Мінск /Кар. БЕЛТА/. БІСД пад кіраўніцтвам новага дырэктара Андрэя Кунцэвіча арыентаваны менавіта на правядзенне стратэгічных даследаванняў, адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў, прадстаўляючы калектыву новага кіраўніка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Уладзімір Пярцоў нагадаў, што кіраўнік дзяржавы арыентаваў БІСД на канцэнтрацыю менавіта на стратэгічных даследаваннях. Адзначана неабходнасць больш шчыльнага і цеснага выбудоўвання работы са структурамі Адміністрацыі Прэзідэнта, у тым ліку з прэс-службай кіраўніка дзяржавы.
«Мы маем патрэбу ў сур’ёзных аналітычных дакументах, якія павінны змяшчаць стратэгічны кампанент і прадугледжваць пэўныя напрамкі для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў тымі дзяржаўнымі служачымі, якім гэтыя дакументы адрасаваны», — сказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

За апошні час БІСД, паводле яго слоў, праведзена каласальная работа, у тым ліку над нядаўна апублікаваным для шырокай грамадскасці сацыялагічным даследаваннем, вынікі якога далі магчымасць аб’ектыўна вымераць настроі людзей па розных напрамках.
«У тым ліку зразумець у палітычна спакойны перыяд, у якім мы цяпер знаходзімся, нягледзячы на знешнюю электрызацыю каля нашых граніц, што хвалюе людзей і наколькі адрозніваецца іх светаадчуванне ў розных рэгіёнах Беларусі», — адзначыў Уладзімір Пярцоў.
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ўказаў на важнасць міжнароднай дзейнасці — экспертнай дыпламатыі. Паводле яго слоў, варта звярнуць увагу на мерапрыемствы, у якіх бяруць удзел прадстаўнікі БІСД.


«Выбраць тыя стратэгічныя, дзе мы можам не толькі сябе паказаць, але і карыснае пачарпнуць, прывезці сюды, падзяліцца тэндэнцыямі, у тым ліку глабальнымі разважаннямі, якімі жывуць калегі з іншых дзяржаў, у першую чаргу глабальных лідараў свету», — сказаў Уладзімір Пярцоў.
Таксама звернута ўвага на ўнутраны парадак дня.
У каментарыі журналістам новы кіраўнік БІСД Андрэй Кунцэвіч адзначыў, што інстытут за сем гадоў сваёй работы стаў прыкметнай пляцоўкай, якая аб’ядноўвае вядучых аналітыкаў, экспертаў у самых розных галінах.
«І, як падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы, важна не стаяць на месцы. Неабходны рух наперад, неабходна дынаміка ў развіцці. А значыць, трэба павышаць якасць нашых аналітычных матэрыялаў, якія кладуцца ў аснову прыняцця найважнейшых дзяржаўных рашэнняў», — сказаў ён.

Асобную ўвагу, паводле слоў дырэктара БІСД, варта ўдзяліць умацаванню кадравага складу інстытута, узмацненню яго медыйнай вагі, развіццю міжнародных кантактаў з пашырэннем тых магчымасцей, якія дае экспертная дыпламатыя ў інтарэсах беларускай дзяржавы.
«Пры гэтым ключавыя задачы БІСД як беларускай фабрыкі думкі застаюцца, па сутнасці, нязменнымі: гэта аператыўная, аб’ектыўная аналітыка, глыбокая экспертыза і якаснае прагназаванне тых грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў, якія адбываюцца ў нашай краіне і на яе знешнім контуры», — сказаў Андрэй Кунцэвіч.

Што датычыцца рэгіянальных аддзяленняў БІСД, ён адзначыў, што трэба будзе прадметна прааналізаваць эфектыўнасць іх работы, падумаць, чым яны могуць быць карысныя ў плане рэалізацыі тых задач, якія сёння стаяць перад органамі дзяржаўнага кіравання.
Крыніца: БЕЛТА
Фота Крысціны Аксёнавай