28 студзеня 2022 года ў БІСД у межах VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Соцыум і хрысціянства» прайшла тэматычная секцыя «Царква і грамадства: асноўныя трэнды ўзаемаўздзеяння ў свеце». Побач з вядучымі свецкімі і духоўнымі ўстановамі адукацыі краіны (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Інстытут тэалогіі БДУ, мінская духоўная акадэмія і інш.) БІСД выступіў суарганізатарам мерапрыемсіва.
У час работы прадстаўнікамі акадэмічнай і навуковай супольнасцяў Беларусі і блізкага замежжа, а таксама аналітыкамі БІСД узнімалася розная тэматыка: ад бягучага стану канфесіянальнай сферы да асаблівасцей сучаснага царкоўна-дзяржаўнага ўзаемадзеяння ў сацыяльнай сферы. Асаблівую цікавасць выклікаў даклад Уладзіміра Марціновіча, загадчыка кафедры апалагетыкі Мінскай духоўнай акадэміі, доктара тэалогіі, кандыдата сацыялагічных навук аб маніторынгу нетрадыцыйнай рэлігіёзнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Змястоўнымі атрымаліся выступленні аналітыкаў БІСД: Святланы Алейнікавай — аб месцы рэлігіі ў сістэме каштоўнасцей беларускага грамадства Сяргея Вяргейчыка — аб трохсотгадовай гісторыі праваслаўя ў Кітаі.
Мадэратар секцыі Мікалай Сухоцкі адзначыў прыкметную ролю рэлігіі ў жыцці маладога пакалення беларусаў, абапіраючыся на сацыялагічныя дадзеныя, атрыманыя ў выніку даследавання «Пакаленне Z: устаноўкі і каштоўнасці сучаснай беларускай моладзі». У прыватнасці, большасць юнакоў і дзяўчат змаглі вызначыцца са сваёй канфесіянальнай прыналежнасцю — дзве трэція (66,7%) атаясамліваюць сябе з хрысціянствам, у першую чаргу праваслаўем (57,9%). Наяўнасць каля 40% вернікаў і амаль трэці тых, хто не вызначыўся, але і не адвяргае веру, дае падставу абазначыць перавагу ў маладзёжным асяроддзі «рэлігійна настроеных»у параўнанні з атэістамі і агностыкамі. Сучасныя нядзельныя (канфесіянальныя) школы з“яўляюцца дастаткова папулярнай формай рэлігійнай сацыялізацыі ў Беларусі – кожны пяты падлетак (21,2%) іх наведвае або наведваў.
На думку Мікалая Сухоцкага, істотнае разыходжанне дадзеных аб канфесіянальным выбары маладых людзей і колькасці вернікаў не з’яўляецца нейкай унікальнай асаблівасцю рэлігійнай самаідэнтыфікацыі маладых беларусаў. Гэты фенамен цалкам характэрны для насельніцтва ўсёй постсавецкай прасторы.
Выказаныя ўдзельнікамі мерапрыемства ацэнкі, меркаванні і канкрэтныя прапановы па тэматыцы, якая абмяркоўвалася падчас секцыі, з’яўляюцца каштоўным і ў многім унікальным матэрыялам для аналітыкі працэсаў у канфесіянальнай сферы як у нашай краіне, так і ў глабальным маштабе.