11 сакавіка 2025 года, прымаючы даверчыя граматы ў зноў прыбыўшага пасла Індыі Ашока Кумара, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зноў заявіў аб імкненні Мінска выйсці з Нью-Дэлі на стратэгічны ўзровень двухбаковых адносін, падкрэсліўшы іх даўні сяброўскі характар.
У дадзеным кантэксце, верагодна, можа быць цікавы вопыт іншых малых і сярэдніх дзяржаў постсавецкай прасторы далёка за межамі бліжэйшага суседства Індыі, напрыклад Арменіі.
Імклівы ўзлёт армяна-індыйскіх адносін за апошнія гады можа сімвалізаваць новы трэнд у знешняй палітыцы Нью-Дэлі, якая дыверсіфікуе яе за межы Паўднёвай Азіі. Індыя імкнецца ўмацоўваць свае геастратэгічныя пазіцыі на Паўднёвым Каўказе праз Арменію шляхам уваходжання ў рэгіянальны сілавы баланс на падмурку супадзення або камплементарнасцi інтарэсаў, а таксама пераваг адзін аднаго.
Аналіз вынікаў нядаўняга сакавіцкага візіту ў Нью-Дэлі кіраўніка МЗС Арменіі Арарата Мірзаяна дазваляе вылучыць базавыя параметры новай якасці двухбаковых адносін.
У аснове гэтага супрацоўніцтва – ваенна-тэхнічная сфера. За кароткі час Індыя стала для Арменіі ключавым пастаўшчыком вайсковай тэхнікі і ўзбраенняў уласнай вытворчасці, уключаючы шматствольныя ракетныя ўстаноўкі Pinaka. У Ерэване гэтыя крокі абгрунтоўваюць неабходнасцю мадэрнізацыі свайго войска з акцэнтам на ненакіраванасць супраць трэцяга боку.
Дарэчы, у стратэгічным партнёрстве Індыі і Польшчы, якое было ўстаноўлена падчас леташняга жнівеньскага візіту ў Варшаву прэм'ер-міністра Нарэндры Модзі, таксама пераважае сфера ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Папярэдняе дзесяцігоддзе польскія эксперты характарызавалі як "страчанае" для двухбаковых адносін. Змены адчуваюцца!
Ерэван цалкам і безумоўна падтрымлівае Індыю па пытанні спрэчнага штата Джаму і Кашміра, а таксама асуджае тэрарызм ва ўсіх яго формах і праявах. Акрамя таго, Арменія выступае за рэформу Савета Бяспекі ААН, а таксама падзяляе амбіцыі Індыі стаць пастаянным членам гэтага органа.
Арменія разлічвае прыцягнуць да сябе больш індыйскіх студэнтаў. У гэтых мэтах запускаецца маштабны праект – стварэнне акадэмічнага гарадка з аб'яднаннем некалькіх рознапрофiльных ВНУ. Зараз у краіне праходзяць навучанне каля 3000 індыйскіх студэнтаў, у асноўным медыцынскага профілю. Дэкларуюцца намеры больш актыўна выкарыстоўваць арандаваны Індыяй Іранскі порт Чабахар для дыверсіфікацыі дзеючых у рэгіёне лагістычных маршрутаў з акцэнтам на ўласны праект "Cкрыжаванне свету" і яго сінэргію з праектамі ў рамках МТК "Поўнач-Поўдзень".
У гэтым кантэксце асаблівае значэнне набывае трохбаковы фармат супрацоўніцтва Арменія-Індыя-Іран.
Значную ўвагу плануецца надаваць дэлегацыйным абменам на ўзроўні прыватнага бізнесу, каб аднаўляць ранейшыя або дапамагаць усталёўваць новыя дзелавыя кантакты. У сувязі з гэтым плануецца садзейнічаць умацаванню ўзаемасувязі фарматаў бізнес-урад (B2G) і бізнес-бізнес (B2B).
Важнымі напрамкамі супрацоўніцтва бакам бачацца інфармацыйныя тэхналогіі, тэхналогіі аховы здароўя, фармацэўтыка, адукацыя, навука, штучны інтэлект, дзе ў абодвух краін маюцца кампетэнцыі і ўзаемная цікавасць. У галіне лічбавай трансфармацыі ў 2023 годзе Арменія і Індыя падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні, які тычыцца абмену рашэннямі для маштабных дзяржаўных праектаў.
