• Срд. Каст 28, 2026

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (БІСД) з’яўляецца “фабрыкай думкі”, зацверджанай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 12 лютага 2019 года

Навучыць ствараць. Якія прафесіяналы патрэбныя інавацыйнай эканоміцы

Здольныя пабачыць праблему, прапанаваць вырашэнне і давесці яго да выніку: якія прафесіяналы патрэбны інавацыйнай эканоміцы

Айчынная сістэма адукацыі працягвае развівацца, і важным арыентырам на гэтым шляху была нарада па пытаннях стварэння адукацыйнага цэнтра аб падрыхтоуцы кадраў перспектыўных напрамкаў, якая адбылася сёлета ў студні. На ёй Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вызначыў: “Адна з найважнейшых задач для краіны сёння (магчыма што і найгалаўнейшая задача) — гэта мадэрнізацыя эканомікі на інавацыйнай аснове.”

Молодежь

Быць даследчыкамі

Сапраўды, укараненне інавацый — ключавы рухавік эканамічнай мадэрнізацыі. Менавіта інавацыі здольныя даць эканоміцы якасны рывок: новыя тэхналогіі павышаюць прадукцыйнасць працы, зніжаюць сабекошт прадукцыі, адкрываюць экспартныя нішы і ствараюць цэлыя галіны, якіх раней не існавала. Напрыклад, з’яўленне iPhone у 2007 годзе стварыла шмат індустрыі на сотні мільярдаў долараў, ад мабільных аплікацый і анлайн-банкінгу да Uber і дастаўкі ежы.

Але інавацыі не ўзнікаюць у вакууме, іх ствараюць людзі. І менавіта адукацыя з’яўляецца тым звяном, без якога ўвесь ланцужок мадэрнізацыі рассыпаецца: можна прыцягнуць інвестыцыі, выбудаваць інфраструктуру, але калі няма каму генераваць ідэі, распрацоўваць прадукты і ўкараняць рашэнні, эканамічны рывок застанецца на паперы. Вось красамоўны прыклад Паўднёвай Карэі: краіна зрабіла стаўку на адукацыю і за адно пакаленне прайшла шлях ад экспарту парыкоў з чалавечых валасоў — адной з галоўных сфер валютнага заробку ў 1960-х — да сусветнага лідарства ў вытворчасці паўправаднікоў і смартфонаў.

Інавацыя па сваёй прыродзе — гэта не проста вынаходства, а здольнасць убачыць праблему, прапанаваць нестандартнае рашэнне і давесці яго да рэальнага прадукту. Адпаведна, ад сістэмы адукацыі патрабуецца не перадача гатовых ведаў, а фармаванне ў вучняў даследчых навыкаў і крытычнага мыслення, крэатыўнасці, умення фармуляваць праблемы і працаваць у камандзе.

Наколькі вынікова сёння сістэма адукацыі фарміруе гэтыя якасці? Тым больш што сама яна сутыкаецца з сур’ёзным выклікам: сучасныя тэхналогіі правяраюць на трываласць яе ключавыя кампаненты: падачу матэрыялу на ўроку, дамашнія заданні і іспыт як форму кантролю.

На ўроку настаўнік вымушаны змагацца за ўвагу вучня. Па-за школай вучань максімальна пагружаны ў лічбавае асяроддзе, і яго мозг абвыкае да хуткага і прывабнага кантэнту. Якія намаганні неабходна прыкласці, каб зацікавіць вучня ў цяперашніх умовах? Па сутнасці, настаўнік з мелам і падручнікам павінен канкурыраваць з алгарытмамі, на распрацоўку якіх патрачаны мільярды долараў.

Дамашняе заданне, якое павінна служыць замацаванню ведаў, ператварылася ў рытуал перапісвання. Як бацька дваіх школьнікаў, які часам правярае дамашку, аўтар пазнаёміўся з цэлай «індустрыяй гатовых адказаў»: сайты з вырашаным дамашнім заданнем па ўсіх прадметах, каналы ў Telegram і TikTok з такім жа кантэнтам і, вядома ж, штучны інтэлект, які адразу выдасць гатовае рашэнне. Вучань проста перапісвае яго ў сшытак, нават не ўнікаючы ў сэнс. Праблема настолькі вострая, што ў нашых суседзяў у Расіі ў красавіку 2026 года на ўзроўні профільнага ведамства публічна прагучала: дамашнія заданні ў цяперашнім выглядзе страцілі адукацыйны сэнс — ШІ вырашае задачу хутчэй, чым вучань адкрывае сшытак. А брытанскае апытанне настаўнікаў, апублікаванае ў мінулым месяцы, паказала і вымераныя наступствы: дзве траціны педагогаў фіксуюць у школьнікаў зніжэнне пісьменнасці і страту ключавых навыкаў — мыслення, умення пісаць і весці гутарку.

Экзамены ў вышэйшай школе, якія павінны пацвярджаць веды, сёння правяраюць толькі здольнасць абысці кантроль выкладчыка. Пры падрыхтоўцы артыкула аўтар паразмаўляў з некаторымі студэнтамі. Выбарка, вядома, не рэпрэзентатыўная, але ўсё роўна. Апынулася так, што шмат сучасных студэнтаў здаюць іспыты з мікранавушнікамі, якія практычна незаўважныя, але дазваляюць надыктоўваць гатовыя адказы.

