az/uploads/siDL7vOqty91.pdf.