Супрацоўніцтва ў сферы зялёнай энергетыкі адкрывае новыя перспектывы, аб'ядноўваючы патэнцыял Арменіі з вопытам Індыі. У 2024 годзе Арменія далучылася да Міжнароднага сонечнага альянсу, сумеснай ініцыятывы Індыі і Францыі, што стварае дадатковыя магчымасці для партнёрства.
Мяркуецца, што наладжванне прамых авіязносін паміж Ерэванам і Нью-Дэлі падштурхне турыстычную індустрыю, якая, акрамя ўзаемных эканамічных выгод, будзе спрыяць большай мабільнасці і міжасобасным кантактам, умацоўваючы ўзаемаразуменне
і дасведчанасць на ўсіх узроўнях.
Сур'ёзны патэнцыял бачыцца ў развіцці працоўнай міграцыі з Індыі ў Арменію ў мэтах павелічэння колькасці індыйскай дыяспары ў краіне, якая разглядаецца ў Нью-Дэлі як інструмент "мяккай" сілы. Разам з тым падкрэсліваецца, што дадзеная сфера павінна строга рэгулявацца ў кантэксце патрэбаў армянскай эканомікі і сітуацыі на ўнутраным рынку працы.
Бакі мяркуюць, што ўклад у намаганні па ўмацаванні двухбаковых адносіны здольныя і павінны ўнесці экспертныя супольнасці, падаючы глыбокі аналіз і рэкамендацыі.
Такім чынам, з улікам узмацнення ўвагі да Паўднёвага Каўказа і Усходняй Еўропы вопыт збліжэння Індыі з малымі і сярэднімі дзяржавамі за межамі свайго бліжэйшага суседства ў нашым рэгіёне ў тэорыі можна экстрапаляваць і на беларуска-індыйскі кантэкст у рэчышчы арыентыру, зададзенага Кіраўніком дзяржавы.
Аднак, як уяўляецца, было б памылковым ўспрымаць Індыю як простую крыніцу інвестыцый, тэхналогій і рынак збыту. Гэтая краіна сёння нешта большае, што кардынальна выходзіць за фокус стэрэатыпнага еўрацэнтрычнага ракурсу, што патрабуе нешаблонных падыходаў і інструментаў да выбудоўвання двухбаковых сувязяў.
Каб дасягнуць стратэгічнага ўзроўню ў адносінах, трэба не толькі браць, але і даваць, паколькі галоўны прыярытэт Нью-Дэлі – уласнае ўнутранае развіццё і бяспеку. Некаторыя эксперты мяркуюць, што негалосным дэвізам Нарэндры Модзі з'яўляюцца словы экс-прэзідэнта краіны Сарвепалі Радхакрышнана (1962-1967): "Аб свабоднай Індыі будуць судзіць настолькі, наколькі яна служыць агульным інтарэсам людзей у іх забеспячэнні харчаваннем, адзеннем, жыллём і сацыяльнай падтрымкай".
Хоць замежныя партнёрства маюць значэнне, менавіта надзённыя патрэбы, а не ідэалогія фармуюць знешнія абавязацельствы Індыі. Такі прагматычны падыход матэрыялізуецца на практыцы ў цесных сувязях з Захадам (дзе вырасла і вывучылася новая эліта) і адначасовым стратэгічным партнёрстве з РФ ва ўмовах украінскага крызісу. Індыя нікому не аддае адназначнай перавагі, але пры гэтым усім раздае рэверансы.
Акрамя таго, у сілу тысячагадовага культурна-цывілізацыйнага вопыту індыйцы прывыклі бачыць "падвойнае дно" пад любымі словамі і гуляць "у доўгую". Таму асноўная кампетэнцыя ў адносінах з індыйскімі партнёрамі – гэта цярпенне і вытрымка, якой нам часам не хапае.
Акрамя ўсяго іншага, вопыт Расіі паказвае, што сам па сабе статус "асаблівага і прывілеяванага стратэгічнага партнёра" з Індыяй не дае асаблівых пераваг. Трэба знайсці сферу, дзе мы можам быць рэальна карысныя і, адпаведна, патрэбныя Індыі і на гэтай аснове сфармуляваць эксклюзіўную нетрывіяльную прапанову ў рэчышчы яе надзённых патрэбаў і стратэгічных мэтаў.
Як відаць з нядаўніх падзей, у Арменіі і Польшчы гэта, здаецца, у той ці іншай ступені атрымалася…