“Паварот у Азію” як разрыў шаблона
Па меры эскалацыі ўкраінскага крызіса глабальная геапалітыка і геаэканоміка працягвае хіліцца ў бок Азіі. Хаця сам па сабе гэты фактар не вызначае працэсы, але з’яўляецца іх каталізатарам. У любым выпадку тое, што адбываецца, трэба разглядаць як злом ранейшай глабальнай архітэктуры часоў Ялты-Патсдама і стварэнне новай, назву якой яшчэ трэба будзе прыдумаць.
Прагматычны Дракон
Адцягненасць Вашынгтона на Украіну пашырае стратэгічную прастору Пекіна для манеўра ў рэгіёне.
Турнэ кіраўніка МЗС КНР Ван І па Індыі, Пакістану, Афганістану і Непалу, сустрэча ў кітайскім Туньсi па афганскім кейсе міністраў з Ірана, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана, візіт кіраўнікоў МЗС Таіланда, Філіпін, М’янмы і Інданезіі ў Пекін, сустрэча міністра абароны Вэй Фэнхэ ў Тэгеране з прэзідэнтам Расіі і казахскім лідарам у Нур-Султане разам з кантактамі Сі Цзіньпіна з кіраўнікамі Камбоджы і Паўднёвай Карэі ясна кантрастуюць з неаднаразовымі пераносамі Белым домам з-за “праблем з раскладам”саміта ЗША – АСЕАН. Тым не менш Байдэн з 20 па 24 мая наведае Паўднёвую Карэю і Японію, дзе павінен адбыцца вочны саміт лідараў чатырохбаковага дыялогу па бяспецы Японіі, ЗША, Індыі і Аўстраліі (Quad).
Актыўная міратворчая дыпламатыя не мяняе абсалютна прагматычнага знешнепалітычнага курса КНР, які блізкі да падыходу Брытанскай імперыі: няма пастаянных сяброў, затое ёсць пастаянныя інтарэсы. Кітай выдатна вывучыў санкцыйныя рэжымы і часта выконвае іх нават больш жорстка, чым сам Захад, па прычыне цеснай узаемасувязі эканомік і прымата нацыянальных інтарэсаў.
Па даных мінгандлю Кітая, за першыя два месяцы гандаль між Кітаем і ЕС павялічыўся на 14,8 працэнта ў гадавым падліку да рэкордных 137,16 млрд. Уражлівымі тэмпамі расце экспарт у ключавыя краіны ЕС – Германію і Францыю: ён вырас больш чым на 17 працэнтаў, у Італію – на 37,6 працэнта. Еўропа застаецца асноўным гандлёвым партнёрам Паднябеснай у 2022 годзе, абагнаўшы нават АСЕАН (на 570 млн.). Ёсць усе падставы меркаваць, што ў бліжэйшы час Пекін працягне развіваць сувязі з ЕС, імкнучыся пазбягаць любых падводных камянёў, здольных нашкодзіць яго еўпарейскаму экспарту, стрымана рэагуючы на негатыўную рыторыку і ціск.
У 2021 годзе кітайскія інвестыцыі ў еўрапейскія стартапы ўзраслі больш чым удвая і дасягнулі рэкорднага ўзроўню ў 1,2 млрд.еўра. Больш за ўсё кітайскія інвестары ўклаліся ў Вялікабрытаніі і Германіі ў такія сектары, як электронная камерцыя, фінтэх, гульні, штучны інтэлект і робататэхніка.
У I квартале 2022 года па маршруце Кітай – Еўропа – Кітай прайшлі 3630 паяздоў, якія даставілі грузаў аб’ёмам 350 000 TEU (TEU — 20-футавы кантэйнер) (рост на 7 працэнтаў і 9 працэнтаў адпаведна). Гэта значыць, што ланцужкі паставак кітайскіх тавараў у Еўропу застаюцца стабільнымі, нягледзячы на выклікі апошніх двух пандэмійных гадоў.
