Захаванне пераемнасці дзяржаўнай палітыкі ва ўсіх асноўных сферах з’яўляецца адметнай рысай сістэмы дзяржаўнага кіравання ў Рэспубліцы Беларусь. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспанднтам БЕЛТА выказаў ваенны аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Чарнабай, каментуючы пасяджэнне Савета бяспекі, якое адбылося на чале з Прэзідэнтам Беларусі.
Існуючая сёння Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі дзейнічае ўжо больш за 12 гадоў. Гэта дастаткова працяглы час, за які значна змянілася міжнародная абстаноўка, паявіліся новыя рызыкі і пагрозы ў сферы нацыянальнай бяспекі. Эксперт лічыць, што гэта аб’ектыўна патрабуе стараннага пераасэнсавання дакумента, унясення ў яго змен і дапаўненняў, а можа, і больш кардынальнай перапрацоўкі.
«З другога боку, той факт, што канцэпцыя працуе такі працяглы перыяд, гаворыць аб высокай якасці яе падрыхтоўкі і прафесіяналізме распрацоўшчыкаў, якія ў свой час змаглі зрабіць дэталёвы аналіз абстаноўкі ў сферы бяспекі і граматна спрагназаваць яе развіццё ў сярэднетэрміновай перспектыве», - адзначыў аналітык.
У сувязі з гэтым захаванне пераемнасці асноўных прынцыпаў палітыкі дзяржавы ў сферы нацыянальнай бяспекі, на якой акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы, з’яўляецца залогам якаснай распрацоўкі праекта абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, рэзюміраваў Андрэй Чарнабай.