Дата публикации

Аналітык: Мінск стаў выдатнай пляцоўкай для дыскусій па пытаннях фарміравання шматпалярнасці

Аналитик: Минск стал отличной трибуной для дискуссии по вопросам формирования многополярности

30 кастрычніка, Мінск /БЕЛТА/ – Мінск стаў не толькі пляцоўкай для мірных перамоў, але і трыбунай для дыскусій па пытаннях фарміравання шматпалярнасці і разнастайнасці ў XXI стагоддзі. Такую думку выказаў карэспандэнту БЕЛТА аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Сяргей Вяргейчык, які прыняў удзел у III Мінскай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы.

Сяргей Вяргейчык асобна закрануў тэму важнасці дзейнасці Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у вырашэнні пытанняў бяспекі.

«У парадку дня ШАС тэма бяспекі не з’яўляецца адзінай, аднак яна вызначае прыярытэты Арганізацыі і аб’ядноўвае інтарэсы яе паўнапраўных членаў і дзяржаў-партнёраў, — адзначыў Вяргейчык. — Рэспубліка Беларусь, улічваючы сваё геаграфічнае становішча, а таксама адкрытасць з моманту набыцця дзяржаўнасці, адчувае ўплыў большасці сучасных геапалітычных працэсаў у свеце».

Ён звярнуў увагу на тое, што ў перыяд стварэння і фарміравання ШАС Беларусь, не маючы агульных межаў з Кітаем і дзяржавамі Цэнтральнай Азіі, непасрэдна не ўдзельнічала ў працэсе фарміравання бяспечнай абстаноўкі ў рэгіёне.

«Асноўная ўвага Мінска на знешнім контуры калектыўнай бяспекі была сканцэнтравана на ўзмацненні ролі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) у супрацьдзеянні сучасным выклікам і пагрозам. Улічваючы, што дзве ключавыя рэгіянальныя арганізацыі мелі супольных удзельнікаў (Расія, дзяржавы Цэнтральнай Азіі), можна сцвярджаць, што Беларусь як актыўны член АДКБ фактычна ўдзельнічала ў шматбаковым працэсе фарміравання абстаноўкі бяспекі на прасторы ад Брэста да Шанхая», — падкрэсліў аналітык.

На яго думку, гэтаму садзейнічалі цесныя і дружалюбныя адносіны на двухбаковай аснове з усімі краінамі, якія ўваходзяць у ШАС і АДКБ.

«Пры далучэнні Беларусі да ШАС, спачатку ў якасці партнёра па дыялогу, а затым у якасці назіральніка, улічвалася змяненне інтарэсаў Арганізацыі ў бок пашырэння магчымасцяў эканамічнага супрацоўніцтва і гуманітарнага абмену, — працягнуў аналітык. — Беларусь таксама дэманстравала зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі, у тым ліку ЕАЭС і ШАС. Як падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з лідарам КНР Сі Цзіньпінам у Ташкенце ў чэрвені 2016 года, мы гатовы быць «заходнімі варотамі» ШАС як адзіная еўрапейская дзяржава, якая атрымала статус назіральніка».

Сяргей Вяргейчык адзначыў, што ў сучасных умовах Беларусь апынулася на «заходнім рубяжы» ШАС і ўносіць значны ўклад у забеспячэнне рэгіянальнай стабільнасці.

«Мінск стаў не толькі пляцоўкай для мірных перамоў, але і трыбунай для дыскусій па пытаннях фарміравання шматпалярнай і разнастайнай абстаноўкі ў XXI стагоддзі, заснаванай на такіх ключавых прынцыпах, як ненапад, непрымяненне сілы або пагрозы сілай, мірнае вырашэнне рознагалоссяў».

Сярод выразаў, якiя найбольш часта ўжывалi дакладчыкі падчас III Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, былі «справядлівы сусветны парадак», «роўны дыялог», «універсальная і непадзельная бяспека», і «ненакіраванасць супраць іншых». Схожыя па духу каштоўнасці—ўзаемная павага і давер, роўнасць, дыялог і імкненне да агульнага развіцця—лёжаць у аснове «шанхайскага духу», — адзначыў Вяргейчык.

«Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва як адна з найбольш прадстаўнічых і ўплывовых арганізацый фактычна ўжо стала неад’емным элементам новага міжнароднага парадку. Як падкрэсліў Генеральны сакратар ШАС, роўная і непадзельная архітэктура бяспекі ў Еўразіі і справядлівы сусветны парадак гарманічна дапоўніць намаганні ШАС па ўмацаванні міру і стабільнасці ў рэгіёне. Стаўшы часткай «шанхайскай сям’і», — а гэта стратэгічны выбар Беларусі, — краіна ўносіць свой уклад у справу «універсальнай бяспекі на прынцыпах непадзельнасці і культурна-цывілізацыйнай разнастайнасці шляхоў устойлівага развіцця», — рэзюмаваў аналітык БІСД.