Наглядным узорам кітайскага прагматызму стаў запуск новага (16-га па ліку) чыгуначнага грузавога маршрута ў Еўропу працягласцю 11300 кіламетраў, у абход Турцыі і РФ, які ахоплівае краіны і рэгіёны, праз якія паязды Кітай – Еўропа да гэтага часу праходзілі рэдка. Ён перасякае Каспійскае і Чорнае моры з дапамогай камбінаваных чыгуначных і марскіх перавозак, праходзячы праз Казахстан, Азербайджан, Румынію, Венгрыю, Славакію, Чэхію і ў выніку дасягаючы горада Мангейма ў Германіі.
Прыхаваная падаплёка такога кроку – спадарожныя санкцыйныя лагістычныя праблемы для чыгуначных перавозак з Кітая праз тэрыторыю РФ у Еўропу. Ад Анкары Пекін дыстанцыруецца па прычыне геапалітычных супярэчнасцей, якія абвастрыліся, нягледзячы на немалыя ўкладанні ў транспартную інфраструктуру ў Турцыі.
Нягледзячы на пагрозы кіраўніка МЗС Вялікабрытаніі Ліз Трас увесці супраць Кітая санкцыі накшталт антырасійскіх, большасць экспертаў сходзяцца ў меркаванні, што Захад не мае сіл рэальна ўдарыць па яго эканоміцы без сур’ёзнай шкоды для сваёй фінансавай сістэмы.
Дарэчы, па стане на студзень 2022 года Кітай меў у аблігацыях казначэйства ЗША крыху больш за 1 трлн.даляраў са сваіх прыкладна 3 трлн. даляраў валютных рэзерваў, якія могуць быць заблакіраваны. Аднак у адказ Пекін можа канфіскаваць заходнія актывы на суму 3,6 трлн. (гэта толькі прамыя інвестыцыі) і акцыі на 2,2 трлн.
Па дадзеных Савета па фінансавай стабільнасці ЗША, чатыры з 30 «сістэмна значных» банкаў свету размешчаны ў Кітаі, што ставіць ва ўразлівае становішча заходнія фінансавыя ўстановы, якія маюць там рахункі і выдалі крэдыты. Забарона экспарту ў Кітай высокатэхналагічнай прадукцыі пазбавіць амерыканскіх вытворцаў 37 працэнтаў прыбытку і паставіць пад пагрозу 120 тысяч працоўных месцаў.
Індыя – новы глабальны ігрок
На фоне эскалацыі напружанасці між КНР і ЗША ўсё выразней пра свае амбіцыі заяўляе Індыя, мяняючы баланс сіл у Азіі ў больш складаную геаматрыю.
Адмова Нью-Дэлі, нягледзячы на сістэмны ціск звонку, звужаць міжнародную павестку да межаў украінскага крызісу заканамерна мяняе сустрэчныя адносіны Кітая. Ван І, які нядаўна наведаў індыйскую сталіцу, прама прапанаваў сумесна працаваць над прасоўваннем міру і стабільнасці ў рэгіёне, упіраючы на «тысячагадовую гісторыю абмену між цывілізацыямі і сяброўскае супрацоўніцтва», якое «значна паўплывае на Азію і ўвесь свет», а таксама дэманструючы гатоўнасць вынесці за дужкі памежную спрэчку. Падкрэслена паважлівыя адносіны да трададыцыйнай ролі Індыі ў рэгіёне і гатоўнасць прасоўваць фармат супрацоўніцтва «Кітай — Індыя Плюс» для пабудовы «здаровай мадэлі ўзаемадзеяння», на якую павінен звярнуць увагу ўвесь свет.
Трэба адзначыць, што ў 2022-2024 гадах у Кітаі і Індыі пройдуць саміты лідараў краін БРІКС, G-20 і ШАС, што з’яўляецца добрым повадам для нарошчвання канструктыўнага ўзаемадзеяння.
Па дадзеных Галоўнага таможнага кіравання КНР, гандаль Індыі з Кітаем у 2021-м павялічыўся на 43 працэнты ў гадавым падліку і перавысіў 125 млрд. даляраў. Рост узаемнага таваразвароту быў адным з самых высокіх сярод асноўных гандлёвых партнёраў Кітая.
