Дата публікацыі

Нечаканы аспект гістарычнага значэння ўступлення беларусі ў ААН

Працэс станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці ў 1920-я – 1940-я гады быў складаным і ў пэўнай ступені трагічным. Аднымі з асноўных пагроз, якія перашкаджалі паспяховай рэалізацыі працэсу нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, з’яўляліся пастаянныя намаганні розных антысавецкіх падпольных арганізацый і ўзброеных фарміраванняў, якія імкнуліся да ўтварэння “беларускай незалежнай дзяржавы”, а таксама ўключэння асобных беларускіх рэгіёнаў у склад Польшчы, “Украінскай незалежнай саборнай дзяржавы”, Літвы.

У канцы 1939 года – пачатку 1940 года на тэрыторыі Беларусі разгарнулі антысавецкую дзейнасць падпольныя структуры польскага Саюза ўзброенай барацьбы, рэарганізаваныя ў 1942 годзе ў Армію Краёву (АК), якія змагаліся за аднаўленне Польшчы ў межах на верасень 1939 года (https://bisr.gov.by/mneniya/proklyatye-i-otverzhennye).

Пасля нацысцкай акупацыі ў паўднёва-заходніх і паўднёвых раёнах БССР, перададзеных у склад рэйхскамісарыята “Украіна”, утварыліся структурныя адзінкі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) і яе ўзброеных фарміраванняў – Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) (https://beldumka.belta.by/isfiles/000167_275894.pdf). У паўночна-заходніх рэгіёнах Беларусі, якія апынуліся па волі нацысцкіх акупантаў у генеральных акругах “Літва” і “Латвія”, разгарнулі дзейнасць падпольныя структуры прыбалтыйскіх “лясных братоў” (https://bisr.gov.by/mneniya/volchi-tropy-lesnykh-bratev-v-belarusi)

Тэрыторыя Віцебскай, Магілёўскай, большая частка Гомельскай і ўсходнія раёны Мінскай абласцей увайшлі ў тылавы раён германскай групы армій “Цэнтр”. Астатняя “вузкая палосачка” беларускай зямлі вакол Мінска (генеральная акруга “Беларутэнія”), была ўключана ў склад рэйхскамісарыята “Остланд” са “сталіцай” у Рызе.

Са згоды і пры непасрэднай падтрымцы германскіх акупацыйных уладаў быў створаны шэраг беларускіх калабаранцкіх арганізацый і ўзброеных фарміраванняў. Іх лідары ў 1943–1944 гады распачалі спробу абвяшчэння і ўтварэння ў межах названай “вузкай палосачкі” зямлі (“Беларутэніі”) “беларускай незалежнай дзяржавы” – Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), якая праіснавала да разгрому нацысцкай Германіі.

Выгнанне акупантаў з тэрыторыі Беларусі не прывяло да аўтаматычнай ліквідацыі вышэйзгаданых антысавецкіх нацыяналістычных партый, арганізацый і ўзброеных фарміраванняў на тэрыторыі Рэспублікі. Беларускія, польскія, украінскія, прыбалтыйскія нацыяналістычныя падпольныя арганізацыі ў другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гадоў працягнулі дзейнасць, накіраваную на перадзел тэрыторыі і ліквідацыю Беларускай ССР як сталай гістарычнай формы беларускай дзяржаўнасці, якая паспяхова развівалася ў рамках Савецкага Саюза.

Яшчэ ў гады Другой сусветнай вайны перыядычна прадпрымаліся спробы аб’яднання намаганняў беларускіх, польскіх, украінскіх і прыбалтыйскіх антысавецкіх падпольных структур. Так, па словах аднаго з кіраўнікоў БЦР К. Езавітава “... у 1944 годзе знаходзячыся ў Берліне РАДЗЬКО сустракаўся з лідарам украінскіх нацыяналістаў БАНДЭРАМ і вёў з ім нейкія перамовы, пасля чаго ён і АСТРОЎСКІ сумесна з немцамі вызначалі план стварэння беларускіх узброеных атрадаў, падобных АУН’аўскім для дзеяння іх у тыле Чырвонай Арміі”. К. Езавітаў паказваў таксама, што ў канцы 1944 года кіраўнік БЦР Р. Астроўскі ўстанавіў сувязь з лідарам АУН С. Бандэрам і заключыў з ім дамову аб узаемнай падтрымцы і каардынаванні далейшых дзеянняў па сумеснай барацьбе супраць Савецкага Саюза і Польшчы.

