Справа- труба
Вызначальнымі фактарамі, якія традыцыйна ўздзейнічаюць на рынак газу, з’яўляюцца цана і тыя эфекты кантролю, якія ўзнікаюць з боку пастаўшчыкоў дадзенага энерганосьбіта. Нягледзячы на тое, што Расія фарміравала ніжнюю частку цэнавай прапановы газу і рабіла гэта на працягу дзесяцігоддзяў, Еўрасаюз прыняў стратэгічнае рашэнне аб зніжэнні ступені энергетычнай залежнасці як ад Расіі, так і ад любых іншых алігапольных пастаўшчыкоў. Чым гэта абярнулася для еўрапейцаў і што далей?
Стратэгія і рэальнасць
Страта асноўнай таннай крыніцы газу лягла цяжкім грузам перш за ўсё на плечы адносна энергаёмістых прамысловых прадпрыемстваў і стала той цаной, якую Еўропа вымушана плаціць за разрыў энергетычных сувязей з Расіяй. Калі раней нават невялікія значэнні інфляцыі мелі ў еўрапейскіх краінах у асноўным манетарную прыроду ў кантэксце стымулявання попыту, то цяпер упершыню за доўгі час Еўропа сутыкнулася з паскоранымі тэмпамі інфляцыі з боку росту выдаткаў прапановы.
Дадзеныя страты маюць усвядомлены характар, паколькі шчыльная прывязка да расійскіх, алжырскіх і нарвежскіх трубаправодных паставак мае патэнцыяльныя рызыкі пазарыначных форм кантролю. Пра звадкаваны прыродны газ (ЗПГ) такога не скажаш. Пастаўшчыкі ЗПГ свабодна перанакіроўваюць грузы на тыя рынкі, дзе ім прапаноўваюць лепшую цану без істотнай аглядкі на палітыку. Баль тут правіць пераважна камерцыйны інтарэс. Зразумела, калі гаварыць пра спосабы гандлю ЗПГ, спецыялісты і афіцыйныя асобы ў галіне энергетыкі ўсведамляюць, якія будуць наступствы пасля дысбаланса на рынках (напрыклад, пры выхадзе навін, прагноз якіх не супаў з апублікаванымі афіцыйнымі дадзенымі) і наступным руху цаны актыву ў той або іншы бок у пошуках новага баланса попыту і прапановы на яго.
Пры гэтым, нягледзячы на ўказаны дысбаланс і пройгрыш у цане, значнае памяншэнне долі трубаправоднага газу (і яго замена ЗПГ) з’яўляецца для Еўропы, з аднаго боку, следствам старэння радовішчаў Нарвегіі і магчымага закрыцця Гранінгенскага радовішча ў Нідэрландах, а з другога – важным элементам у доўгатэрміновай стратэгіі зялёнага пераходу. Гэта звязана з неабходнасцю фарміравання рынку газу ў форме, максімальна блізкай да ўмоўнай дасканалай канкурэнцыі, гэта значыць ранку спажыўца, дзе менавіта спажывец дыктуе цану.
Падобная канфігурацыя рынку максімальна зручная для еўрапейцаў, каб пазіцыянаваць газ у якасці пераходнага маста да аднаўляемых крыніц энергіі (АКЭ) або, калі гаварыць больш дакладна, у якасці рэзервовай магутнасці для пакрыцця правалаў у энергагенерацыі ветракоў і сонечных панэляў. Менавіта рынак спажыўца, згодна са стратэгічным планам еўрапейцаў, зробіць газ пастаянна даступным і дастаткова танным рэсурсам, які закрывае “дзіркі” АКЭ.
Але гэта ўсё стратэгія, і перыяд магчымага перахопу ЗПГ ініцыятывы ў трубаправоднага газу наступіць не хутка. Безумоўна, трубаправод – гэта дарагая рэч. Яго стан трэба падтрымліваць, а ўздоўж трубы пракласці дарогу, каб любая кропка была даступна для дыягностыкі і рамонту. У нямалую суму абыходзіцца і ўтрыманне кампрэсарных станцый.
Але на дадзены момант можна канстатаваць, што трубаправодны газ дзесьці на чвэрць танней, чым звадкаваны. І гэта аб’ектыўна абумоўленая розніца, паколькі ў кантэксце бягучай і сярэднетэрміновай структуры выдаткаў нельга зрабіць так, каб газ, транспартуемы па моры, які мяняецца спачатку на звадкаваны, а потым рэгазіфікуецца, каштаваў танней, чым паліва, якое проста ідзе па трубе.
Адказваючы на пытанне, ці зможа ЗПГ рэальна канкурыраваць з трубаправодным газам ад “Газпрама” або іншых крыніц, у бліжэйшай перспектыве неабходна, з аднаго боку, ацаніць агульныя аб’ёмы спажывання блакітнага паліва ў Еўропе, а з другога – звярнуць увагу, па якой цане рэальна прадаецца ЗПГ, гэта значыць ці па цане доўгатэрміновых кантрактаў, якія ў тры-чатыры разы танней, чым на біржы.
