На маштабным мерапрыемстве ў Санкт-Пецярбургу прадстаўнікі цэнтральных выбарчых камісій, парламентаў, універсітэтаў і аналітычных структур абмяркоўваюць вопыт супрацьдзеяння замежнаму ўмяшанню ў выбары і рэферэндумы.
Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Анатолій Баяшоў і эксперт Міжпарламенцкай асамблеі СНД Алег Лешанюкпрадставілі ўдзельнікам семінара калектыўную манаграфію «Бяспека выбарчага працэсу». Аўтары акцэнтавалі ўвагу на ўскладненні форм электаральнага ўмяшання.
– Развіццё лічбавых тэхналогій адкрывае магчымасці для вывучэння і ўздзеяння на аўдыторыю, у тым ліку на патэнцыяльнага выбаршчыка. Праз тэхналогіі выяўляюцца ідэалагічныя перавагі, ажыццяўляецца навязванне пэўных мадэляў паводзін, рамак і стэрэатыпаў, фарміруецца меркаванне і рыхтуецца глеба для прыняцця выбаршчыкам рашэння, выгаднага для знешняга боку. У гэтых мэтах выкарыстоўваюцца тэхналогіі: штучны інтэлект і нейратэхналогіі, блокчэйн, віртуальная і дапоўненая рэальнасць, стварэнне лічбавых двайнікоў, - падзяліўся Алег Лешанюк. - Дэмакратыя патрабуе свабодных, перыядычных, празрыстых і інклюзіўных выбараў. Аднак трэба падкрэсліць, што інтэрнэт-галасаванне не зможа стаць аналагам традыцыйнага галасавання ў першую чаргу па прычыне лічбавай няроўнасці. Электроннае галасаванне можа толькі дапоўніць агульную сістэму галасавання як адзін са зручных інструментаў.
Пры гэтым, як адзначаюць эксперты, лічбавізацыя грамадскага жыцця дазваляе ўмешвацца ў выбары задоўга да іх арганізацыі, у тым ліку на этапе навучання членаў выбарчых камісій, што павышае патрабаванні да прафесіяналізму педагогаў і якасці метадалагічных дакументаў.
– Сёння формы замежнага ўмяшання ўскладняюцца. Сам па сабе гэты працэс не новы: умяшанне пад прыкрыццем назірання або грамадскай дзейнасці здаралася і раней, - расказаў Анатолій Баяшоў і прывёў прыклад: - Новым трэндам стала барацьба ў інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы: агрэсіўная кантэкстная рэклама, палітычныя фільтры інфармацыі ў пошукавіках або аўтаматызаваная агітацыя ў сацсетках пад выглядам жартаўлівых ролікаў. Паралельна нам спрабуюць навязаць укараненне ў гэтыя сеткавыя формы, падмяніць эфектыўнасць работы сеткавай вядомасцю. Гэтыя працэсы робяць запатрабаваным комплекснае забеспячэнне электаральнай бяспецы, якое гарантуе свабоднае волевыяўленне для ўсіх адказных грамадзян Рэспублікі Беларусь.