Арганізатары пратэстаў працягваюць распаўсюджваць заклікі да поўнага спынення прамысловых гігантаў і абяцаюць фінансавую дапамогу. Напрыклад, так званы “нацыянальны забастовачны камітэт” абяцае выдзеліць па 100 000 долараў на МТЗ, МЗКЦ і “Гродна-Азот”. Пратэстоўцам абяцаюць грошы і з “фонду дапамогі забастоўшчыкам”, дзе ўжо сабралі больш за мільён долараў, якія нібыта гатовыя раздаць усім. Ужо відавочна, заклікі заблакіраваць працу найбуйнейшых прадпрыемстваў не знаходзяць падтрымкі ў большасці супрацоўнікаў. Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на днях заявіў: людзі хочуць працаваць, такая аб’ектыўная рэальнасць. Аб магчымых наступствах забастовак для эканомікі краіны разважалі эксперты.
Аляксей АЎДОНІН, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў:
– Цяпер, калі арганізатары пратэстаў выразна разумеюць, што падняць масавы і народны пратэстны рух ім не ўдалося, асноўны ўдар накіраваны на буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія з’яўляюцца асновай беларускай эканомікі. У бліжэйшы час уся інфармацыйная і псіхалагічная кампанія будзе разгортвацца вакол іх: з’явіцца шмат фэйкаў аб стачках і забастоўках, сёння пратэстоўцам ужо абяцаюць нейкую дапамогу з розных фондаў, якія фарміруюцца нібыта з асабістых зберажэнняў беларусаў. Трэба разумець, што такая кампанія накіравана ў першую чаргу на стварэнне патрэбнай “карцінкі” для заходніх заказчыкаў: ім хочуць паказаць, што дзяржава ніяк не кантралюе працэс, звязаны з рабочымі, і ўсю рэвалюцыю тут ажыццяўляюць самі людзі і працоўныя калектывы.
Што тычыцца нейкага цуду ў выглядзе фінансавай падтрымкі для пратэстоўцаў, хутчэй за ўсё, усе гэтыя фонды падзеленыя непасрэдна паміж іх ключавымі кіраўнікамі і трымальнікамі “касы”. У рэчаіснасці ніякай падтрымкі пратэстныя рабочыя не атрымаюць, інфармацыя аб гэтай падтрымцы носіць маніпулятыўны характар. У той жа час гэтая тэхналогія здольная прывесці да таго, што прадпрыемствы скароцяць вытворчасці. Гэта адаб’ецца на іх фінансавым становішчы і на стабільнасці паставак. Для сусветных рынкаў цяпер самае галоўнае, каб пастаўшчык тавараў і паслуг быў сталы і выконваў абавязацельствы ў поўным аб’ёме. А зрыў паставак прывядзе не толькі да страты рынкаў, але і вялікіх штрафных санкцый, якія лягуць на прадпрыемства і яго работнікаў. Чым гэта пагражае для апошніх? Скарачэннем зарплаты, рознай матэрыяльнай дапамогі і рэальнай стратай працоўных месцаў з-за неабходнасці скарачэнняў.
Таму вельмі важна разумець: у бягучых умовах, калі свет пагрузіўся ў пандэмію і глыбокі эканамічны крызіс, калі кампаніі ва ўсіх краінах б’юцца на знешніх рынках за кожнага пакупніка, паслабленне беларускіх пазіцый прыводзіць да плюсаў для нашых канкурэнтаў. Мы раптоўна можам страціць тое, што рабілі апошнія 10-15 гадоў. Аднавіцца і атрымліваць такія ж грашовыя паступленні ў найбліжэйшы час мы не зможам.
Леанід БРЫЧ, старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў:
– Нельга сказаць, што ў эканоміцы ў нас да канца вырашаны ўсе пытанні. Аднак паступальны рух і рост нельга адмаўляць. Масавыя забастоўкі на прадпрыемствах прывядуць да страты рынкаў збыту, банкруцтва, зніжэння даходаў насельніцтва. Гэта не толькі спыніць эканамічнае развіццё, але і адкіне на шмат гадоў таму. Таму ўсе заклікі спыняць вытворчасць – гэта заклікі да разбурэння ўсяго добрага, што ў нас ёсць. Важна разумець: страціць знешнія рынкі ў падобнай сітуацыі вельмі лёгка. Цяпер у свеце велізарная канкурэнцыя, а ва ўмовах пандэміі, калі былі спынены многія прадпрыемствы ў Еўропе і Амерыцы, яна яшчэ больш абвострыцца: кожны будзе змагацца за месца любой цаной. Нельга дапусціць таго, каб страціць напрацаваныя гадамі сувязі і кантакты. Што рабіць у гэтай сітуацыі? Я б парэкамендаваў работнікам тых прадпрыемстваў, якія спыняюць працу, не вырашаць пытанні на вуліцах і плошчах, а спакойна садзіцца за стол перамоваў.
Валерый БАРАДЗЕНЯ, першы прарэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат эканамічных навук:
– Хачу заўважыць, што некаторыя хваляванні адбываюцца ў асноўным на дзяржаўных прадпрыемствах. Мяркую, што ў работнікаў буйных прыватных кампаній — ёсць і такія — таксама ёсць свая пазіцыя. Але ў аснове сваёй прыватныя кампаніі працягваюць працаваць. Там разумеюць, якімі стратамі і, магчыма, нават банкруцтвам пагражае спыненне вытворчасці. Несумненна, выкарыстоўваецца нейкі магутны знешні рычаг, накіраваны на падрыў эканомікі. Маўляў, абваліцца эканоміка, і будуць дасягнуты некаторыя палітычныя мэты. Упэўнены, сваю грамадзянскую пазіцыю неабходна і мець, і адстойваць. Але заўсёды неабходна памятаць аб наступствах.
Неабходна памятаць аб цане тых ці іншых дзеянняў: яна бывае неймаверна высокай. Прычым незалежна ад таго, ці будуць дасягнуты заяўленыя мэты. Я б пры любым развіцці падзей не клаў на алтар эканамічны дабрабыт дзяржавы. У рэшце рэшт, існуе шмат іншых інструментаў выказвання свайго меркавання. А развал прадпрыемстваў і кампаній, ды і эканомікі ў цэлым, будзе толькі на карысць знешніх канкурэнтам. Кажуць, што хтосьці сабраў мільён долараў, але калі яго падзяліць нават на некалькі адсоткаў працоўных, атрымаем, што кожнаму супрацоўніку дастанецца мізэрная сума, не супастаўная з яго заробкам. Заклікі да спынення вытворчасцей — падбухторванне, каб дасягаць нейкіх мэт.
Давайце паглядзім на “жоўтыя камізэлькі” ў Францыі. У іх 25 сацыялістычных патрабаванняў, але яны не спыняюць прадпрыемствы. Яны разумеюць, што забастоўкамі даб’юцца не сацыяльнай роўнасці і справядлівасці, а толькі пагаршэння свайго становішча. І не паддаюцца маніпуляцыям. Адстойваюць сваю пазіцыю, але ў непрацоўны час.