Акрамя перамоваў з АУН, беларускія калабарацыянісцкія партыі і арганізацыі спрабавалі наладзіць кантакты і правесці перамовы па дзяржаўна-палітычным пераўладкаванні Беларусі з польскім эмігранцкім урадам у Лондане і АК, якая яму падпарадкоўвалася. Па інфармацыі аднаго з членаў БЦР У. Радзько, у канцы 1942 – пачатку 1943 года Астроўскі вёў у Варшаве перамовы з прадстаўнікамі польскага эмігранцкага ўрада. Увесну 1944 года гэтыя перамовы працягнуў сваяк аднаго з членаў польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане А. Дземідовіч-Дземідзецкі.

Увесну 1944 года адзін з членаў БЦР С. Грынкевіч па даручэнні Астроўскага сустракаўся з палкоўнікам штаба польскага войска генерала Андэрса, які прыбыў на самалёце з Лондана ў раён возера Нарач для арганізацыі перамоваў паміж камандаваннем фарміраванняў АК і савецкіх партызанскіх злучэнняў аб сумесных дзеяннях супраць германскіх акупантаў у паўночных раёнах БССР. У ходзе перамоваў Грынкевіч прапанаваў польскаму прадстаўніку заключыць дагавор аб стварэнні пасля вайны адзінай польска-беларускай дзяржавы. Беларусь прапаноўвалася ўключыць у гэтую дзяржаву як аўтаномную частку з уласным “тэрытарыяльным кіраваннем, сеймам і тэрытарыяльнай арміяй”. Да заканчэння вайны Польскі эмігранцкі ўрад павінен быў прадстаўляць інтарэсы беларускага народу і заснаваць у Лондане беларускае прадстаўніцтва. Пытанне аб межах беларускай аўтаноміі ў складзе Польшчы меркавалася вырашыць шляхам плебісцыту, а да яго правядзення – усталяваць межы па лініі Керзана.

Польскі эмісар заявіў, што яго паўнамоцтвы не дазваляюць заключыць прапанаваны дагавор, бо ён распаўсюджвае свае дзеянні на пасляваенны перыяд і закранае ўнутраную будову Польшчы. Са свайго боку ён параіў накіраваць для перамоваў беларускіх прадстаўнікоў непасрэдна ў Лондан і нават прапанаваў месца ў сваім самалёце. Аднак пасля няўдалых перамоваў палкоўніка з камандаваннем аднаго з савецкіх партызанскіх злучэнняў у раёне возера Свір, якія завяршыліся правакацыяй, ён быў вымушаны спешна паляцець у Вялікабрытанію адзін, без прадстаўніка БЦР.

Акрамя “беларускай незалежнай дзяржавы” пад заступніцтвам Вялікабрытаніі ў лідараў беларускіх нацыяналістаў меліся планы стварэння “Прыбалтыйскага блока” – дзяржавы, заснаванай на прынцыпах уніі Беларусі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Першыя перамовы БЦР з прадстаўнікамі літоўскіх калабарацыянісцкіх структур адбыліся ў 1944 годзе.

“Працуючы ў БЦР у 1944 я асабіста сустракаўся з літоўскімі нацыяналістамі, камандзірамі Літоўскага паліцэйскага батальёна, які дыслакаваўся каля Мінска... літоўцы хацелі заключыць з БЦР або якой-небудзь беларускай палітычнай арганізацыяй дамову аб узаемнай дапамозе, разлічаную на пасляваенны час і накіраваную супраць Польшчы. Літоўцы зыходзілі з разліку, што ў выніку вайны і Савецкі Саюз, і Германія будуць разбітыя, а вырашаць пра палітычны лёс Еўропы будзе Англія – у гэтым выпадку Польшча апынулася б ... праціўнікам так для Літвы як і для Беларусі” (У. Радзько).