У 2019-м аб’ём спажывання газу ў Еўропе склаў 560 млрд. куб.м (такі ж аб’ём спажывання зафіксаваны за 2021 год). З іх ледзь менш за 200 млрд. паступіла з Расіі па газаправодах і 21 млрд – у якасці ЗПГ. Каля 170 млрд. куб.м Еўропе дала здабыча ў Паўночным моры, у тым ліку з Нарвегіі – 120 млрд. Яшчэ 170 млрд. прыйшлося на экспарт з іншых краін – газаправодамі і ў выглядзе ЗПГ. У прыватнасці Катар паставіў 32,7 млрд. куб.м ЗПГ, Алжыр – 30 млрд. трубаправодам і ЗПГ, ЗША – 17,7 млрд. ЗПГ, Нігерыя – 15,7 млрд. ЗПГ. |
Пытанне не толькі ў цане
На думку шэрагу экспертаў, чакаецца, што ў бліжэйшы час асноўную ролю ў сусветных пастаўках ЗПГ будуць іграць ЗША, Аўстралія, Катар. Па некаторых ацэнках, Расія таксама можа стаць адным з асноўных пастаўшчыкоў ЗПГ на Еўрапейскі кантынент. Нягледзячы на тое, што амерыканскі звадкаваны газ ужо займае сваё месца ў Еўропе, рост паставак на бягучым этапе, па сутнасці, зніжае канкурэнтаздольнасць еўрапейскай эканомікі. У значных аб’ёмах ЗПГ не зможа канкурыраваць па цане, паколькі Расія і Нарвегія прапануюць газ па больш нізкаму кошту. У ЗША, напрыклад, ёсць вялікая частка датацыі, якая закладваецца ў здабычу газу, дастаўку і яго звадкаванне. Рэальны сабекошт выходзіць каля 300-350 даляраў. Калі да гэтага дадаць 200 даляраў усіх астатніх панесеных імі выдаткаў, то цана амерыканскага ЗПГ, па якой яны павінны яго прадаваць, будзе прыблізна 500-600 даляраў. Пры гэтым сярэдняя цана за газ ад “Газпрама” для Еўропы па доўгатэрміновым кантракце за названы перыяд складала 270-280 даляраў.
У цэлым поўная замена звадкаваным газам паставак у Еўропу расійскага трубаправоднага газа з’ўляецца малаперспектыўнай. Тады пастаўшчыкам прыйшлося б кінуць азіяцкі рынак, на якім у іх, акрамя прывабных цэн, ёсць і абавязкі па кантрактах.
Акрамя таго, справа не толькі ў цане. Пры неабходнасці рэзка нарасціць аб’ёмы паставак ва ўмовах перападаў энергагенерацыі АКЭ ЗПГ не зможа хутка задаволіць попыт. У лепшым выпадку пастаўкі прыйдзецца чакаць два тыдні, а Нарвегія і “Газпрам” могуць задаволіць попыт максімальна хутка.
Такім чынам, ва ўмовах немагчымасці поўнай дэкарбанізацыі і неабходнасці выкарыстання рэзервовай магутнасці (прычым такой, пры якой бы захоўвалася агульная гнуткасць энергетыкі) трубаправодны газ захавае сваю нішу на еўрапейскім рынку.
Для забеспячэння гнуткай энергетыкі, частковай дэкарбанізацыі вугальныя электрастанцыі дрэнна падыходзяць. Іх цеплавы ККД зніжаецца, а выдаткі на тэхнічнае абслугоўванне павялічваюцца, калі яны працуюць у рэжыме гнуткага піка. Да таго ж больш высокія выкіды вуглякіслага газу ад вугальных станцый зводзяць на нішто галоўную перавагу АКЭ – чыстую энергію.
Батарэі могуць кампенсаваць штогадзінныя ваганні попыту, але яны значна даражэй, чым газавая генерацыя. Хаця гэты кошт можа з часам знізіцца, малаверагодна, што батарэі стануць эканамічна жыццяздольным варыянтам, які дазваляе збалансаваць штотыднёвыя, штомесячныя або міжсезонныя адрозненні ў попыце і прапанове. У плане рэзерву вугальная куча ці газ са сховішча назапашвае энергію ў тысячы разоў танней, чым ліціевы назапашвальнік.
Страта адноснай долі еўрапейскага рынку трубаправоднага газу не нясе за сабой ніякіх сур’ёзных стратэгічных наступстваў для Расіі. Па-першае, ёсць азіяцкі накірунак (“Сіла Сібіры” плюс ЗПГ), а па-другое, аб’ёмы газу, якія засталіся, можна выкарыстаць для вытворчасці вадароду як асновы будучай энергетыкі. Калі гаварыць пра кліматычную павестку, расійскі ўрад будзе дабівацца глабальнага прызнання атамнай энергіі ў якасці безвугляроднай і якая адказвае кліматычным мэтам.
Улічваючы сусветнае лідарства ў галіне атамнай энергетыкі і магчымыя поспехі ў галіне кіруемага тэрмаядзернага сінтэза, Расія ў агляднай перспектыве зможа задаваць трэнды ў глабальнай энергетыцы і стварыць высокаэфектыўную сучасную прамысловасць.
Віталь Дзяміраў, аналітык БІСД