Аналітык: удасканаленне транспартнай інфраструктуры ў межах Саюзнай дзяржавы мае ключавое значэнне.Такі погляд карэспандэнту БЕЛТА выказала аналітык БІСД Вольга Лазоркіна.
“Ва ўмовах новай геапалітычнай рэальнасці ўдасканаленне транспартнай інфраструктуры ў межах Саюзнай дзяржавы мае ключавое значэнне. Сёння відавочна, што змены ў ланцужках паставак уступілі ў фазу кардынальных перамен. Можна гаварыць цалкам пра каласальны лагістычны рух. Тэма транспартных калідораў з’яўляецца топавай у міжнародных сустрэчах любога ўзроўню”, - адзначыла яна.
Аналітык дадала, што дыверсіфікацыя экспарту – не новая для нашай краіны тэма. Яна ажыццяўлялася паэтапна задоўга да ўвядзення абмежавальных мер з боку шэрагу заходніх краін. “У сілу гэтага Беларусь сфарміравала кола партнёраў у еўразійскім рэгіёне, мае ўстойлівыя іміджавыя характарыстыкі як пастаўшчыка, так і вытворцы якасных тавараў”.
Вольга Лазоркіна лічыць, што Беларусі, аснову экспарту якой складаюць калійныя ўгнаенні і прадукты нафтаперапрацоўкі, неабходна ў кароткія тэрміны атрымаць доступ да марскіх перавозак.
“Марскія грузаперавозкі лічаць аднымі з самых эканамічных, што таксама важна для Беларусі і для канчатковых спажыўцоў. Наяўнасць уласнай партовай інфраструктуры дазволіць самастойна ажыццяўляць цэнавае рэгуляванне. А значыць – павышаць канкурэнтнасць і прываблівасць беларускай прадукцыі на сусветных рынках. У планах Беларусі – парты ў Санкт-Пецярбургу і Мурманску. Гэта, несумненна, доўгатэрміновыя праекты”, - лічыць эксперт.
Расійскія парты іграюць ключавую ролю для беларускага экспарту. Праз 19 расійскіх партоў Беларусь накіроўвае нафтапрадукты, калійныя і азотныя ўгнаенні, металапрадукцыю, тавары дрэваапрацоўкі. Пры гэтым аналітык БІСД звярнула ўвагу на тое, што важна максімальна выкарыстоўваць магчымасці, якія створаны ў межах Саюзнай дзяржавы.”Сёння Расія таксама рухаецца ў азіяцкім накірунку. Марская інфраструктура для Беларусі – гэта не пра эканоміку, а пра стратэгічнае забеспячэнне бяспекі развіцця краіны. Пастаянныя геапалітычныя рызыкі, якія суправаджаюць гандаль у апошнія два дзесяцігоддзі, патрабуюць фарміравання ўстойлівай платформы, у аснове якой будуць пераважна эканамічныя фактары, такія як канкурэнцыя і прагматызм”, - дадала Вольга Лазоркіна.
Аналітык БІСД звярнула ўвагу, што Беларусь і Расія забяспечваюць надзейныя транспартныя камунікацыі і таваразварот як унутры Саюзнай дзяржавы, так і ў межах супрацоўніцтва са знешнімі партнёрамі, што з’яўляецца адным з ключавых фактараў эканамічнай устойлівасці нашых краін. “Што датычыцца нашых суседзяў, то дэмакратычная “пелена” непазбежна спадзе. Беларусь не мае намеру рабіць нікому падарункі ў выглядзе гатовых тэрміналаў. Усе пытанні будуць паслядоўна рашацца ў міжнародных структурах”, - рэзюміравала яна.