Перамовы з прадстаўнікамі літоўскіх эмігранцкіх цэнтраў у кастрычніку 1944 года вёў асабіста Астроўскі, а з латышскімі нацыяналістамі ў канцы 1944 года – пачатку 1945 года – Езавітаў. Аднак названыя перамовы не прывялі да канкрэтных вынікаў.

Спробы карэкціроўкі сваёй далейшай палітыкі з улікам выхаду з гульні Германіі і пераносе ставак на магчымую падтрымку з боку ЗША і Вялікабрытаніі таксама не мелі поспехаў. БЦР скампраметавала сябе супрацоўніцтвам з нацыстамі. Яе месца паспрабавала заняць “адроджаная” Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) на чале з Н. Абрамчыкам, якая была прызнана амерыканскімі акупацыйнымі ўладамі ў Германіі адзіным прадстаўнічым органам беларускай эміграцыі (https://bisr.gov.by/mneniya/mify-proshlogo-vs-istorii-buduschego).

У маі 1945 года група былых курсантаў Дальвітцкай разведвальна-дыверсійнай школы Абвера, набраных выключна з членаў беларускіх калабарацыянісцкіх структур, пад выглядам мірных палякаў прыбыла на чале з Радзько ў Варшаву. У чэрвені адбылася канспіратыўная нарада беларускіх нацыяналістаў. Прысутныя абмяркоўвалі пытанні аб міжнародным становішчы, мэтах і задачах дзейнасці беларускіх нацыяналістаў у новых умовах. У сваім выступе Радзько паказаў, што вайна паміж СССР і яго саюзнікамі непазбежная і ў сувязі з гэтым беларускія нацыяналісты павінны выкарыстоўваць яе для звяржэння савецкай улады і стварэння “беларускай незалежнай дзяржавы”. Захоп улады ў Беларускай ССР меркавалася ажыццявіць без ліквідацыі ўсяго дзяржаўнага апарату, а толькі з заменай найвышэйшага звяна кіраўнікоў. На думку Радзько, так неабходна было зрабіць для таго, каб не выклікаць масавай незадаволенасці жыхароў рэспублікі і захаваць статус БССР як члена ААН.

Пасля нарады Радзько разам з групай былых курсантаў Дальвітцкай школы накіраваўся ў Беласток і перайшоў на нелегальнае становішча. Меркавалася ўсталяваць сувязь з узброенымі групамі з ліку беларускіх калабарацыяністаў, раней перакінутымі германскімі спецслужбамі на тэрыторыю Беларусі, а таксама польскімі падпольнымі фарміраваннямі АК. Пасля гэтага планавалася прыступіць да арганізацыі паўстанцкага руху ў БССР. Але намечаныя планы не ажыццявіліся. У ліпені 1945 года Радзько і ўдзельнікі яго групы былі арыштаваныя.

У верасні 1951 года амерыканская выведка дэсантавала на тэрыторыю Беларусі эмісара Рады БНР, былога ўдзельніка беларускіх узброеных калабарацыянісцкіх фарміраванняў І. Філістовіча. У заданне яму ставіўся не толькі збор шпіёнскіх звестак, але вывучэнне і падбор кадраў будучай акупацыйнай адміністрацыі на выпадак магчымага захопу БССР амерыканскімі войскамі. Прычым у тактычным плане Філістовічу рэкамендавалася даводзіць у рамках агітацыі думку аб тым, што ў выпадку Заходняй акупацыі і наступных дзяржаўна-палітычных пераўтварэнняў змены закрануць толькі кіраўнічыя вярхі рэспублікі. Філістовіч меў на руках пасведчанне, падпісанае Абрамчыкам, якое ў пэўных сітуацыях рэкамендавалася выкарыстоўваць як неабвержны доказ таго, што ён дзейнічае па даручэнні “замежнага беларускага ўрада” і яго “прэзідэнта”. Аднак у верасні 1952 года дзейнасць эмісара Рады БНР была спынена.

