Дата публікацыі

Жамчужына Персідскага заліва

Так называюць адну з багацейшых дзяржаў свету – Катар. Да сярэдзіны мінулага стагоддзя яе жыхары займаліся здабычай жэмчугу і рыбалоўствам. Адкрыццё радовішчаў нафты і газу дазволіла «краіне пяскоў» узняць жыццёвы ўзровень і ўвайсці ў дзясятку лідараў па УВП на душу насельніцтва. Пра асаблівасці і варыянты супрацоўніцтва Беларусі і Катара – наша размова з аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталіем РАМАНОЎСКІМ.

- Віталій Анатольевіч, якой пазіцыі прытрымліваецца Катар у эканамічнай палітыцы?

- Катар, як і іншыя краіны Персідскага заліву – мы гаворым пра вельмі багатыя манархіі, прытрымліваецца стратэгіі балансавання, у міждзяржаўных адносінах аддае прыярытэт эканамічнай узаемадапаўняльнасці. Сёння актуальны новы глабальны трэнд – фарміраванне тэхнаэканамічных блокаў, кластараў. Такія групы краін узаемадзейнічаюць між сабой праз рознага роду і маштабу кааперацыйныя рашэнні. Адпаведна, у межах блокаў фарміруюцца новыя стандарты, і яны суправаджаюцца палітычнымі дамоўленасцямі. Гэта значыць нават канкурэнты аказваюцца цесна звязанымі адзін з адным, як, напрыклад, Boeing і Airbus: вытворчыя магутнасці аднаго працуюць на выраб камплектуючых для мадэляў іншага. Падобнае ўзаемадзеянне існуе і між краінамі Блізкага Усходу. Нават, ва ўмовах міждзяржаўных супярэчнасцей – часам з-за асабістага непаразумення між членамі кіруючых сем’яў – каналы камунікацыі застаюцца дзейнымі.

Трэба ўлічваць яшчэ адзін важны момант: зараз краіны Персідскага заліва, якія экспартуюць энергарэсурсы, імкнуцца максімальна манетызаваць кожную малекулу вуглевадародаў. Катар мае намер стаць не толькі рэгіянальным, але і сусветным лідарам у сферы нафтахіміі. Калі раней упор рабіўся на upstream, то сёння катарцы зацікаўлены ў развіцці сектара downstream, асабліва ў экспарце нафтахімічных прадуктаў.

- Відавочна, што зароблены капітал можна ўкладваць у развіццё нафтахімічнай галіны. Раскажыце пра індустрыяльную зону Ras Laffan і буйнейшыя праекты, якія там зараз рэалізуюць.

- Ras Laffan Industrial City, які займае 295 квадратных кіламетраў, - не толькі прамысловы горад. Гэта хаб, у межах якога фарміруецца асобны кластар, звязаны з нафтахіміяй. Ён абслугоўве газа- і нафтаздабычу на радовішчы Паўночнае. Там знаходзяцца асноўныя тэрміналы, якія перапрацоўваюць магутнасці, порт, у прыватнасці заводы ORYX GTL и Pearl GTL, Qatargas и RasGas, Dolphin Gas, НПЗ і інтэграваныя гідраэлектрастанцыі. Плошча порта Ras Laffan складае каля 4,5 тысячы гектараў. У яго самая вялікая штучная гавань у свеце. арэчы, кампанія Ras Laffan цалкам належыць Qatar Energy, якая да кастрычніка 2021 года называлася Qatar Petroleum. Зразумела, «краіна пяскоў» мае намер стаць сусветным лідарам па звадкаванні газу, абагнаўшы Аўстралію.

Жемчужина Персидского залива
ДАВЕДКА
Паўночнае/Паўднёвы Парс – звышгіганцкае нафтагазавае радовішча, буйнейшае ў свеце. Знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Персідскага заліва ў тэрытарыяльных водах Катара (Паўночнае) і Ірана (Паўднёвы Парс). Паўночнае і Паўднёвы Парс раздзелены тэктанічным разломам і лічацца самастойнымі рознаўзроставымі пакладамі.

