27 красавіка, Масква /Эдуард Півавар — БЕЛТА/. Дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Алег Макараў 27 красавіка на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Контуры новай архітэктуры калектыўнай бяспекі: актуальныя пытанні інфармацыйна-аналітычнага партнёрства АДКБ” распавёў аб тым, як рэалізуецца ініцыятыва Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб узмацненні аналітычнага складніку ў АДКБ.
“Прэзідэнт Беларусі падчас старшынства Беларусі ў АДКБ у 2022 годзе ўнёс прапанову аб павышэнні ролі ўзаемадзеяння аналітычных падраздзяленняў. З гэтага часу праведзена вялікая праца,” — канстатаваў Алег Макараў.
Паводле яго слоў, у аналітычных структур краін АДКБ атрымалася наладзіць вельмі сур’ёзныя гарызантальныя сувязі. Пры гэтым, заўважыў ён, сінэргіі ў тым выглядзе, якога хацелася, пакуль дасягнуць не ўдалося.
“Паводле нашых назіранняў, аніводная міжнародная арганізацыя не ўмее на сённяшні дзень эфектыўна выкарыстоўваць нацыянальныя сістэмы аналітыкі ў інтарэсах міжнароднай арганізацыі. У якасці, напэўна, такога найбольш перадавога вопыту хацеў бы прывесці вопыт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва,” — сказаў дырэктар БІСД.
“Што ж мы маем на сённяшні дзень? Па-першае, мы ўсе маем уласныя развітыя аналітычныя школы. У кагосьці яны фармалізаваны, у кагосьці не. Я кажу зараз пра дзяржавы-члены АДКБ. Што ж тычыцца фармату ўзаемадзеяння на сённяшні дзень, яшчэ раз хачу сказаць аб тым, што такога глабальнага фармату, які можна было б узяць зараз за аснову, мы не бачым, але ў нас ёсць сістэмныя кантакты, гарызантальныя,” — працягнуў ён.
На думку Алега Макарава, для ўмацавання аналітычнага складніку АДКБ неабходна зрабіць некалькі крокаў.
“Гэта крок, які звязаны з кіраваннем інфармацыяй. Нам патрэбна аб’яднанне інфармацыйных плыняў. Нам патрэбна агульнае вылучэнне ключавых тэндэнцый і агульны механізм давядзення неабходных звестак да асоб, якія прымаюць рашэнні,” — адзначыў ён.
“Нам трэба кіраванне ведамі, трэба ствараць адукацыйныя структуры ў сферы аналітыкі — аналітыка паціху ператвараецца ў галіну. І, можа быць, на наш жаль, яна адлучаецца ад навукі, яна адлучаецца ад сродкаў масавай інфармацыі, яна адлучаецца ад іншых структур і ператвараецца ўсё больш і больш на матэматыку, ператвараецца ўсё больш і больш на тэхналогію і менш на гуманітарныя веды. У сувязі з гэтым патрэбныя школы падрыхтоўкі спецыялістаў, пажадана, каб гэтыя школы былі міжнароднымі,” — назваў другі складнік дырэктар БІСД.
“Ну і, вядома, патрэбная падтрымка і каардынацыя для таго, каб забяспечыць аналітычнае суправаджэнне дзяржаўных органаў у працэсе планавання і ў выпрацоўцы прыняцця рашэнняў. Такім чынам, формулай поспеху ў гэтай сферы мы бачым баланс паміж навукова-аналітычнай дзейнасцю і актыўнай публічнай пазіцыяй. Гэта значыць, мы гаворым аб тым, што аналітыка павінна быць не толькі закрытай, але і адкрытай таксама. Патрэбны баланс паміж давядзеннем да грамадства вынікаў і закрытай аналітыкай, якая даецца напрамую асобам, што прымаюць рашэнне,” — пазначыў трэці складнік Алег Макараў.
Крыніца: БЕЛТА