Нягледзячы на знешні ціск, дынамічна развіваюцца расійска-індыйскія сувязі. Мінфін РФ і Рэзервовы банк Індыі распрацоўваюць гандлёвыя схемы ў рупіях і рублях. Па гэтым прыкладзе можа пайсці В’етнам, перайшоўшы на разлікі ў рублях і донгах.
Эксперты мяркуюць, што пашырэнне практыкі разлікаў у нацыянальных валютах – гістарычны шанс для краін ЕАЭС, БРІКС і ШАС, каб стварыць альтэрнатыўную фінансавую архітэктуру.
Дарэчы, за 2021 год сукупны рост гандлёвага абароту Расіі з БРІКС і ШАС склаў каля 38 працэнтаў. Пры гэтым доля БРІКС у сусветнай эканоміцы складае не менш за адну трэцюю.
Акрамя закупак дысконтнай нафты, Індыя плануе павялічыць імпарт з Расіі вугалю, які каксуецца, у два разы – галоўнай сыравіны для вытворчасці сталі. Па прагнозе Міжнароднага энергетычнага агенцтва, попыт на гэты прадукт у Індыі будзе расці ў сярэднім на 6,6 працэнта за год да 2024 -га, тады як у Кітаі і Японіі - на адзін працэнт, а ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі – на 5,4 працэнта.
Па дадзеных СМІ, улады Індыі даручылі сваім дзяржкарпарацыям ацаніць пакупку долі брытанскай ВР у «Раснафты» ў мэтах атрымання сістэмнага доступу да вуглевадародных рэсурсаў.
Трэба адзначыць, што яшчэ адным перспектыўным рынкам збыту для расійскіх вуглевадародаў з’яўляецца Інданезія, зацікаўленая ў закупцы вялікіх аб’ёмаў таннай расійскай нафты, нягледзячы на санкцыі. Спецыяльна для прыёму лёгкай расійскай нафты кампанія Pertamina мадэрнізуе свой НПЗ на востраве Ява і да канца года плануе пачаць пастаўкі.
Падпісанне Індыяй за апошнія месяцы пагадненняў аб свабодным гандлі з ААЭ і Аўстраліяй падштурхнулі ЕС фарсіраваць аналагічныя перагаворы, маючы на мэце давесці ўзровень узаемнага гандлю да 220 млрд. даляраў за пяць гадоў. Вялікабрытанія таксама паскоранымі тэмпамі рухаецца да гандлёвага пагаднення з Індыяй.
Эксперты лічаць, што Расіі на фоне кітайска-амерыканскага супрацьстаяння важна нарошчваць супрацоўніцтва з Індыяй з улікам яе ролі, якая расце, у міжнародных справах. Патэнцыяльная вось Масква – Нью-Дэлі можа дапамагчы абараніць ад нападак з боку ЗША і стаць гарантыяй на выпадак магчымага закуліснага кампрамісу між Пекінам і Вашынгтонам, аб якім гавораць некаторыя эксперты.
Так або інакш, трэба быць гатовым, што кітайскія партнёры ў поўнай меры скарыстаюць сітуацыю, у якой апынуўся расійскі бізнес, - Паднябесная робіць толькі тое, што ёй выгодна.
Па меры ўзмацнення санкцый СМІ паведамляюць, што кітайскія дзяржаўныя энергетычныя гіганты ўжо робяць ацэнку сваіх інвестыцый у Расію, галоўнага пастаўшчыка нафты і газа.
