Запыт на сацыялагічную інфармацыю ў грамадстве як ніколі высокі, што тлумачыцца “эфектам адлюстравання”, які заключаецца ў жаданні чалавека ацаніць свой вобраз у люстэрку грамадскай думкі.
Малавядомы той факт, што ў Беларусі (БССР) аўтарам ледзь не першага маштабнага сацыялагічнага даследавання ў 1920-30-х гадах стаў выбітны ўраджэнец Гродзеншчыны і выпускнік Жыровіцкага духоўнага вучылішча Яўген Хлябцэвіч. Больш вядомы як бібліёграф, Я. Хлябцэвіч з упэўненасцю можа быць названы піянерам сацыялогіі рэлігіі. Яго аналіз асаблівасцей і дынамікі рэлігійнасці насельніцтва лёг у аснову абгрунтавання першай у айчыннай сацыялогіі тыпалогіі рэлігійнасці, а таксама метадаў працы з мэтавымі аўдыторыямі. (Асаблівую цікавасць уяўляе праца “Масавы чытач і антырэлігійная прапаганда: вопыт вывучэння чытацкіх інтарэсаў і метады антырэлігійнай прапаганды і кіраўніцтва чытаннем”, 1928 г.).
Разам з тым тэндэнцыя замяшчэння сацыялагічных ведаў разнастайнымі маніторынгамі, рэйтынгамі і індэксамі спрыяе не столькі назапашванню, колькі “размыванню” ўяўленняў чалавека аб грамадстве. Прычынай з’яўляецца тое, што мнагамерны аб’ект усё часцей вывучаецца праз аднамерныя мадэлі пазнання. У першую чаргу, гэта адносіцца да апытанняў, новых анлайн-сэрвісаў і доступу, які адкрыўся сацыёлагам да галавакружнага аб’ёму “вялікіх даных” (“big data”), якія не так даўно прэтэндавалі ледзьве не на рэвалюцыю ў сацыялогіі.
У той жа час, нягледзячы на з’яўленне новых, значна больш тэхналагічных і дасканалых інструментаў замераў, эмпірычная сацыялогія далёка не заўсёды здольная адказаць на пытанні, якія хвалююць соцыум. Пры ўсёй запатрабаванасці і ўяўнай аб’ектыўнасці апытанне з’яўляецца толькі вымяральнікам бягучага стану грамадства – своеасаблівым градуснікам, які замярае тэмпературу тут і цяпер. Нават атрыманыя з выкананнем усіх неабходных працэдур сацыялагічныя даныя не ва ўсіх выпадках даюць магчымасць меркаваць аб прычынна-выніковых сувязях, прыродзе, далейшых траекторыях развіцця той ці іншай з’явы.
Акрамя шэрагу фармальных прыкмет, па якіх можна меркаваць аб дакладнасці сацыялагічных даных (наяўнасць сеткі інтэрв’юераў, што падтрымліваецца, карэктнасць пастаноўкі пытанняў у анкеце, тэхніка транскрыптаў, абгрунтаванне выбаркі і інш.), іх якасць шмат у чым вызначаецца захаваннем агульнанавуковых прынцыпаў даследавання. Да найбольш распаўсюджаных якасных прыкмет “фэйкавай” сацыялогіі можна аднесці наступныя.
- Неадпаведнасць метаду аб’екту і задачам сацыялагічнага даследавання.
Традыцыйнае анкетнае апытанне ў некаторых выпадках непрымяняльнае, паколькі большасць людзей часцей за ўсё адказвае “як трэба”, г.зн. у межах зададзеных сацыяльных чаканняў.
Напрыклад, апытанне малаінфарматыўнае пры вывучэнні культурных і моўных стэрэатыпаў, каштоўнасных арыентацый, паводзінскіх установак, пратэстнай актыўнасці і інш. У падобных выпадках больш прымяняльныя лінгвістычныя і псіхасемантычныя методыкі (кантэнт-аналіз, асацыятыўны эксперымент, семантычны дыферэнцыял, медыяметрыя і інш.).
