Грошы на выбар
Многія краіны актыўней пераходзяць на нацыянальныя валюты ў разліках. Ці значыць гэта, што ў бліжэйшай перспектыве з’явіцца альтэрнатыва даляру?
Сёння існуе мноства аб’ектыўных і суб’ектыўных прадпасылак дэдалярызацыі. Суб’ектыўным фактарам з’яўляецца прымяненне даляра ў якасці санкцыйнай зброі ў адносінах Расіі і Беларусі. Гэтыя абставіны падштурхнулі Расію, Кітай, іншыя краіны ШАС і БРІКС да стварэння ўласных сістэм разлікаў, якія абыходзяцца без даляра. Разам з тым вопыт звароту лічбавых валют паступова прыводзіць да ідэі ўвядзення лічбавых валют цэнтральных банкаў, якія станоўча ўспрымаюцца ў ЗША і іншых развітых краінах. Пераход да такіх валют можа таксама змяніць міжнародныя сістэмы разлікаў.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: |
Усім кіруюць нафтадаляры?
Даляр ЗША з’яўляецца сусветнай рэзервовай валютай з 1944 года і працягвае заставацца ёю ў сілу таго, што менавіта даляр дамінуе як у міжнародных рэзервах, так і ў міжнародных разліках.
Па дадзеных МВФ, у першым квартале гэтага года доля даляра ў міжнародных рэзервах цэнтральных банкаў складала 59 працэнтаў, еўра – 20 працэнтаў. Японская ена і брытанскі фунт займаюць прыкладна кожны па 5 працэнтаў, доля кітайскага юаня і канадскага даляра – па 2,5 працэнта, на астатнія валюты прыходзіцца каля 6 працэнтаў міжнародных рэзерваў.
Доля даляра ў міжнародных разліках, якія з’яўляюцца вынікам міжнароднага гандлю таварамі і паслугмі, застаецца больш высокай у параўнанні з доляй у рэзервах. Згодна з дадзенымі Банка міжнародных разлікаў (BIS), апошнія 30 гадоў доля даляра ў міжнародных разліках вагаецца ў калідоры 80-90 працэнтаў.
Шырокае выкарыстанне даляра ў міжнародных разліках звязана з паняццем «нафтадаляр». Так прынята, што нафта ў свеце гандлюецца за даляры, найбольшыя аб’ёмы гандлю сыравінай і ф’ючэрсамі праходзяць праз Нью-Ёркскую і Лонданскую біржы. Гадавы аб’ём гандлю нафтай складае 2,1 трыльёны даляраў, што больш чым у два разы перавышае гадавы аб’ём гандлю усімі металамі – жалезам, меддзю, алюмініем, золатам.
Між тым на нашых вачах адбываецца змена сістэмы плацяжоў у міжнародным гандлі. З 2022 года Расія пачала пастаўляць сыравіну з аплатай рублямі, увёўшы гэту ўмову ў якасці зваротнай меры на санкцыі ЗША і ЕС, а такама з прычыны абмежаванняў на выкарыстанне даляраў.
Альтэрнатыўныя рашэнні
Пашыраюцца аб’ёмы выкарыстання альтэрнатыўных даляру валют у міжнародных разліках.
У прыватнасці, пастаўкі сыравіны з Расіі ў Кітай часцей за ўсё аплочваюцца ў юанях. Пастаўкі расійскай нафты ў Індыю аплочваюцца таксама ў юанях, дырхамах ААЭ і іншых валютах. На думку экспертаў, менавіта ператварэнне даляра ў зброю прымушае свет шукаць альтэрнатыву. Прэцэдэнты адмовы ад плацяжоў у далярах праяўляюцца не толькі ў разліках за сыравіну.
У мінулым месяцы Аргенціна выплаціла міжнароднаму валютнаму фонду крэдыт на суму, эквівалентную 2,7 мільярда даляраў, без выкарыстання даляраў – кітайскімі юанямі і банкнотамі са спецыяльнымі правамі запазычання. Пакуль што гутарка ідзе пра разовыя здзелкі і нязначныя па сусветных мерках аб’ёмы разлікаў, якія слаба бачны ў статыстыцы, але ўсё вельмі хутка можа змяніцца.