Прывяду некалькі лічбаў. CNOOC і CNPC у 2019 годзе дамовіліся аб пакупцы сумеснай 20-працэнтнай долі ў праекце «Арктык ЗПГ-2» коштам 25,5 млрд. даляраў. У 2014-м CNPC купіла 20 працэнтаў акцый «Ямал ЗПГ». Sinopec валодае 40 працэнтамі ў Амурскім газахімічным коплексе. Кітайскі дзяржфонд Silk Road Fund купіў 10 процэнтаў акцый кампаніі Sibur у 2016 годзе. «Раснафта» і Sinopec дамовіліся аб сумеснай разведцы Венінскага ўчастка «Сахалін-3» у 2005-м. Па стане на 2009 год Sinopec валодала 49 працэнтамі ў расійскім нафтавым радовішчы «Удмуртнафта». У чэрвені 2017-га Beijing Gas Group заключыла пагадненне на суму 1,1 млрд. даляраў на пакупку 20 працэнтаў акцый «Верхнячонскнафтагаз».
У даным кантэксце цалкам лагічны нядаўнія заклікі ўпаўнаважанага пры Прэзідэнце РФ па абароне правоў прадпрымальнікаў Барыса Цітова (сустаршыні Расійска-Кітайскага камітэта дружбы, міру і развіцця) не разлічваць толькі на Кітай у пытаннях імпартазамяшчэння, бо ўзровень двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва істотна адстае ад сферы палітыкі і дыпламатыі, а кітайцы, нягледзячы на відавочны прагрэс у асобных сегментах, самі залежаць ад Захаду па многіх пытаннях.
Між тым РФ рыхтуецца да VII Усходняга эканамічнага форуму ва Уладзівастоку, на якім у верасні Прэзідэнту Уладзіміру Пуціну ўрадам будзе дакладзена праграма развіцця Далёкаўсходняга рэгіёна з бюджэтам на 100 млрд.рублёў (у дапаўненне да 18 пагадненняў па Курылах на 20 млрд. рублёў). Дарэчы, ва Уладзівастоку сваё афіцыйнае гандлёвае прадстаўніцтва нядаўна адкрыла Манголія.
Вельмі паказальна ў даным кантэксце заява віцэ-прэм“ера РФ Аляксандра Новака наконт перспектыў міжнароднага транспартнага калідора (МТК) «Поўнач – Поўдзень», які з закрыццём межаў і магчымасцяў забяспечваць гандлёвы абарот і лагістыку паставак закліканы стаць асновай транспартных зносін Расіі.
Дарэчы, МТК «Поўнач – Поўдзень» разлічаны на транспартыроўку грузаў з Індыі і дзяржаў Персідскага заліва ў Заходнюю і Паўночную Еўропу цераз тэрыторыі Ірана, Азербайджана і Расіі, у тым ліку праз злучэнне чыгунак гэтых краін.
Што новага ў Беларусі?
На фоне такой дынамічнай павесткі ў Азіі навіна аб планах нацыянальнага лагістычнага аператара РУП «Белтаможсэрвіс» нарошчваць ва ўмовах новай транспартна-лагістычнай рэальнасці, якая фарміруецца, аб’ёмы грузаперавозак праз МТК «Поўнач – Поўдзень» дакладна трапляе ў актуальны трэнд.
Як пісаў Рычард Бах, амерыканскі пісьменнік, філосаф і публіцыст, «перш чым ты зменішся, нешта неверагодна для цябе важнае павінна аказацца пад пагрозай». Прымаючы пад увагу ступень вастрыні і шырыню спектра сучасных пагроз, хочацца звярнуцца да выказвання ўсходняга мысліцеля. А менавіта – Бхімрао Рамджы Амбеткара, індыйскага юрыста і палітычнага дзеяча, асноўнага архітэктара Канстытуцыі Індыі, які некалі сказаў: «Людзі смертныя. Так жа, як і ідэі. Ідэі патрэбна распаўсюджанне, так жа, як расліне паліў. Інакш і тое, і другое змарнее і памрэ».
Такім чынам, інфармацыйна-аналітычная «ірыгацыя» экспертнага канцэпта «паварот у Азію» працягваецца. Тым больш, згодна з вынікамі праведзенага нядаўна БІСД сацыялагічнага даследавання, грамадскі запыт на пазітыўныя сігналы ад дзяржавы на прадмет пэўнасці вобраза будучыні і звязаных з ім геапалітычных кропак апоры будзе толькі нарастаць.
Юрый ЯРМАЛІНСКІ, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.