Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Аляксей Аўдонін.
Эксперт адзначыў, што цяпер, калі бачны гарызонт завяршэння пандэміі, многія краіны, у тым ліку Беларусь, падымаюць пытанне аб ключавых сектарах нацыянальнай эканомікі, якія забяспечаць ёй пад’ём, паскарэнне і рост. “Вызначыць панацэю ад спаду цяпер наўрад ці магчыма. Аднак было б утопіяй лічыць, што можна рэзка перабудавацца на працягу некалькіх месяцаў. Адназначна, тыя сектары, якія з’яўляліся драйверамі, будуць рухаць нацыянальныя эканомікі і далей. У выпадку Беларусі гэта машынабудаванне, сельская гаспадарка, перапрацоўчая прамысловасць, нафтахімія”, – мяркуе аналітык БІСД.
Павышэнне эфектыўнасці гэтых галін, развіццё вытворчасці медыцынскіх тавараў і сферы паслуг, IT – гэта тыя кірункі, на якія варта звярнуць асаблівую ўвагу, дадаў ён. Не менш важна, на думку Аляксея Аўдоніна, забяспечваць сістэму аддаленай працы і каардынацыі бізнесу. У Беларусі ў плане развіцця неабходных тэхналогій, надзейнай сістэмы камунікацыі зроблена нямала. Уласна, гэта дазволіла бізнесу дастаткова эфектыўна працаваць у цяперашніх умовах, падкрэсліў аналітык.
Аляксей Аўдонін прагназуе, што ў бліжэйшыя два-тры гады канкурэнцыя ключавых эканамічных цэнтраў абвострыцца. Беларусі важна засяродзіцца на стварэнні сучасных тавараў і паслуг, захаванні сваіх пазіцый на традыцыйных рынках і адкрыцці новых. “У такіх умовах менавіта якасць менеджменту будзе залогам эканамічнага росту”, – адзначыў эксперт.