Наколькі, у прынцыпе, эфектыўныя тэарэтычныя іспыты ў стагоддзе залішку інфармацыі? Калі любы факт, формулу ці вызначэнне можна знайсці за секунды, праверка запамінання губляе сэнс. Аўтар прысутнічаў на іспыце, дзе слухачы, у тым ліку кіраўнікі рознага ўзроўню, нязграбна спісвалі з тэлефона. Як член экзаменацыйнай камісіі, адчувая іспанскі сорам, раздзіраўся паміж неабходнасцю зрабіць заўвагу і павагай да статуту і прафесійнаму досведу слухачоў.

Пытанне не ў тым, ці пускаць тэхналогіі ў школу — яны ўжо там. Пытанне ў тым, як выкарыстоўваць іх максімальна эфектыўна для ўдасканалення самой школы.

Прызнаюся сумленна: пры падрыхтоўцы гэтага артыкула аўтар і сам актыўна працаваў з ШІ — і, здаецца, гэта ўжо адказ.

Ад прайгравання да стварэння

Што, калі новыя тэхналогіі — гэта не праблема, а акно магчымасцяў для пераходу да мадэлі, якую і патрабуе інавацыйная эканоміка? На ўроку ШІ працуе на кожнага вучня асобна: паўторна тлумачыць матэрыял тым, хто не зразумеў з першага разу, падбірае задачы па сілах, імгненна правярае адказы. Настаўнік робіць тое, што машыне не пад сілу: ставіць задачу, вядзе жывы разбор, бачыць вучня як чалавека.

Дамашняе заданне перастае быць перапісваннем гатовага рашэння. Вучань атрымлівае задачу, у якой няма гатовага адказу ў сетцы, і выкарыстоўвае ШІ як інструмент, каб праверыць гіпотэзу, разабраць прыклад, знайсці крыніцу. Ацэньваецца не адказ, а ход думкі.

Іспыт перастае быць адказам па білеце і становіцца абаронай уласнай працы — праекту, даследавання, прататыпа. Спісаць немагчыма: камісія пытаецца па сутнасці, і студэнт павінен ведаць сваю працу знутры. Гэта і ёсць пераход ад прайгравання да стварэння. Краіны, якія зробяць гэты пераход першымі, атрымаюць пакаленне, якое працуе з ШІ як з інструментам, а не спісвае з яго дапамогай.

Прэзідэнт Беларусі вызначыў наш цяперашні час як час канкрэтных спраў. Гэты тэзіс у поўнай меры прымяняецца і да сістэмы адукацыі. Нараўне з фундаментальнымі ведамі, якія традыцыйна з’яўляюцца моцнай рысай айчыннай школы, інавацыйнай эканоміцы ўсё больш патрэбны людзі канкрэтнай справы, якія здольны ўбачыць праблему, прапанаваць рашэнне і давесці яго да выніку. Важна дапоўніць адукацыю так, каб яна фармавала і гэтыя якасці.

Дужы фундамент для гэтага ўжо створаны. Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, заснаваны ўказам Прэзідэнта ў 2019 годзе, працуе са школьнікамі па 15 напрамках — ад робататэхнікі да авіякасмічных тэхналогій. У кастрычніку 2025 года Прэзідэнт адкрыў Мінскі гарадскі Цэнтр тэхнічнай творчасці — гэта 18 лабараторый на плошчы больш за 7 тысяч квадратных метраў. У школах працуюць інжынерныя класы пры найбуйнейшых прадпрыемствах. Праект “100 ідэй для Беларусі” выводзіць лепшыя маладзёжныя распрацоўкі на нацыянальны ўзровень, а маладзёжны аналітычны рух “Будучыня Беларусі” пры Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў вучыць маладых людзей даследаваць рэальныя праблемы і прапаноўваць рашэнні.

Усё гэта — працуючыя элементы сістэмы. Задача бліжэйшых гадоў — зрабіць іх здабыткам не асобных талентаў, а кожнага школьніка ў кожным раёне. Для гэтага патрэбныя падрыхтаваныя настаўнікі новага тыпу, рэальны звязак школы з прадпрыемствамі, гатоўнасць ацэньваць вучня не па тым, што ён запомніў, а па тым, што ён здольны зрабіць. Інжынерная вертыкаль у краіне ўжо выбудавана, і важна дапоўніць яе развіццём прадпрымальнасці ў вучняў, каб школьны праект мог стаць не толькі конкурснай працай, але і пачаткам сваёй справы. “Той, хто ўласнымі рукамі будуе, ніколі не будзе разбураць,” — сказаў Прэзідэнт у снежні 2024 года на злёце студэнцкіх атрадаў. Школа, якая вучыць ствараць сваімі рукамі, сваёй галавой, сваёй ініцыятывай, і ёсць тая школа, якая патрэбна ў часы канкрэтных спраў.

Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь
Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь
Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
×