Дата публикации

На Брэшчыне ў гэтым годзе пачнецца будаўніцтва індустрыяльных паркаў

Стымулы для справы

Павышэнне эфектыўнасці беларускай эканамічнай мадэлі забяспечваецца за кошт укаранення новых форм дзейнасці і рэалізацыі інавацыйных праектаў. Адной з кропак росту рэгіянальных гаспадарчых комплексаў з’яўляюцца індустрыяльныя паркі. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады прадугледжвае фарміраванне ў гарадах з колькасцю насельніцтва 80 тысяч чалавек і больш індустрыяльных пляцовак.

На Брестчине в этом году начнется строительство индустриальных парков

Брэсцкая вобласць можа стаць першай, дзе ўжо ў гэтым годзе пачнецца будаўніцтва такіх паркаў. Праекты будуць рэалізаваны на базе дзеючых суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры: у Баранавічах адкрыюць філіял Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка, а ў Пінску пашыраецца ТАА “Тэхнапарк “Палессе”, якое функцыянуе і ўваходзіць у кластар біятэхналогій і зялёнай эканомікі.

Стварэнне ў Баранавічах і Пінску вытворчай інфраструктуры па мадэлі “грынфілд”, або з нуля, дазволіць забяспечыць рост прадпрымальніцкай ініцыятывы, прыцягнуць рэзідэнтаў (перш за ўсё малыя вытворчыя прадпрыемствы), дзейнасць якіх накіравана на імпартазамяшчэнне. У Баранавічах плануецца сканцэнтравацца на вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі для мэблевай, аўтамабільнай і станкабудаўнічай прамысловасці, перапрацоўкі смецця. Індустрыяльны парк у Пінску будзе спецыялізавацца на машынабудаванні, металаапрацоўцы і хімічнай прамысловасці. Рэжым “інавацыйнага інкубатара” створыць умовы для арганізацыі і наступнага нарошчвання выпуску прадукцыі ў самы кароткі тэрмін

Праекты могуць выклікаць цікавасць рэгіянальных флагманаў - ЗАТ “Пінскдрэў”, ЗАТ “Атлант”, ЗАТ “Амкадор -Пінск” і шэрагу іншых, прамысловы патэнцыял якіх у далейшым можа выкарыстоўвацца для прыцягнення першых рэзідэнтаў з наступным стварэннем з імі вытворчых кааперацыйных ланцужкоў. Акрамя таго, рэзідэнты індустрыяльных паркаў змогуць арандаваць тэрыторыю і вытворчыя карпусы з магчымасцю выкупу і будаўніцтва памяшканняў па індывідуальным праекце.

Адна з пераваг індустрыяльных паркаў у тым, што яны будуць будавацца на тэрыторыях свабодных эканамічных зон. А рэзідэнты СЭЗ, як вядома, маюць шэраг прэферэнцый. Па-першае, яны не плоцяць падаткі на прыбытак у адносінах прадукцыі ўласнай вытворчасці, на нерухомасць на працягу першых трох гадоў пасля рэгістрацыі на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны і на зямлю (акрамя зямельных участкаў, дадзеных на часовае выкарыстанне і своечасова не вернутых). Акрамя таго, суб’екты СЭЗ не плоцяць мытныя пошліны, акцызы і іншыя плацяжы ў адносінах тавараў, якія завозяцца на мытную тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза, перапрацаваных у СЭЗ і вывазімых са статусам уласнай вытврчасці за межы ЕАЭС. У гэтым выпадку да эканамічных прэферэнцый дадаецца выгада доступу да асноўных транспартных магістраляў у накірунку Еўрапейскі Саюз - Расійская Федэрацыя - Сярэдняя Азія - Кітай.

Канцэпцыя індустрыяльнага парка мае на ўвазе магчымасць стварэння Адукацыйнага цэнтра з укараненнем тэарэтычнага навучання на базе ўстановы адукацыі, а практычнага - на вытворчасці (дуальная адукацыя). Гатовая інфраструктура, падрыхтоўка кваліфікацыйных кадраў паралельна з прэферэнцыяльным прававым рэжымам павышаюць прыхільнасць брэсцкага рэгіёна - патэнцыяльнага цэнтра інавацыйнай актыўнасці Беларусі.

Нягледзячы на існуючыя рызыкі, рэалізацыя інавацыйных праектаў прыцягне ў эканоміку рэгіёна дадатковыя інвестыцыі, створыць новыя працоўныя месцы. Акрамя таго, знаходжанне пляцовак у свабоднай эканамічнай зоне будзе садзейнічаць росту экспартнага патэнцыялу і прыцягненню замежных інвестараў, у тым ліку для арганізацыі новых для рэгіёна вытворчасцяў.

Эдуард СЕВЯРЫН, начальнік Брэсцкага аддзялення БІСД