У студзені гэтага года Qatar Energy аб’явіла аб фінальным інвестыцыйным рашэнні, сумесным з Chevron Phillips Chemical Company LLC (CPChem), - будаўніцтве комплекса Ras Laffan Petrochemicals па вытворчасці алефінаў і поліэтылена коштам 6 млрд. даляраў. Акрамя таго, Qatar Energy паведаміла аб заключэнні EPC- кантракта для ўзвядзення завода па вытворчасці этылена. Праект плануецца рэалізаваць разам з SCJV – прадпрыемствам Samsung Engineering Company (Паўднёвая Карэя) і CTCI (Тайвань).

У склад комплекса Ras Laffan Petrochemicals, запуск якога чакаецца ў 2026 годзе, уваходзяць устаноўка крэкінга этана магутнасцю 2,1 млн. тон этылена за год, а таксама дзве лініі па вытворчасці поліэтылена з сукупнай прадукцыйнасцю 1,7 млн. тон палімернай прадукцыі з поліэтылена высокай шчыльнасці (ПЭВШ) за год. Гэта павялічвае агульныя нафтахімічныя вытворчыя магутнасці Катара амаль да 14 млн. тон за год. Комплекс абяцае стаць буйнейшым на Блізкім Усходзе і адным з самых маштабных у свеце.

Восенню 2022 года Qatar Energy і Chevron Phillips Chemical падпісалі пагадненне аб будаўніцтве на ўзбярэжжы Мексіканскага заліва ў Тэхасе завода па выпуску палімераў. Кошт праекта – 8,5 млрд. даляраў. У 2026 годзе пачнецца будаўніцтва ўстаноўкі крэкінга этылена магутнасцю 2,08 млн.тон за год і дзвюх установак па вытворчасці поліэтылена высокай шчыльнасці аб’ёмам 2 млн.тон за год.

Атрымоўваецца, Катар актыўна дыверсіфіцыруе свае інвестыцыйныя актывы не толькі ў краіне, але і за мяжой. У той жа час катарская кампанія (QAPCO) Q.P.J.S.C. ужо прызнана адным з буйнейшых вытворцаў поліэтылена нізкай шчыльнасці. Такія ўкладанні цалкам апраўданы, бо згодна з прагнозам экспертаў у бліжэйшыя пяць гадоў сусветны гандаль ПЭНШ вырасце больш чым на 3%. У наступныя дзесяць гадоў рост нафтахімічнай галіны цалкам складзе 6% за год.

Жемчужина Персидского залива

Ці можна разлічваць на ўмацаванне ўзаемадзеяння між нашымі краінамі ў сферы інвестыцый, напрыклад, для нафтахімічнага комплекса?

- Беларусь імкнецца да пашырэння супрацоўніцтва з Катарам па розных накірунках. Напрыклад, гэта дзяржава ставіць на мэту дыверсіфіцыраваць крыніцы паставак харчовай прадукцыі і адпаведных тэхналогій. З улікам нашых кампетэнцый двухбаковае супрацоўніцтва ў рашэнні стратэгічнай задачы Катара па забеспячэнні сваёй харчовай бяспекі ўяўляецца перспектыўным.

Беларускі інжынірангавы патэнцыял даўно прыцягвае ўвагу блізкаўсходніх партнёраў. Абмен вопытам і сумесныя праекты з прадстаўнікамі катарскага нафтахімічнага сектара — важныя накірункі супрацоўнтцтва з Дохай у энергетычнай і навукова-тэхналагіснай сферах. Для Катара павышэнне ўзроўню тэхнічнай падрыхтоўкі сваіх спецыялістаў — стратэгічны прыярытэт. Беларусь, у сваю чаргу, мае сучасную адукацыйную базу для падрыхтоўкі тэхнічных кадраў, у тым ліку ў галіне нафтахіміі. Гэта можа стаць яшчэ адной платформай для беларуска-катарскага ўзаемадзеяння. Беларусь цалкам гатова да ўзаемавыгаднага і прагматычнага супрацоўніцтва з катарам. Сёння для гэтага ёсць усе магчымасці.

Матэрыял падрыхтаваны для Часопіса «Веснік Белнафтахіма»