- Падмена паняццяў, катэгорый вымярэння і, як следства, аб’екта даследавання.
Напрыклад, распаўсюджанай памылкай альбо наўмыснай маніпуляцыяй грамадскай свядомасцю становіцца вывучэнне магчымых паводзінскіх стратэгій чалавека праз выяўленне яго каштоўнасных арыентацый. Разам з тым дэкларатыўныя каштоўнасныя арыентацыі далёка не заўсёды вызначаюць рэальныя паводзіны чалавека – значна большы ўплыў на яго ўчынкі аказваюць патрэбы, матывы, умовы навакольнага асяроддзя.
Так, “тройка” каштоўнасцей у большасці постсавецкіх краін вельмі пазітыўная і практычна нязменная: гэта сям’я, здароўе, дастатак. Як правіла, змяняецца толькі парадак месцаў унутры гэтай “тройкі”: у моладзі на першым месцы часцей за ўсё сям’я і матэрыяльны дабрабыт, у пажылых у лідары выходзіць каштоўнасць здароўя. У той жа час, паводле афіцыйнай статыстыкі СААЗ, а таксама дзяржаўных органаў (Міністэрстваў аховы здароўя, нацыянальных статыстычных служб і інш.), менавіта постсавецкія краіны займаюць першыя месцы ў свеце па колькасці абортаў, самагубстваў і разводаў. Гэта пацвярджае нятоеснасць паняццяў “каштоўнасць” і “паводзіны”, а таксама робіць відавочнай супярэчнасць “дэкларацыя – факт”.
- Атаясамліванне суб’ектыўнага і аб’ектыўнага.
Напрыклад, пачынаючы з 1990-х гадоў і да цяперашняга часу ў працах сацыёлагаў даводзіцца сустракаць тэзіс аб “рэлігійным адраджэнні” і высокай ступені рэлігійнасці постсавецкага грамадства. Выснова робіцца на падставе таго, што, у прыватнасці, у Беларусі пераважная большасць насельніцтва (звыш 90%) ідэнтыфікуе сябе з той ці іншай рэлігіяй або канфесіяй (пераважна з хрысціянствам). Аднак рабіць выснову аб рэлігійнасці грамадства толькі на аснове суб’ектыўнай самаацэнкі яго членаў некарэктна, паколькі не ўлічваецца цэлы шэраг іншых важных параметраў (рэлігійныя паводзіны, светапогляд і інш.).
Так, беларусаў, якія ідэнтыфікуюць сябе з праваслаўем, прыкметна больш, чым тых, якія вераць у бога, а ты, хто верыць у рэінкарнацыю (вучэнне, несумяшчальнае з хрысціянскімі ўяўленнямі пра душу) больш, чым колькасць праваслаўных. Насельніцтва ў масе сваёй не гатова абцяжарваць сябе строгім захаваннем абрадаў і прытрымліваецца эклектычных уяўленняў аб свеце, у якіх хрысціянства паспяхова ўжываецца з элементамі язычніцтва, верай у НЛА, сурокі, дамавікоў, касмічны розум і т.п.
Распазнаць падобныя маніпуляцыі, на першы погляд, складаней, чым судзіць аб якасці сацыялагічнага даследавання па фармальных прыкметах. У той жа час “укідванне” тых ці іншых “сенсацыйных даных” часцей за ўсё разлічаны на трапленне ў сацыяльныя чаканні і зніжэнне ў сувязі з гэтым у аўдыторыі крытычнага мыслення (па прынцыпе “Ах, падмануць мяне не цяжка, я падмануцца рады сам!»).
І калі да рэкламы ў спажыўца даўно выпрацаваны ўстойлівы імунітэт, то і прадузяты, удумлівы падыход карыстальніка будзе фарміраваць новыя патрабаванні да інфармацыі, якая трансліруецца, падвышаючы адначасова яе якасць і ўзровень сталасці і самасвядомасці самога грамадства.
Чытаць таксама: “Фэйковая сацыялогія”: памятка карыстальніку