Дата публикации

Аналітык растлумачыць: Выкананне кансалідаванага бюджэта вобласці і мясцовых бюджэтаў за паўгоддзе

У бюджэта ўласны даход і ёсць прафіцыт

Жнівень традыцыйна выступае часам падвядзення прамежкавых вынікаў года ў сацыяльна-эканамічным плане. Важным грамадска значным момантам выступае публікацыя дадзеных па выкананні кансалідаванага бюджэта вобласці і мясцовых бюджэтаў. Дадзеную інфармацыю кожны грамадзянін можа знайсці на афіцыйных сайтах рай(гар)выканкамаў Віцебскага аблвыканкама. Якія вынікі паўгоддзя, тлумачыць аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (ЮІСД) Андрэй Мішын.

Нюансы выканання

Па-першае, пры разглядзе бюджэта, як і многіх паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, не дзейнічае правіла «паўгоддзе роўна год, падзелены на два». Паступленне даходаў і расходаванне бюджэтных сродкаў можа мець і, як правіла, мае нераўнамерны («ламаны») характар з «падзейнымі пікамі». Гэта важна запомніць, тым не менш выкананне бюджэта за студзень-чэрвень выступае адным з індыкатараў у ацэнцы стану эканомікі (падаткавыя паступленні, дзяржаўнае інвеставанне) і сацыяльнай сферы.

Калі гаварыць пра лічбы, то ў першую чаргу трэба адзначыць, што кансалідаваны бюджэт Віцебскай вобласці за студзень-чэрвень 2023 года выкананы з прафіцытам у 40,5 мільёна рублёў (план на год прадугледжвае дэфіцыт у 100,2 мільёна рублёў). З 23 мясцовых бюджэтаў (раённых і гарадскіх) па 11 назіраецца прафіцыт у выкананні – ад 0,2 мільёна рублёў па Докшыцкаму і Расонскаму раёнам да 9,6 мільёна рублёў – па Аршанскаму. У той жа час са значным дэфіцытам выкананы бюджэт горада Віцебска (13,8 мільёна рублёў), што выклікана тым самым «падзейным пікам» - правядзенне Дня горада (24 чэрвеня), актыўнай фазай падрыхтоўкі да правядзення фестываля «Славянскі базар у Віцебску».

Любы бюджэт складаецца з даходнай і расходнай частак.

Падаткавы патэнцыял

Разглядаючы даходы кансалідаванага бюджэта Віцебскай вобласці за 1 паўгоддзе 2023 года, можна адзначыць наступнае.

Асноўнай крыніцай напаўнення выступаюць падаткавыя даходы (52,3 працэнта, вышэй за 1 мільярд рублёў). З улікам існуючай сістэмы залічэння і размеркавання падаткаў ключавымі для рэгіёна выступаюць: падаходны падатак (43,3 працэнта ўсіх падаткавых даходаў бюджэта, або 22 працэнты ўсіх даходаў кансалідаванага бюджэта вобласці) і падатак на дабаўлены кошт (32,3 працэнта і 17 працэнтаў адпаведна).

Для даведкі трэба адзначыць, што падатак на дабаўлены кошт (ПДК) кансалідуецца на рэспубліканскім узроўні і затым паэтапна размяркоўваецца між тэрыторыямі ў адпаведнасці з іх колькасцю. Гэта значыць кіраўніцтва вобласці (раёнаў, гарадоў) не можа прама паўплываць на велічыню такіх паступленняў. А ўскосны ўплыў выражаецца ў стымуляванні таваразвароту, паляпшэнні дэмаграфічнай абстаноўкі на тэрыторыі.

Непадаткавыя даходы сфарміравалі менш за 5 працэнтаў ( менш за 100 мільёнаў рублёў). Для бюджэта горада Віцебска гэта больш важкая крыніца даходаў (24 мільёны рублёў, або 10,5 працэнта ўсіх даходаў) у сувязі з вялікімі магчымасцямі (размяшчэнне прыбытковых і эфектыўных вытворчасцяў з доляй дзяржавы ва ўстаўным капітале, больш прывабная з камерцыйнага пункту гледжання маёмасць у дзяржаўнай уласнасці).

Гэтыя дзве катэгорыі даходаў (падаткавыя даходы і непадаткавыя даходы) фарміруюць такое паняцце, як уласныя даходы бюджэта. Прырост уласных даходаў бюджэта з’яўляецца адным з індыкатараў у ацэнцы эфектыўнасці работы выканкамаў.

Па вобласці ў цэлым за студзень-чэрвень 2023 года адзначаны прырост уласных даходаў кансалідаванага бюджэта на 212,5 мільёна рублей, або 23,3 працэнта. Па гораду Віцебску – прырост на 59,1 мільёна рублёў, або 37,5 працэнта.

Бюджэтныя прыярытэты

Гаворачы пра расходы кансалідаванага бюджэта вобласці, важна падкрэсліць яго сацыяльную накіраванасць у цэлым. На долю сацыяльнай сферы па выніках выканання бюджэта за студзень-чэрвень прыйшлося 64,2 працэнта расходаў, у тым ліку 28,5 працэнта накіравана на адукацыю, 25, 2 працэнта – ахову здароўя. Тэмп росту сацыяльных расходаў бюджэта вар’іруецца ад 111,4 да 122,3 працэнта.

Другой буйной катэгорыяй у расходнай частцы выступае нацыянальная эканоміка (15,3 працэнта ўсіх расходаў) – акцэнт на падтрымку сельскай гаспадаркі (11,3 працэнта ўсіх расходаў).

Расходы бюджэта ўключаюць розныя эканамічныя катэгорыі. Так, у межах падтрымкі сельскай гаспадаркі гэта ў асноўным субсідыі, а ў сацыяльнай сферы – заработная плата і налічэнні.

У цэлым у структуры расходаў кансалідаванага бюджэта вобласці за I паўгоддзе 2023 года 47,8 працэнта прыйшлося менавіта на заработную плату і налічэнні (для бюджэта горада Віцебска гэта 58,2 працэнта), гэта значыць на аплату працы бюджэтнікаў (медработнікаў, настаўнікаў, выхавальнікаў, сацработнікаў, работнікаў культуры і спорта).

Такім чынам, вынікі выканання кансалідаванага бюджэта Віцебскай вобласці за студзень-чэрвень 2023 года паказваюць кантралюемасць сітуацыі. Бюджэт рэгіёна выкананы з прафіцытам і мае стабільнасць у паступленні падаткавых і непадаткавых даходаў для забеспячэння выканання ўсіх абавязацельстваў.