Даведаліся, што чакае іх праз некалькі гадоў і што дапаможа рухацца наперад.

Мінск і абласныя цэнтры, як і раней, працягваюць прывабліваць людзей з рэгіёнаў.
Але што пры такім раскладзе чакае малыя гарады праз дзесяць-дваццаць гадоў? Ці не пачнуць яны паступова знікаць з карты краіны?
Tochka.by паразмаўляла аб гэтым з аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Ірынай Русак.
І адначасова даведаліся, што можа даць невялікім населеным пунктам новы імпульс для развіцця.
Ці паўтораць яны лёс вёсак
Эксперт не адмаўляе, што ўрбанізацыя ўжо значна змяніла Беларусь. Калі на пачатку 1960-х каля 70% насельніцтва жылі ў сельскай мясцовасці, тады зараз — толькі троху больш за 20%.
Але гэта зусім не азначае, што малыя гарады чакае такі жа лёс, што і вёскі.

Калі казаць пра населеныя пункты з колькасцю жыхароў прыкладна ад 3 да 20 тысяч чалавек, то яны і праз дзесяць гадоў працягнуць існаваць, нягледзячы нават на ад’езд людзей у сталіцу і іншыя буйныя гарады.
«Малыя гарады не могуць і не павінны канкураваць з Мінскам па маштабе рынку працы, канцэнтрацыі ўніверсітэтаў, структур дзяржаўнага кіравання ці разнастайнасці паслуг,» — падкрэслівае суразмоўніца.
Па меркаванні эксперткі, іх канкурэнтаздольнасць будуецца на іншым.
Чым вабяць малыя гарады
Як адзначае Ірына Русак, пераваг там хапае: павольны рытм, блізкасць прыроды, даступнейшае жыллё і меньшыя паўсядзённыя расходы.
У дадатак некаторыя з гэтых плюсаў з часам могуць стаць толькі больш вагавітымі. Даследаванні і сацапытанні паказваюць, што запыты саміх беларусаў змяняюцца.
“Моладзь усё больш шануе экалагічнасць і магчымасць працаваць аддалена. У людзей сярэдняга ўзросту таксама з’яўляецца зацікаўленасць у размеранейшым жыцці, без мітусні буйных гарадоў,” — кажа эксперт.
Акрамя таго, усё болей беларусаў хочуць жыць ва ўласным доме, а не ў кватэры. У малых гарадах, дзе шмат аднапавярховага забудавання з зямельнымі ўчасткамі, рэалізаваць такое жаданне прасцей.
Што патрэбна для роста
Прывабнасць малых гарадоў шмат у чым залежыць ад наяўнасці працы, добрай інфраструктуры, у тым ліку лічбавай, і даступнасці неабходных паслуг.
Плюсам могуць быць блізкія буйныя трасы: жыхары такіх населеных пунктаў могуць ездзіць на працу ў абласны цэнтр ці ў сталіцу.
Для сем’яў з дзецьмі асабліва важныя якасныя медыцына і адукацыя, а для прадпрымальнікаў — умовы для развіцця бізнэсу. Мае значэнне і тое, наколькі эфектыўна працуюць мясцовыя ўлады.
“А ў сучасны момант з’яўляецца і новы напрамак — здольнасць горада знайсці ўласную спецыялізацыю,” — адзначае Ірына Русак.
Як адшукаць сваю нішу
Па словах спецыялісткі па аналітыцы, універсальнага рэцэпта для малых гарадоў няма. Кожны можа мець свае моцныя рысы, здольныя падштурхнуць да развіцця.
“Нясвіж можа абапірацца на гісторыка-культурную спадчыну, развіваць турызм і сферу паслуг. Падобны патэнцыял ёсць і ў Навагрудка: гістарычныя аб’екты, фестывалі і інфраструктура дазваляюць стварыць тут турыстычны кластэр,” — прыводзіць прыклады экспертка.

Свае пункты росту ёсць і ў Пастаў, Мёраў, Клімавічаў і Карэлічаў. Там стаўку можна рабіць на падзейны турызм — перад усім на мясцовыя фестывалі.
Камянец, Браслаў, Верхнядзвінска, Іўя і Воранава маюць іншыя козыры. У залежнасці ад горада гэта культурная спадчына, прыродныя магчымасці ці прыгранічнае размяшчэнне.
“Варта ўзгадаць і монагарады, якія залежаць ад градаўтваральнага прадпрыемства. У Беларусі гэта, напрыклад, Астравец, які ўжо паказаў, як значны праект можа даць невялікаму гораду моцны імпульс і відавочна змяніць яго наступнае развіццё,” — адзначае Русак.
Яшчэ адзін магчымы сцэнарый — з’яўленне невялікіх гарадоў-спадарожнікаў побач з буйнейшымі цэнтрамі. І акрамя таго, яны могуць мець розную спецыялізацыю.
Крыніца: ТОЧКА