Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў і Інстытут палітычных і міжнародных даследаванняў пры МЗС Ірана дамовіліся аб супрацоўніцтве. Мемарандум падпісаны ў межах міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Стратэгічны аналіз і прагназаванне. Беларусь у глабальным свеце».
Бакі зацікаўлены ў правядзенні тэматычных даследаванняў, круглых сталоў з удзелам экспертаў, рэалізацыі сумесных праектаў.
Як адзначыў намеснік міністра замежных спраў Ірана, кіраўнік Інстытута палітычных і міжнародных даследаванняў пры МЗС Ірана Махамад Хасан Шэйхольэсламі, гэта яго першы візіт у Беларусь. «Я рад знаходзіцца ў Мінску. У выніку дамоўленасцей вышэйшага кіраўніцтва дзвюх краін, рэалізацыі іх рашэнняў за апошнія два гады двухбаковыя адносіны атрымалі небыалае развіццё»,- сказаў ён.
Разам з тым, на думку Махамада Хасана Шэйхольэсламі, узаемадзеянне на экспертным узроўні не адпавядае дынаміцы ў палітычнай і эканамічнай сферах. «На нашы краіны накладзены незаконныя і несправядлівыя санкцыі з боку недружалюбных краін. І супрацоўніцтва «фабрык думкі» Ірана і Беларусі – добрая магчымасць для абмену поглядамі па актуальных пытаннях. Будуць створаны каналы прамой сувязі для хуткага рэагавання і выпрацоўкі рашэнняў», - сказаў кіраўнік іранскага Інстытута палітычных і міжнародных даследаванняў.
У ліку перспектыўных накірункаў ён назваў таксама арганізацыю навучальных курсаў для маладых дыпламатаў, узаемадзеянне ў сферы архіўнай справы і дакументацыі. У канцы лістапада чакаецца візіт беларускіх экспертаў у Тэгеран для ўдзелу ў канферэнцыі «Тэгеранскі дыялог».
«Для мяне вялікі гонар запрасіць Алега Макарава і яго калег. На палях канферэнцыі мы зможам пагутарыць і спланаваць далейшыя крокі па развіцці супрацоўніцтва»,- сказаў Махамад Хасан Шэйхольэсламі
Дырэктар БІСД Алег Макараў у сваю чаргу адзначыў высокі ўзровень прадстаўніцтва іранскай дэлегацыі, што гаворыць аб сур“ёзнасці намераў партнёраў. «Мы адкрываем новую старонку ва ўзаемадзеянні «фабрык думкі». Для нас цікавы вопыт Ірана як у плане супрацьстаяння санкцыям, так і ў развіцці эканомікі. Спадзяемся, што экспертны дыялог будзе садзейнічаць у тым ліку развіццю эканамічных сувязей»,- адзначыў ён.
У першую чаргу бакі будуць абменьвацца аналітыкай, звязанай з рэгіянальнай нестабільнасцю, а таксама па эканамічных пытаннях.
У канферэнцыі «Стратэгічны аналіз і прагназаванне. Беларусь у глабальным свеце» прымаюць удзел прадстаўнікі аналітычных служб вядучых органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі, а таксама замежныя партнёры БІСД. У іх ліку – кіраўнікі і эксперты Цэнтра аналізу міжнародных адносін Азербайджана, Цэнтра даследаванняў Расіі і краін СНД Інстытута еўрапейскіх даследаванняў В“етнамскай акадэміі грамадскіх навук, Казастанскага інстытута стратэгічных даследаванняў пры прэзідэнце Казахстана, Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў пры Прэзідэнце Кыргызстана, Эмірацкага цэнтра стратэгічных даследаванняў, Агенцтва стратэгічных ініцыятыў (РФ), Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін Расійскай акадэміі навук, Цэнтра еўразійскіх даследаванняў Турцыі (AVIM), Інстытута стратэгічных і міжрэгіянальных даследаванняў пры Прэзідэнце Узбекістана, а таксама Сакратарыята АДКБ.
Эксперты абмяркоўваюць асаблівасці аналітыкі, яе ролю і месца ў сучасным свеце, міжнароднае супацоўніцтва. Таксама ў цэнтры ўвагі – удзел аналітыкаў у дыягностыцы праблем развіцця рэгіёнаў краіны, камунікацыя і ўзаемадзеянне са службовымі асобамі, грамадзянскай супольнасцю, навуковымі інстытутамі, нюансы работы з «вялікімі дадзенымі», тэхналогіямі, статыстыкай і сацсеткамі і інш.