Можна пералічыць некалькі пагроз гегемоніі даляра: па-першае, гэта магчымае ўвядзенне агульнай валюты ў межах БРІКС, ШАС, ЕАЭС; па-другое, навацыі саміх цэнтрабанкаў развітых краін.
На прайшоўшым нядаўна саміце ШАС у Індыі нямала ўвагі было надзелена ўдасканаленню фінансавых разлікаў між удзельнікамі дадзенай арганізацыі. Перспектывы дэдалярызацыі на аснове ўвядзення залатога стандарта абмяркоўваюцца таксама на ўзроўні БРІКС.
Чакаецца, што падчас саміта БРІКС у жніўні ў Паўднёвай Афрыцы будзе зроблена заява аб увядзенні валюты БРІКС, забяспечанай золатам. Дадзеная заява БРІКС з’яўляецца найбольш прыкметным публічным выклікам даляру ЗША на сусветнай арэне за апошні час.
Аднак у выпадку прыняцця дадзенага рашэння яго наступствы для сусветнай фінансавай сістэмы застаюцца непрадказальнымі. Існуе меркаванне, што ўвядзенне забяспечанай золатам валюты БРІКС абясцэніць у першую чаргу самі фіятныя валюты членаў БРІКС, а не даляр. На думку міністра па інтэграцыі і макраэканоміцы ЕЭК Сяргея Глазьева, ідэя наднацыянальнай валюты БРІКС заключаецца ў стварэнні сістэмы прынцыпова новых фінансавых адносін, заснаваных на міжнародным дагаворы. Прыкладам наднацыянальнай валюты можна таксама назваць еўра. Пры гэтым краіны БРІКС значна апярэджваюць ЕС па аб’ёму УВП, узаемнаму гандлю і тым больш па колькасці насельніцтва.
Валюта сыходзіць у лічбу
Існуе верагоднасць, што рэарганізацыя міжнароднай фінансава-валютнай сістэмы адбудзецца не з прычыны адмовы ад даляра краінамі, якія развіваюцца, а стане ініцыятывай саміх ЗША і іншых развітых дзяржаў. У прыватнасці, Федэральная рэзервовая сістэма ўжо працуе над ідэяй лічбавага даляра, які можа даць ураду беспрэцэдэнтны кантроль над расходамі грамадзян. Дакладна таксама, па заяве аналітыкаў, лічбавы фунт Банка Англіі стане «поўнай рэструктурызацыяй» цяперашняй фінансавай сістэмы і можа даць ураду большы кантроль над тым, як людзі выкарыстоўваюць свае грошы (гэту пераспектыўную лічбавую валюту жартам называюць брыткоінам)
11 ліпеня Дзяржаўная дума Расіі прыняла ў трэцім чытанні законапраект аб лічбавым рублі, які , як чакаецца, будзе служыць сродкам аплаты і пераводу, але не сродкам зберажэння.
Увядзенне лічбавых валют цэнтральных банкаў дазволіць выкарыстаць шырокія магчымасці лічбавізацыі і штучнага інтэлекту як спажыўцам, так і прадаўцам тавараў і паслуг.
Чакаецца стварэнне спецыяльных дадаткаў, якія рэкамендуюць спажыўцам, куды і калі лепш патраціць свае лічбавыя грошы. Найбольш негатыўным бокам увядзення ЛВЦБ стане ўмацаванне дзяржаўнага надзару за выбарам расходаў людзей і іх паводзінамі ў цэлым.
Пакуль што складана прадказаць усе наступствы пераходу да ЛВЦБ, уключаючы наступствы для міжнародных разлікаў. Але можа ў выніку так аказацца, што папяровыя грошы назаўсёды сыдуць з абароту і сістэма грашовага звароту прынцыпова зменіцца
Што датычыцца беларусаў, то тыя з іх, хто прывык захоўваць зберажэнні ў папяровых далярах, у адно імгненне могуць сутыкнуцца з частковай стратай назапашванняў. Не важна, што стане прычынай – увядзенне альтэрнатыўнай сусветнай валюты або пераход саміх ЗША на лічбавыя грошы з прынцыпова новымі ўласцівасцямі і механізмамі звароту. Але ёсць і пазітыўны момант. Калі ў людзей узнікне пытанне, у чым захоўваць свае фінансы, значыць, у іх ёсць свабодныя грошы.
Аляксей БЫКАЎ, доктар эканамічных навук, прафесар, аналітык БІСД.