У жніўні 1952 г. на тэрыторыю Беларускай ССР была дэсантавана яшчэ адна група з чатырох беларусаў-эмігрантаў, якая прайшла падрыхтоўку ў амерыканскай разведшколе пры непасрэдным удзеле аднаго з кіраўнікоў Рады БНР Б. Рагулі. У заданне групы ўваходзіла задача па зборы выведданых аб палітычным становішчы БССР, аб адносінах насельніцтва да мерапрыемстваў савецкай улады. Як і ў выпадку з Філістовічам, пры правядзенні агітацыі з мэтай прыцягнення ў свае шэрагі новых удзельнікаў шпіёны павінны былі акцэнтаваць увагу на магчымасць хуткай вайны паміж ЗША і СССР, у выніку якой Беларусь будзе акупавана. Разам з тым неабходна было асабліва адзначаць, што ў ходзе наступнай дзяржаўнай перабудовы рэспублікі яе міжнародны статус як члена ААН будзе захаваны.

Аднак планы не былі рэалізаваны. У верасні 1952 шпіёнская група была нейтралізавана. Гэта была апошняя спроба Рады БНР аб’яднаць разрозненыя сілы антысавецкага падполля на тэрыторыі Беларусі для барацьбы за “беларускую незалежную дзяржаву”.

Прыведзеныя прыклады сведчаць аб тым, што асноўным з фактараў, што сарвалі планы падпольных антысавецкіх структур па дзяржаўна-тэрытарыяльным пераўладкаванні Беларускай ССР у час Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ў пасляваенны перыяд, стала ўступленне рэспублікі ў ААН у якасці адной з дзяржаў-заснавальнікаў. Разгром нацысцкай Германіі таксама ў значнай ступені паўплываў на названы працэс, але не быў вызначальным у дадзеным кантэксце, паколькі яшчэ на заключным этапе вайны беларускія калабарацыяністы распачалі меры па пераарыентацыі сваіх інтарэсаў з нацысцкай Германіі на ЗША і Вялікабрытанію. У кантэксце “халоднай вайны”, якая разгарнулася практычна адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, антысавецкія падпольныя структуры, якія дзейнічалі раней у інтарэсах германскіх акупацыйных улад, у новых знешнепалітычных умовах сталі актыўна выкарыстоўвацца заходнімі саюзнікамі як фактар дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай абстаноўкі ў Савецкім Саюзе.

У якасці альтэрнатывы Беларускай ССР прадстаўнікі падпольных антысавецкіх структур маглі прапанаваць толькі новую палітычную аснову дзяржаўнасці “дэмакратычную”, “антысталінскую”. Аднак рэалізаваць альтэрнатыўную беларускую дзяржаўнасць прапаноўвалася ў лепшым выпадку ў межах вельмі зрэзанай “вузкай палосачкі” беларускай зямлі вакол Мінска, заціснутай паміж тэрыторыямі, на якія прэтэндавалі польскія, украінскія і прыбалтыйскія падпольныя антысавецкія структуры. Яшчэ адным “альтэрнатыўным” варыянтам магла стаць унія паміж беларускімі і польскімі нацыяналістамі, а таксама “прыбалтыйскі блок”. Уяўленняў аб Беларусі як краіне-заснавальніцы ААН, чые тэрытарыяльныя межы будуць гарантаваныя не толькі кіраўніцтвам СССР, але і такой аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй, не было нават у думках.

У выніку падпісанне Беларуссю Статута ААН і далейшае ўступленне ў гэтую арганізацыю стала не толькі безумоўна знакавым знешнепалітычным дасягненнем Беларускай ССР, але і фактарам, які стрымлівае апетыты непрымірымых апанентаў. БЦР, Рада БНР і іншыя выразнікі інтарэсаў змагароў за “беларускую незалежную дзяржаву” маглі пра гэта толькі марыць і працягваюць рабіць гэта дагэтуль.