Магілёўская вобласць вырабіла імпартазамяшчальнай прадукцы на $8 млн. больш, чым было запланавана. Аб гэтым у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА заявіў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (аддзяленне па Магілёўскай вобласці) Алег Корапаў.
Аналітык БІСД нагадаў словы з Паслання кіраўніка дзяржавы пра тое, што “сацыяльна арыентаваная эканоміка была і застаецца фундаментам беларускай дзяржаўнасці, менавіта яна дазваляе сёння захаваць кіруемасць эканамічных і сацыяльных працэсаў, дазваляе рашаць задачу забеспячэння імпартанезалежнасці”.
“Гэта пацвярджае і работа эканамічнага сектара Магілёўшчыны. Магілёўская вобласць, дзе больш за 30 працэнтаў валавага рэгіянальнага прадукта фарміруюць прамысловыя прадпрыемствы, пераарыентавалася і развівае новыя накірункі. Аб гэтым гавораць вынікі мінулага года: у рэгіёне ў 2022-м вырабілі імпартазамяшчальнай прадукцыі на 828 мільёнаў даляраў, што на 8 мільёнаў даляраў больш, чым было запланавана”, - прывёў прыклад Алег Корапаў.
Эксперт дадаў, што сёння перад рэгіёнам стаіць задача развівацца далей, для гэтага ёсць усе магчымасці.
“Устойлівая работа эканомікі рэгіёна дазваляе рашаць важныя сацыяльныя задачы, павышаць якасць жыцця насельніцтва. Так, у бягучым годзе плануецца ажыццявіць капітальны рамонт 21 школы, пабудаваць 2 дзіцячыя садкі па 240 месцаў у Магілёве і Бабруйску, працягнуць будаўніцтва новай школы у мікрараёне Стасава - Грышына ў Магілёве. У вобласці пабудавана стратэгія трохузроўневай сістэмы аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву з аптымізацыяй сеткі ўстаноў аховы здароўя і кадравага саставу, завершана будаўніцтва новага інфекцыйнага корпуса экстрэннай хірургіі ў Магілёве”, - расказаў пра найбольш значныя праекты, рэалізуемыя ў Магілёўскай вобласці , аналітык.